Пра этапы вызвалення Беларусі расказвае гісторык Аліна Сянюць

12:00 / 17.03.2024


Зноў і зноў мы звяртаем свае погляды на па­дзеі 80-гадовай даўніны, калі нашы дзяды і прадзеды на шматпакутнай беларускай зямлі набліжалі доўгачаканую Перамогу.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае свята нашай дзяржаўнасці. Важнай вяхой у яе развіцці стаў разгром гітлераўскіх захопнікаў і вызваленне 3 ліпеня 1944 года нашай сталіцы – горада Мінска. 

Уклад Беларусі ў барацьбу з фашысцкай ваеннай машынай агульнапрызнаны ва ўсім свеце. Беларусы першымі прынялі на сябе вераломны ўдар нямецкай арміі. Звыш мільёна чалавек змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай, вялі жорсткую барацьбу на акупаванай ворагам тэрыторыі. За гераізм і мужнасць гораду Мінску прысвоена званне «Горад-герой», Брэсцкай крэпасці – «Крэпасць-герой». Перамога дасталася дарагой цаной. Страты нашай краіны былі беспрэцэдэнтныя і самыя адчувальныя сярод усіх рэспублік. 

Урокі народнага патрыятызму, несмяротныя, ду­хоўна маральныя ідэалы патрыётаў натхняюць новыя пакаленні да любові да роднай зямлі. Можна з упэўненасцю сказаць, што Беларусь выпакутавала суверэнітэт і здабыла сапраўдную дзяржаўную незалежнасць.

Пасля перамогі ў Курскай бітве Чырвоная армія разгарнула стратэгічнае наступленне ад Невеля да Чорнага мора па франтавой лініі працягласцю 2 000 км. На цэнт­ральным участку фронту савецкія войскі працягвалі наступ і выйшлі да ўсходніх раёнаў БССР. 

У асенне-зімовай кампаніі 1943-1944 гг. Стаўка Вярхоў­нага Галоўнакамандавання ставіла мэту разграміць нямецкія войскі ва ўсходніх абласцях БССР і вызваліць Мінск. У кастрычніку-снежні 1943-га савецкія франты на заходнім напрамку паспрабавалі выканаць загад СВГК: разграміць нямецкую групу армій «Цэнтр» і выйсці на ўмоўную лінію. На шэрагу кірункаў наступ скончыўся няўдачай (Аршанская аперацыя), на іншых (Гарадоцкая, Невельская, Гомельска-Рэчыцкая аперацыі) часткова ўдалося нанесці праціўніку лакальнае паражэнне.
Увосень 1943-га пачалося вызваленне Беларусі. 

Часці 13-й арміі Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі 23 верасня 1943 года першы раённы цэнтр Рэспублікі – Камарын. 26 верасня 1943-га войскі 3-й і 50-й армій Бранскага фронту вызвалілі раённы цэнтр Хоцімск Магілёўскай вобласці. Войскі 65-й арміі 27 верасня авалодалі райцэнтрам Церахоўка Гомельскай вобласці. Падаўляючы ўпартае супраціўленне ворага, часці 49-й арміі фарсіравалі Сож, 28 верасня вызвалілі Мсціслаў і выйшлі на раку Проню. У гэты ж дзень чырвоны сцяг узвіўся над райцэнтрамі Касцюковічы і Клімавічы.
29 верасня гітлераўцаў выбілі з Крычава, а 2 кастрыч­ніка – з Дрыбіна.
Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла перад савецкімі войскамі задачу разграміць нямецкую групу армій «Цэнтр» і ачысціць ад акупантаў усю тэрыторыю Беларусі. Для гэтага прыцягвалі войскі трох франтоў: Калінінскага (з 20 кастрычніка 1943-га – 1-шы Прыбалтыйскі), Заходняга і Цэнтральнага (з 20 кастрычніка 1943-га – Беларускі).

16 кастрычніка 1943 года войскі Чырвонай арміі фарсіравалі Днепр і на наступны дзень вызвалілі Лоеў. 18 лістапада вораг быў выгнаны з Рэчыцы, 26 лістапада чырвоны сцяг падняты над Гомелем. 

11 студзеня 1944-га вызвалены Ельскі раён. У апе­рацыі ўдзельнічалі 415-я стралковая дывізія 61-й арміі Беларускага фронту і 37-я ельская партызанская брыгада. 14 студзеня 1944-га войскі Беларускага фронту вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гарады Мазыр і Калінкавічы. 20 студзеня 1944 года – пасёлак Азарычы. У вызваленні ўдзельнічалі 37-я гвардзейская стралковая дывізія 18-га стралковага корпуса 65-й арміі

Беларускага фронту; байцы 101-й Даманавіцкай партызанскай брыгады і іншых падраздзяленняў. 23 сту­дзеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Лельчыцы.

Восенню і зімой 1943-1944 гг. войскі Чырвонай арміі поўнасцю або часткова вызвалілі 36 раёнаў Беларусі, 36 раённых і 2 абласных цэнтры – Гомель і Мазыр. 

Наступ савецкіх войскаў на беларускай зямлі прахо­дзіў ва ўмовах усеагульнай падтрымкі і дапамогі з боку партызан і мірнага насельніцтва рэспублікі.

*Па афіцыйных дадзеных, на тэрыторыі Беларусі фашысцкімі захопнікамі разбурана амаль 80% гарадоў і раённых цэнтраў. 

*З  9 000 000   жыхароў Беларусі загінуў кожны трэці, 380 000  сагналі ў рабства,больш за 800 000  байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі загінулі на фронце.

Текст: Главный администратор
Фото: Звязда, БелТА