Падрыхтоўка да палявых работ у КСУП “Гудагай”: людзі, тэхніка і ноу-хау

08:24 / 30.01.2024


Здавалася б, зімой, у адрозненне ад іншых пораў года, значных работ у аграрыяў няма: пад снежнай коўдрай адпачывае зямля – павінен набірацца сіл і чалавек. Хоць часткова гэта сцверджанне праўдзівае: час водпускаў хлебаробаў выпадае менавіта на гэты перыяд, але клопатаў у механізатараў хапае і ў студзені, і ў лютым. Каб тэхніка вясной не падвяла ў полі, варта пра яе паклапаціцца загадзя.

Карэспандэнт «раёнкі» даве­даўся, як у КСУП «Гудагай» рых­туюць трактары і прычапныя агрэгаты да вясенне-палявых работ. 

Некалькі гадоў назад з гэтай нагоды зазірала на механічныя майстэрні ў Малі, сёлета вырашыла пабываць у Палушах. На тэрыторыі здалёк заўважыла галоўнага інжынера гаспадаркі Паўла Гваздова, які нешта ажыў­лена абмяркоўваў з загадчыкам рамонтных майстэрань Аляксеем Налівайкам.


– Для кожнай гаспадаркі распрацаваны план па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-палявых работ, згодна з якім кожны тыдзень робім справа­здачы. У тэрміны ўкладваемся. Неабходныя запчасткі загадзя набывалі за ўласныя сродкі. Балазе, КСУП «Гудагай» мае добрую рэпутацыю, таму пастаўшчыкі не патрабуюць перадаплаты: разлічваемся па факце, – увёў у курс Павел Парфёнавіч. – Трактары і прычапныя агрэгаты ў цэлым па гаспадарцы да выхаду ў поле гатовы на 80%. На такі высокі паказчык выйшлі ў першую чаргу з-за тэрмінаў тэхагляду, які сёлета адбудзецца значна раней, чым летась: 23 лютага. 

Па словах спецыяліста, з 59 трактараў 54 у спраўным стане, у тым ліку чатыры «Джон-Дзіры», два энерганасычаныя «Беларусы». МТЗ-3022 патрабуе невялікага рамонту, К744 – абслугоўвання. Восем плугоў можна хоць заўтра выпускаць у поле, і такую ж колькасць культыватараў з 11-ці, якія ёсць у гаспадарцы. Што тычыцца пасяўных агрэгатаў, то яны таксама цалкам падрыхтаваны да сяўбы. Рамонт аднаго з іх, комп­лексу аўстрыйскай вытворчасці «Поцінгер», на майстэрнях у Палушах завяршылі літаральна за некалькі гадзін да майго прыезду. 

– У сеялцы зрабілі ачышчальнік паветра, – паказваючы на вялікую, прымацаваную да сеялкі, празрыстую трубу, – патлумачыў галоўны інжынер. – Пры рабоце агрэгата збіралася шмат пылу, таму хутка зношваўся вентылятар і іншыя рабочыя дэталі. Гэтая канст­рукцыя дазволіць яго даўжэй эксплуатаваць. 

Пацікавілася ў Паўла Парфё­навіча, чыя гэта ідэя.

– Механізатары хлопцы разумныя: штосьці прыдумаюць, іншае ў інтэрнэце падгледзяць. Гэтае ноу-хау – іх рук справа. Дарэчы, такую ж сістэму паветразабору ўсталявалі на другім «Поцінгеры», – працягнуў спецыяліст. 

У гаспадарцы дбаюць не толькі пра тое, каб якасна і як мага хутчэй прывесці ў належны тэхнічны стан трактары і агрэгаты, але і пра змяншэнне затрат на іх рамонт. 

– Аляксей Налівайка не толькі загадчык рамонтных майстэрняў, але і токар. Зазначу, што за апошні час ён дасягнуў у гэтай справе значнага майстэрства, – зрабіў акцэнт Павел Гваздоў. – Калі нейкую запчастку немагчыма адшукаць ці яна вельмі дарагая, выручае Аляксей. Напрыклад, ступіцы на гэты «Поцінгер» ён сам зрабіў. Для параўнання: новыя каштуюць 4,5 тысячы, а нашы абышліся ўсяго ў 300 рублёў. Эканомія відавочная!

