Детская молочная кухня в Островце работала до 2009 года

18:00 / 27.04.2024


Молочная кухня  в Островце

Прапануем вам, паважаныя чытачы, завочную экс­курсію па астравецкіх вуліцах. Тое, што сёння бу­дуец­ца, адкрыта, працуе вы можаце ўбачыць, пра­гу­ляў­шыся па горадзе. У гэтым артыкуле мы перанясёмся ў мінулае Астраў­ца і ўзгадаем некаторыя яго аб’екты, якіх ужо няма. А дапамаглі нам у гэтым мясцовыя жыхары.

Пра дзіцячую малочную кухню раённай бальніцы расказала Наталля Казлоўская, якая адпраца­вала там чвэрць веку.



Козловская Наталья, бывший работник молочной кухни

Гэты будынак на завулку Кастрычніцкім стаіць і сёння, праўда, выгляд крыху змяніў. Калі спытаць у старажылаў, дзе была малочная кухня, пачуеце: гэты дом па суседстве з аэрадромаўскім знаходзіцца. 

– У тым доме, куды перасялілі кухню, спярша была бальнічная бухгалтэрыя, потым ім узвялі будынак ля паліклінікі, а ў старым зрабілі «малочку».

Нас там працавала ўсяго 2 работнікі – я ды Галя Грыгель, хадзілі з напарніцай пазменна: два праз два дні. Усё рабілі самі: былі і за справавода, і за повара, і за раздатчыка, і за стэрылізатара, і за грузчыка, і за качагара, і за прыбіральшчыка… – нялёгка даводзілася, але ўсё паспявалі. (Усміхаецца.) 

Чатыры раніцы, а ты ўжо на месцы: трэба ж печкі распаліць. А потым выпраўляліся па малако на ферму, ездзілі за ім на машыне «хуткай дапамогі» ў Слабодку. Самі і загружалі, і разгружалі 40-літровыя біклагі – да 10 штук бралі, мала свае, дык яшчэ і харчблокаўскія трэба было забраць. Добра, вадзіцелі заўсёды падсаблялі.
Калі малако дастаўлена на месца, пачыналася яго апрацоўка і «фасоўка»: пракіпяціць, паразліваць па бутэлечках згодна з заяўкамі (па 30, 50, 70, 100, 200 грамаў…) і закупорыць непрамакальнай паперай. Апрацоўвалі малако на пліце ў вялікіх каструлях, а пазней для кухні закупілі спецыяльный кацёл для кіпячэння. Да слова, мы і кашкі ўсялякія рабілі: і манную, і грэчневую, і рысавую – адварыш крупы да поўнай гатоўнасці, а тады адкідаеш на друшляк ці на нацягнутую на каструлю марлю і праціраеш іх у малако. Кашу рабілі вызначанай кансістэнцыі, яна ранжыравалася па працэнтнасці: 3%, 5% ... – немаўляткам радзейшая, старэйшым – гусцейшая. Пазней сумесі для кармлення сталі рабіць – з гатовых парашкоў, у асноўным гэта былі «Малыш», «Малютка»…  Нават пячэнне выдавалі, яго са склада атрымлівалі.

Бывшее здание островецкой молочной кухни, современный вид

Асобна размяшчалася памяшканне для стэрылі­зацыі тары і пакой выдачы гатовага харчавання.

Рабілі і тваражкі, калі аддзяленні давалі такі заказ, праўда, гэта адбывалася нячаста, толькі калі мелі закваску – яе прывозілі з Гродна. 
Прыходзілі за малаком і бацькі немаўлятак – атрымлівалі яго бясплатна, па рэцэпце, выпісаным участковым педыятрам. Разлівалі малако ў слоікі.
Спярша малочнае харчаванне на бальнічныя аддзя­ленні разносілі работнікі кухні. Саставім у пялёнкі патрэбную колькасць бутэлечак, звяжам – і пайшлі раздаваць. А пасля гэта зрабілі абавязкам санітарачак аддзяленняў, якія забіралі падрыхтаваныя «вузельчыкі». Стабільна абслугоўвалі радзільнае, дзіцячае аддзяленні, заказвалі малако і іншыя – для малышоў, якія трапілі на лячэнне. 

Закончыш раздачу, сабярэш тару – і нясеш яе на апрацоўку: усё павінна быць вымыта – не машынай, а ўручную, пастэрызавана і высушана да раніцы.
Калі дзіцячае харчаванне стала з’яўляцца ў магазінах, работы ў нас паступова змяншалася. Так, замест 10 біклаг малака толькі 2 перапрацоўвалі, бо паступала менш заказаў. Паціху малочная кухня аджывала сваё – і ў выніку яе закрылі. Гэта быў 2009 год. Мяне перавялі ў кардыялагічнае аддзяленне – працавала, як і на «малочцы», санітаркай.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рыта Дрэма, з архіва Т. Драган, музея Астравецкай ЦРКБ.