Экалагічны квэст будуць праводзіць для дзяцей на тэрыторыі лесагадавальніка

18:00 / 18.04.2024


Гадавальнік Астравецкага лясгаса некалькі разоў атрымліваў статус узорнага і ўваходзіў у топ-20 лепшых структурных падраздзяленняў краіны. 

Тут не толькі вырошчваюць пасадачны матэрыял розных парод дрэў і дэкаратыўнага кустоўя, але і клапоцяцца пра выхаванне падрастаючага пакалення. З апошняга – квэст «Юныя эколагі». 

Нагадаю, калі наш горад пачаў павялічвацца і прырастаць новымі мікрараёнамі, давялося на новым месцы закладваць гадавальнік. Крыху больш за 10 гадоў гэты аб’ект разрастаўся, прыгажэў, папаўняўся новымі раслінамі. Цяпер на 12-ці гектарах раскінуліся пасяўное, школьнае аддзяленні, школкі, некалькі вялізных цяпліц, халадзільная камера для захоўвання сеянцаў, арганізаваны магістральны паліў з магчымасцю пераносіць «рукавы» і кропельны… З гэтага сезона лесаводы асвоілі вырошчванне пасадачнага матэрыялу ў спецыяльных скрынях. 

Даглядаць за шматлікімі сеянцамі і саджанцамі спецыялістам і працаўнікам штогод дапамагаюць студатрады, удзельнікі якіх аполваюць пасевы ад пустазелля. 

– Наш лясгас, як і лясніцтвы,  плённа супрацоўнічае з многімі навучальнымі ўстановамі раёна. Заўважыла, што падлеткаў, якія працуюць у нас летам, цікавяць многія пытанні, звязаныя з прыродай. Напрыклад, праз які час пасаджаныя сеянцы і саджанцы можна лічыць лесам, ад чаго залежыць іх прыжываемасць, – расказвае начальнік лесагадавальніка Таццяна Андрушойць. – Так у мяне ўзнікла ідэя на базе нашага аб’екта рэалізаваць адукацыйна-экалагічны праект для  малодшых школьнікаў і падлеткаў. Побач з адміністрацыйным будынкам на пляцоўцы, дзе прадстаўлены розныя віды раслін, якія мы вырошчваем у нашым легасагадавальніку, будзем арганізоваўць квэст «Юныя эколагі» . Пытанні на прыродаахоўчую тэматыку, індывідуальныя і калектыўныя заданні з элементамі гульні – думаю, хлопчыкам і дзяўчынкам абавязкова спадабаецца. А магчыма, хтосьці з іх у будучыні звяжа сваё жыццё з лясной гаспадаркай. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич