“Азарычы”: хроніка страшных дзён

13:00 / 18.03.2024


Азарычскія лагеры смерці – “Азарычы”, “Дзерць”, “Падасіннік” – утвораны фашыстамі ў сакавіку 1944 года. Яны праіснавалі ўсяго 10 дзён і за гэты непрацяглы час забралі дзясяткі тысяч жыццяў: адступаючая армія вермахта зрабіла бактэрыялагічнай зброяй вязняў – іх заразілі тыфам. Вызвалілі людзей войскі 65-й арміі І Беларускага фронту 18-19 сакавіка.

Сведкамі тых страшных дзён былі родзічы астраўчанкі Наталлі Рудзік. Вось што расказала карэспандэнту жанчына пра перажытае яе блізкімі:

– Мае родныя з вёскі Сякерычы Петрыкаўскага раёна – ад Азарычаў яна прыкладна ў кіламетрах 30-ці знаходзіцца.

Бацьку (Юсцін Ігнацьевіч Мышкавец. – Заўв. аўт.) пашанцавала абмінуць гэты лагер смерці – ён туды не дайшоў. Калі ў Сякерычах пачулі, што робяць фашысты, вяскоўцы пачалі ўцякаць у лес. Падалася туды і мая бабуля з трыма дзецьмі. Тату тады 7 гадкоў было, яго сястрычцы Дуні – 5, брату Жэню – 13. Стаялі маразы, бежанцы парабілі невялікія курані – кшталту шалашоў, каб хоць не прадувала і снег на галаву не сыпаў. Аднак пераседзець не ўдалося: холад і голад прымусіў людзей выйсці са схованак і падацца шукаць прытулку ў вёскі, што знаходзілася падалей ад іх Сякерычаў. Бабуля з дзецьмі апынуліся ў Старыне. Мясцовыя прымалі, у адным доме месцілася па 3-4 сям’і. Але неўзабаве там з’явіліся немцы…

Часта татка ўзгадваў гісторыю, як іх калонай вялі ў накірунку Азарычаў. Старыя, дзеці, жанчыны – усе, каго фашыстам удалося злавіць, ішлі не спыняючыся і не азіраючыся, а па абодвух баках – узброеныя салдаты. Калі хто адставаў, тых адразу забівалі. Бабуля несла маленькую Дуню на руках, а бацька з братам беглі следам. У нейкі момант татку пачалі пакідаць сілы, ён апынуўся ў хвасце калоны, разам з ім адстаў і старэнькі дзядок – яго адразу ж расстралялі. Бацька разумеў, што наступным будзе ён. Але ад смерці выратавалі тры цукерачкі-лядзяшкі, якія надалі нейкай неверагоднай сілы, прыўзнялі дух, што ён упрыскок пабег да сваіх. Ужо вечарэла, калі вязняў прывялі да гумна. Іх сагналі туды і зачынілі, мабыць, ноч немцы хацелі перабыць, а ранкам рушыць далей. Ды выйшла па-іншаму: далей таго месца нашы ўжо не пайшлі – іх вызвалілі партызаны.

Родам з Сякерыч і татава стрыечная сястра Вера. Яна прабыла ў лагеры “Азарычы” ўсе 10 дзён. Яе сям’я таксама, як і нашы, хавалася ў лесе, потым шукала паратунку, толькі ў іншай вёсцы – адтуль іх і пагналі ў лагер смерці. Вязняў там заражалі сыпным тыфам. Пра ежу, піццё для вязняў размовы не ішло; казалі, што толькі калі-нікалі праз агароджу ім кідалі боханы хлеба. А сам лагер уяўляў сабой балоцістую тэрыторыю, абнесеную калючым дротам з вышкамі аховы па перыметры. Ні баракаў, ні насцілу ці навесу не было. Снег, мароз – і людзі пад адкрытым небам. Нават уяўляць страшна тыя нячалавечыя ўмовы. Расказвалі, як, ратуючыся ад холаду, здымалі адзенне з памерлых і надзявалі на сябе, як клаліся спаць на трупы, каб не ляжаць на прамерзлай зямлі…

Калі вязняў вызвалілі, у многіх, у тым ліку і цёткі Веры, былі такія апухлыя ногі, што яны не маглі ісці. Маім родзічам да дому было амаль 30 кіламетраў, хвораму гэта шлях нялёгкі… На некалькі дзён, пакуль не акрэплі, яны знайшлі прытулак у вёсцы Вішы ў сям’і праваслаўнага святара – тая хата стаіць і сёння.


Текст: Рита Дремо
Фото: БелТА