Святочны настрой дораць астраўчанам кампазіцыі і фотазоны ад майстроў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў

16:00 / 02.03.2024


Калі астраўчане трапляюць на святочнае мерапрыемст­ва, якое ладзіць раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, на ўваходзе іх заўсёды сустракаюць прыгожыя тэматычныя інсталяцыі, кампазіцыі і фотазоны.

Усё гэта робяць майстры аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Алена Малышава, Аксана Вакуліч, Таццяна Былінская і Ганна Петрык.

– Напярэдадні свята ці мера­прыемст­ва дырэктар ставіць перад намі задачу падрыхтаваць кам­пазіцыю, аформіць сцэну – і мы прымаемся за работу, – расказвае Алена Малышава. – Усё пачынаецца з эскіза, які распрацоўваем разам. Калі прапанова ўзгоднена, ацэньваем, што ў нас ёсць для патрэбнай экспазіцыі і што неабходна зрабіць. 

Ідэі ўпрыгожання нараджаюцца праз мазгавы штурм, штосьці падказвае інтэрнэт – без яго, лічаць майстры, зараз ніхто не абыходзіцца. 

– Заўсёды ідзём ад таго, што маем у запасах, што можам знайсці, як кажуць, побач. Матэрыялы і рэквізіт выкарыстоўваем розныя. Да 23 лютага, напрыклад, неабходна ваенная атрыбутыка: форма, палатка, вогнішча з салдацкім кацялком; да 8 Сакавіка – кветкі, – дзеліцца Аксана Вакуліч. – Вядома, без затрат ніяк: то банар трэба заказаць, то тканіну ці паперу купіць. 

Колькі часу займае стварэнне прыгажосці? Гэта залежыць ад наяўнасці матэрыялаў і скла­да­насці запланаванай інсталяцыі ці фотазоны. Напружаныя моманты ў майст­роў здараюцца, калі святы ў календары стаяць побач, – але і тады жанчыны паспяваюць выканаць задачу: гледачоў абавязкова будзе чакаць нешта новае і прыгожае.

– Мы робім старанна і якасна, каб прыцягнуць увагу людзей. І калі яны фатаграфуюцца каля нашых кампазіцый – мэта дасягнута, гэта лепшы вынік, – адзначае Алена Малышава

Чаруючы над чарговай фотазонай, майстры прызнаюцца, што ніякага сакрэту ў іх няма. Проста з імі, творчымі людзьмі, заўсёды ра­зам крочыць натхненне. 


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова