Паглядзелі, як пасля рэканструкцыі працуе малочна-таварны комплекс “Кярняны”

19:00 / 06.03.2024


Карэспандэнт «АП» зазірнуў на адзін з самых новых і сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў раёна – МТК «Кярняны», які запусціўся, праўда, не на ўсю магутнасць, напрыканцы мінулага года. 

Побач з аднайменнай фермай з'явіліся два новыя кароўнікі, даільная зала, гіганцкія, у памер футболь­нага поля, тэхна­лагічныя ёмістасці для захоўвання тра­вяністых кармоў. Аб’ём адной – 4 тысячы тон. Уся тэрыторыя заасфальтавана, як і ўчастак дарогі ад канца вёскі да аб’екта. Побач з памяшканнямі «вырасла» вялізная воданапорная вежа, сістэма кіравання якой знаходзіцца ў будынку прахадной.

– Кярнянскі дойны статак дапоўнілі каровамі з малочна-таварнай фермы «Кялёйці», дзе было прывязное ўтрыманне з лінейным даеннем. З памочнікам Тэрэзай Млынкоўскай, можна сказаць, днявалі і начавалі тут, як і астатнія работнікі. Было складана прывучыць жывёлу да дойкі, але ўсё атрымалася. Цяпер працуем пазменна праз дзень, толькі на справаздачы абедзьве выходзім на работу, – расказала начальнік МТК Анастасія Баер. – Пакуль няма заатэхніка-селекцыянера, закрываем гэты накірунак работы. 


Паступова малочны гурт, які ў перспектыве плануюць па­вялічыць да 600-700 галоў, абнаўляецца за кошт высо­ка­ўдойных першацёлак. У апошнія месяцы ў «Кярнянах» было шмат ацёлаў. Адсюль і рост малака. Сярод «гудагайскіх» комплексаў найбольшую прыбаўку сярэднясутачнага надоя за студзень у параўнанні з аналагічным перыя­дам 2023 года атрымалі на МТК «Кярняны» (+ 310 кг).

– Мы яшчэ не выйшлі на запланаваную магутнасць, але ўжо ёсць станоўчыя вынікі. Ад каровы ў сярэднім за суткі доім 27,5 кілаграма. На перапрацоўку адправілі звыш 10 тысяч тон малака таварнасцю 91%, – працягвае гаспадыня кярнянскага комплексу. – Асноўны статак – 450 кароў – размяшчаецца ў двух новых жывёлагадоўчых памяшканнях. У першым кароўніку стаяць каля 305 галоў: першацёлкі, навацельныя каровы з лактацыяй да 90 дзён, высокаўдойныя. У другім – іншыя тэхналагічныя групы. Пры большай загрузцы іх скарэктуем. У памяшканнях старой фермы ўтрымліваюцца сухастойныя і хворыя каровы, цялушкі аднаўлення.

Вясной у «Кярнянах» завершаць будаўніцтва гаспадарчым спосабам прафілакторыя для 170 цялят, а таксама перакрыюць некаторыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Ужо зроблены касметычны рамонт у цэху дарошчвання, усталяваны новыя кармушкі і паільная сістэма з падагрэвам вады. 


– Напачатку хвалявалася, як адбудзецца зліццё двух калектываў, таму што большасць людзей перавялі з фермы «Кялёйці» ў «Кярняны». Дарэмнымі былі перажыванні: людзі знайшлі агульную мову, яны разумеюць, што робяць  адну справу. Ад унёску кожнага залежыць вынік функцыянавання ўсяго нашага аб’екта, – расказала Анастасія. – У асноўнай зале працуе 5 аператараў машыннага даен­ня, адзін з якіх – падменны: Ірына Аляхновіч, Тарэса Баер, Алена Якушчонак, Вольга Урбановіч і Дзмітрый Койра. У цэху раздоя – Алена Бразевіч, Вікторыя Грыгаровіч, Ірэна Юркойць. Апошнія даяркі таксама даглядаюць хворых на масціты і па гінекалагічнай лініі кароў, рагуль перад ацёлам. Яны ж днём дапамагаюць апошнім ацяліцца і выпойваюць малозівам у першую гадзіну пасля нараджэння цяля. Ноччу гэта робяць вартаўнікі. У нас свае ветурач і ветфельчар, тэхнік-асемянатар, цялятніцы, слесары, падганялы, «кармачы» (так называюць жывёлаводаў, якія падсуваюць на сталах сумесь. – Заўв. аўт.) – калектыў вялікі, але дружны.


У «Кярнянах» практыкуецца трохразовая дойка найбольш малочных кароў: перша­цёлак, навацельных і высока­­прадуктыўных. Хворыя на мастыт, нецелі дояцца асобна ў іншай зале. 

Устаноўка вытворчасці «Гео» разлічана на 32 галавы. Тэхна­логія таксама перадавая: вымя ўручную апрацоўваецца толькі перад даеннем, пасля яго ўся працэдура аўтаматызаваная, прычым пасля кожнай каровы. Гэта крыху спрашчае работу даярак, а таксама станоўча ўплывае на якасць малака.

У дзень прыезду ў пары пра­цавалі вопытны аператар машыннага даення Ірына Аляхновіч і малады, але, па ўсім бачна, перспектыўны Дзмітрый Койра. 

Прынята лічыць, што даярства – выключная прэрагатыва жанчын. Але малады мужчына цалкам абвяргае гэты стэрэатып: назіраючы з камп’ютарнай за спрытнымі і зладжанымі рухамі рук Дзмітрыя проста дзіву давалася: так умела, а галоўнае – хутка ў яго атрымлівалася сцэджваць першы струмень, апрацоўваць вымя і прымацоўваць апарат. Пацікавілася ў працаўніка, у чым прафесійны сакрэт. 

