Успамінаем рэлігійныя і народныя велікодныя традыцыі

10:00 / 31.03.2024



Гістарычна склалася, што цесна перапляліся рэлігійныя і народныя традыцыі падрыхтоўкі і святкавання Вялікадня. Давайце ўзгадаем некаторыя з іх. 

Духоўны складнік

Уваскрэсенню Хрыста папя­рэд­нічае Вялікі пост – час унутранай падрыхтоўкі і духоўнага ачы­шчэння. Менавіта ў гэты перыяд у Касцёле ёсць асаблівыя духоўныя практыкаванні: крыжовая дарога, песні жальбы.

Апошні тыдзень перад святам лічыцца Вялікім і распачынае яго Вербная нядзеля. У Вялікі чацвер, які ў народзе называюць чыстым, узгадваем апошнюю вячэру Хрыс­та з вучнямі. У гэты дзень Езус устанавіў два важныя сакрамэнты: святарства і эўхарыстыю. У пят­ніцу Хрыстос памёр на крыжы. Гэта адзіны дзень, калі ў касцёле адпраўляецца не імша, а набажэнства: адбываецца адарацыя крыжа, удзяляецца камунія, праходзіць крыжовы шлях. У Вялікую суботу асвячаецца ежа на велікодны стол, а вечарам пачынаецца пасхальная вігілія. Святар асвячае агонь, ад яго запальваецца пасхал – свечка, якая сімвалізуе ўваскрэслага Хрыста. У нядзелю адбываецца велікодная ўрачыстая імша. 

Яйкі


Бадай што ў кожнага з нас Вя­лікдзень асацыіруецца з фарба­ванымі яйкамі, асабліва чырвонымі. Па легендзе на трэці дзень пасля ўкрыжавання Езуса першае велікоднае яйка святая Марыя Магдалена прынесла рымскаму імператару. Звярнуўшыся да яго, жанчына ўсклікнула: «Хрыстос увас­крэс!» Той не паверыў і здзекліва прамовіў, што гэта немагчыма і яйка хутчэй пачырванее. Праз ім­гненне яно і сапраўны стала такім. Лічыцца, што чырвоны колер – гэта ўвасабленне пакут Сына Божага.

На Беларусі распаўсюджаны розныя спосабы аздаблення яек: фарбаванкі, маляванкі, крашанкі – пафарбаваныя ў аднатонны колер; пісанкі, васкаванкі – распісаныя пры дапамозе гарачага воску; набіванкі – пафарбаваныя пры дапамозе трафарэту. 

Дарэчы, сапоцкінскія васкаванкі аднесены да нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны, а ў самім Сапоцкіне Гродзенскай вобласці сабрана каля паўтысячы розных васкаванак. 

Даўней на Астравеччыне, каб надаць яйку асаблівае адценне, жанчыны выкарыстоўвалі не толькі натуральныя фарбавальнікі, але і фарбу для нітак. Найбольш пашыраным спосабам было фарбаванне яек у адвары цыбулевага шалупіння. Пасля іх астывання ў далонях расціралі некалькі кропель алею і змазвалі для бляску скарлупінне.

Што павінна быць у велікодным кошыку


Звычайна ў кошык кладуць чырвоныя яйкі, соль, хлеб, вяндліну ці іншае мяса, хрэн, сыр ці сметанковае масла, булку, ваду. Часам можна заўважыць і фігуркі ягняці з харугвай – сімвал радасці ад перамогі жыцця над смерцю і пераадолення граху.

У вялікіх парафіях стравы звычайна асвячаюць некалькі разоў на дзень. Ёсць практыка, у тым ліку і на Астравеччыне, калі святар аб’язджае кожную вёсачку, нават калі ў ёй некалькі жыхароў, таму што не ва ўсіх ёсць магчымасць даехаць у касцёл. 

Маленькія жачкі

Пасля вяртання са службы старэйшых усе сядалі за велікодны стол. Але папярэдне дзеці павінны памыцца вадой, у якую было апу­шчана асвечанае чырвонае яйка, – лічылася, што гэта засцеражэ ад хвароб. Сняданне пачыналі са свянцонкі. Разгавеўшыся, дарослыя збіраліся ў валачобныя гурты, якія хадзілі па хатах, віншавалі людзей і спявалі «Алелюя!». Потым выносілі адзін ці некалькі сталоў, лавы, даставалі і раскладалі ўсе назбіраныя прысмакі. 

Дзеці звычайна хадзілі ў жакі з плеценымі кошыкамі. Спецыяльна да свята развучвалі вершы, песні. Былі, канешне, святочныя він­шаванні, такія, як, напрыклад, у адной з вёсак Астравеччыны:

«Езус Хрыстус уваскрос

І святло з сабой прынёс. 

Я жадаю дабрыні

Для ўсёй вашай сям’і. 

Да нашага часу дайшлі і жар­тоў­ныя вершы, якія, думаецца, дзеля смеху гучалі толькі ў хаце:

Я маленькі жачок,

Паўзу, як жучок.

Дай, баба, кока,

А не то выкалю вока. 

Святкаванне Уваскрэсення Хрыс­та немагчыма ўявіць без велі­кодных гульняў. Шырока вядомая забаўка – качанне яек. Для гэтага ўмацоўвалі пад нахілам дошчачку ці шыфер, а потым гульцы дамаўляліся пра чарговасць качання. Унізе кожны клаў па яйку, а потым па чарзе таксама спускалі па «горцы» яйкі. Усе закранутыя даставаліся гаспадару яйка, якое іх «выбіла», – астатнія заставаліся ляжаць да наступнай партыі. Пераможцам лічыўся той, хто назбірае найбольш яек. 

І дзеці, і дарослыя любілі біткі. Прыдумвалі розныя спосабы, як лепш «палупцаваць» чужое яйка. Некаторыя нават ішлі на хітрыкі: папярэдне выдзьмутае яйка запаўнялі воскам ці іншым рэчывам, якія пасля астывання цвярдзелі. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из интернета