– Калі можна самім зрабіць, навошта траціць грошы? – рытарычным пытаннем гутарку падтрымаў Аляксей. – На мой погляд, трэба быць беражлівым і гэтак жа адносіцца да тэхнікі. У Палушах размяшчаюцца і энерганасычаныя, і меншыя трактары, бульбакапалкі, прэсы, збожжаўборачныя камбайны, прычым у закрытых памяшканнях. Цяпер рыхтуем да тэхагляду машыны, якія будуць задзейнічаны на вясенне-палявых работах. 

Сеялка «Поцінгер», пра якую вялася размова вышэй, па полі будзе хадзіць у счэпцы з энерганасычаным «Джон-Дзірам». Да слова, трактар таксама ўжо амаль гатовы да палявых работ, засталося толькі «пераабуць» заднія калёсы.

– Яравая пасяўная для мяне стане трэцяй. Насенне рапсу лягчэй прыгортваць у глебу ў адрозненне ад збожжавых: менш забіваюцца насенняпровады, а значыць менш часу траціцца на іх ачыстку. Да гэтага «хадзіў» з плугам. На «Джон-Дзіры» працую паўтара года, раней у мяне былі меншыя трактары, апошні МТЗ-82.1, – расказаў Максім Букліс, які сёлета будзе ў ліку аднаго з трох асноўных сейбітаў гаспадаркі. 

Пацікавілася ў механізатара, ці адчуў ён розніцу ў рабоце сельгасмашын. 

– «Джон-Дзір», як правіла, задзейнічаны на важных палявых работах, такіх як сяўба, культывацыя, ворыва. У той час як невялікія МТЗ выкарыстоўваюцца для перавозкі саломы і іншага, – патлумачыў малады чалавек. – У сеялцы замяніў усе расходнікі: дыскі, насенняпровады, манжэты, падшыпнікі, ступіцы. Любы механізатар пацвердзіць: каб тэхніка вясной у полі не ламалася, яе трэба старанна падрыхтаваць зімой. Моцна з рамонтам дапамог слесар Раман Пешкур.


Іосіфавіч аксакал механіза­тарскай справы. Шмат гадоў адпрацаваў на трактары, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак «перавёўся» ў слесары. У зімне-ацяпляльны сезон Раман Пешкур яшчэ і качагарам падпрацоўвае. 

– Тэмпература тут, канешне, далёка да хатняй, але працаваць камфортна. У мароз, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за мінус 200, трактары пакідалі ў памяшканні. Раніцай тэхніка заводзілася без праб­лем, – патлумачыў мужчына. 

На роўных з аксакалам шчыруе і маладое папаўненне – у прыватнасці зваршчык Аляксандр Ярашэвіч. Хоць хлопец у КСУП «Гудагай» толькі з лета мінулага года, але і за гэты непрацяглы час паспеў зарэкамендаваць сябе як талковы і адказны працаўнік. 


Летась у пары з Сяргеем Тру­севічам на новым гомсель­машаўскім камбайне яны першыя сярод маладзёжных экіпажаў і другія ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа. 

– За ўборку ўзялі больш за 1 700 тон. На жніве спадабалася працаваць. Сёлета, думаю, таксама ў пары будзем з Сяргеем. Збожжаўборачная машына амаль новая, таму асноўны ўхіл зробім на яе абслугоўванне, – расказаў Саша. – На майс­тэрнях калі штосьці трэба падправіць, я тут як тут са зварачным апаратам. 

На вуліцы на тэрыторыі майс­тэрань за мыццём невялікага трактара і прычэпа заспела Рыгора Тхорава, за якім замацаваны невялікі МТЗ і магутны «Кіравец». 

– Памыю, пачышчу, толькі потым палезу ўнутр глядзець рабочыя дэталі. Ужо ведаю, дзе і якія «болькі» ў гэтага трактара, штодзень жа за яго рулём, – расказаў механізатар. – Трэба перагледзець рулявую сістэму, светавую сігналізацыю, замяніць масла, ачысціць цэнтрыфугу, павет­раныя фільтры… Таксама да ладу давяду прычэп. Люблю ва ўсім парадак!

…Паглядзеўшы на падрыхтоўку тэхнікі да выхаду ў поле, сумнявацца не выпадае, што сяўба ў КСУП «Гудагай» пройдзе ў аптымальныя тэрміны і на належным узроўні.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич