Астраўчане расказалі, у колькі гадоў пасадзілі сваё першае дрэва

16:00 / 14.04.2024


У гэтым упэўнены многія жыхары нашага раёна, якія ўсім сэрцам любяць родны край і штогод дапамагаюць лесаводам рабіць яго больш зялёным і прыгожым. 

У гараджан і вяскоўцаў карэспандэнт пацікавіўся, ці ўдзельнічалі яны ў добраахвотнай акцыі «Адновім лясы разам!», а таксама папрасіў узгадаць узрост, у якім яны пасадзілі сваё першае дрэва. 

Таццяна Кучэўская, намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне:


– Не было ніводнага года, каб мы з калегамі прапусцілі гэтую цудоўную акцыю. Лічу, што ў першую чаргу яна патрэбна кожнаму з нас. Па-першае, мы робім добрую справу; па-другое, нішто так не згуртоўвае, як праца на свежым паветры. Ведаю, што не толькі многія працоўныя калектывы раёна, але і школьнікі аднаўляюць лясы. Дачка вучыцца ў 9 класе і з аднакласнікамі некалькі разоў у гэтым годзе была на лесапасадцы. 

Першае дрэва я пасадзіла ў 5 класе. Настаўнікі нам сказалі прынесці любое дрэва – так непадалёк школы ўзнікла алея, якую пазней штогод дапаўнялі. 

Арнольд Пляўга, вучань Варнянскай сярэдняй школы:


– Калі мне было 9 гадоў, бацька ўзяў мяне на пасадку лесу – ён працуе ў Катлоўскім доследным лясніцтве. Да гэтага часу памятаю, што мы садзілі бярозы – і мне гэта спадабалася. Хоць, вядома, з мячом Колесава шчыраваў не я, а тата. (Усміхаецца.)

Некалькі гадоў назад настаўнік геаграфіі Анастасія Аляксандраўна Разу­ванава прапанавала папоўніць шэраг вучняў школьнага лясніцтва «ЛесавічОК». Згадзіўся без роздумаў. За гэты час мы садзілі лес вясной і восенню, пісалі навуковыя работы, удзельнічалі ў абласным злёце школьных лясніцтваў і акцыях прыродаахоўчага накірунку… Сёлета вучні старэйшых класаў нашай школы яшчэ да пачатку аб’яўлення старту акцыі садзілі лес і працягваюць гэта рабіць. Я пакуль у развагах пра будучую прафесію, але ўпэўнены, што атрыманы досвед не зашкодзіць. 

Юлія Глазко, выхавацель Мальскага дзіцячага сада:


– Літаральна з месяц назад узначаліла прафсаюзны камітэт нашай установы. Далучыцца да акцыі па пасадцы дрэў прапанавала наш раённы прафсаюзны лідар адукацыі і навукі Марына Мар’янаўна Кутовіч. Наколькі ведаю, усе згадзіліся – нас не спалохалі ні снег, які напярэдадні накрыў наваколле, ні паніжэнне тэмпературы. Разбіўшыся на пары, дружна і з імпэтам садзілі лес. На наступны дзень у садку з дзеткамі абмеркавалі гэтую тэму. Хлопчыкі і дзяўчынкі па чарзе выказваліся, што такое лес. Гучалі такія словы, як «грыбы», «ягады», «вожыкі». (Усміхаецца.)

Упершыню дрэва пасадзіла пяць гадоў назад з Арцёмам, Кірай і Кірылам у межах акцыі па закладцы парка сямейных дрэў. У той дзень многія астраўчане з дзеткамі падтрымалі ідэю райкама БРСМ. 

Юрый Касцюкевіч, інжынер па ахове і абароне лесу:


– Мяне як спецыяліста лясной галіны радуе, што жыхары нашага раёна ак­тыў­на ўдзельнічаюць у ажыццяўленні многіх ініцыятыў Мінлясгаса. «Адновім лясы разам» – не выключэнне. Асабіста для мяне сёлетняя акцыя была асаб­лі­вай: лес у Варнянскім лясніцтве садзілі прафсаюзныя актывісты. Я працаваў у пары з жонкай. 

Першае дрэва пасадзіў у 2005 годзе калі стаў студэнтам лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива АП и героев