– Нічога звышнатуральнага тут няма, проста справа падабаецца. Можна сказаць, на ферме вырас. І бабуля, і маці былі даяркамі ў Рымдзюнах, – расказаў даяр. – Пэўны час працаваў на тамтэйшым малочна-таварным комплексе жывёлаводам. Купілі дом у аграгарадку Варняны, таму з КСУП «Гервяты» перайшоў у «Гудагай». Жонка заатэхнік-селекцыянер, цяпер у дэкрэтным адпачынку. 


Яго напарніца Ірына Аляхновіч аператарам машыннага даення працуе звыш 20-ці гадоў. Па словах жанчыны, умовы, створаныя для работнікаў на комплексе, лепшыя, чым на ферме. 

– Ёсць душавыя, пральныя машыны, пакой для прыёму ежы з усім неабходным. Больш таго, абеды прывозяць за сімвалічныя грошы з кафэ «Эдэм», – расказала перадавая даярка. – Розніца толькі ў тым, што раней у кожнай з нас была свая група. На комп­лексе, як гаворыцца, доім у адзін кацёл. Стараемся, хоць спачатку было нязвыкла.


Уся інфармацыя пра жывёлу – ад нараджэння да асноўных ветэрынарных маніпуляцый  –  уносіцца ў спецыяльную ідэнты­фікацыйную сістэму. Простымі словамі: у кожнай рагулі ёсць электронны пашпарт. Гэта ўніверсальная праграма напрамую звязана з се­лекцыйнымі варотамі, якія ўста­ноўлены з двух бакоў перад уваходам у даільную залу.

– Такая сістэма сарціроўкі кароў зручная ў выкарыстанні. Тую рагулю, якой падаспеў аптымальны час для асемянення, яна не прапусціць на дойку, а перанакіруе да спецыяльнага станка, – патлумачыла Анастасія Баер. – Акрамя гэтага, камп’ютар выдае дні, калі трэба рабіць рэктальнае даследванне каровам і цялушкам аднаўлення.

Не толькі дойка і сістэма сартавання жывёлы ў «Кярнянах» механізаваны, але і кармленне. Як і на астатніх «гудагайскіх» комплексах, тут карыстаюцца камп’ютарнай праграмай «КОРМ», якая напрамую звязана з раздатчыкам. У праграме фіксуецца, колькі і чаго атрымала кожная група, – гэта дазваляе без цяжкасцей уносіць змяненні ў рацыён, а таксама адсочваюць яго на працягу месяца і больш. 

У новых жывёлагадоўчых памяшканнях, дзе стаяць дойныя каровы, сучасныя лёжкі абсталяваны гумовымі дыванкамі. 

– Акрамя гэтага, для падсцілкі выкарыстоўваем пілавінне. Зручна, эканомна, хапае на 10-14 дзён. Два разы на дзень лёжкі чысцяцца ўручную, потым трактар падсувае гной да накапляльніка, які па меры неабходнасці адкачваецца, – расказала Анастасія Баер. 

Пацікавілася ў начальніка комп­лексу планамі на бліжэй­шую будучыню.

– Задача нумар адзін – нарошч­ваць вытворчасць малака. Плануем гэта рабіць за кошт дакамплектацыі дойнага статка цялушкамі сваёй гадоўлі. Таксама ў аснове прадуктыўнасці жывёлы – тэхналогія догляду, збалансаваны кармавы стол. Фактараў шмат. Хоць цяпер ручную працу замянілі механізмы і камп’ютарныя тэхналогіі, у сельскай гаспадарцы, а тым больш у жывёлагадоўлі, шмат што залежыць ад чалавека, – падсумавала жанчына.

У тэму

На МТК «Кярняны», як і на іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты, у межах раённага семінара завіталі кіраў­нікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, ветурачы, эканамісты на чале з першым намеснікам стар­шыні райвыканкама Іванам Карнілам. 

Тут разгледзелі пытанне захаванасці цялят і ўмовы, ад якіх залежыць змяншэнне невытворчага выбыцця жывёлы. Удзельнікам расказалі пра прыс­тасаванні, якія выкарыстоўваюцца для догляду і вырошчвання цялят. Напрыклад, малочнае таксі апошняга пакалення аснашчана спецыяльным пісталетам і аварыйным тормазам. Цялежку пры патрэбе можна спыніць нават пад ухілам. Апошняе мінімізуе рызыку траўматызму на працоўным месцы. Пастэрызатары, размарожвальнікі малозіва, аўтаматычныя мыйкі для вядзерцаў з падагрэвам – айчынныя вытворцы прапануюць дастаткова шырокую лінейку прадукцыі для догляду за цялятамі. З апошняга – сушыльныя боксы для нованароджаных.
Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання падвялі вынікі работы раённай жывёлагадоўлі. 

 Па словах першага намесніка старшыні райсельгасхарчу Вольгі Умрыхінай, у валавай вытворчасці малака за студзень Астравецкі раён паказаў самы высокі тэмп росту  вобласці да аналагічнага перыяду 2023 года: 118,3%. Сярод 17-ці раёнаў Гродзеншчыны мы трывала замацаваліся на 6-й пазіцыі па надоі ад каровы. 

– Безумоўна, у розных сель­гас­прадпрыемстваў розныя фінан­савыя магчымасці для абнаў­лення і мадэрнізацыі матэ­рыяльна-тэхнічнай базы жывёлагадоўчых аб’ектаў. Тым не менш, у сярэднім па раёне за студзень амаль 80% малака адпраўлена на перапрацоўку гатункам экстра, яго таварнасць дасягнула без малога 93%, – расказала Вольга Умрыхіна.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич