Студэнцкія гады ўспамінае Рэгіна Дрэма

15:00 / 28.01.2024


Ах, студэнцкая пара! Колькi ўспамiнаў пра яе засталося…

Мае студэнцкiя гады былі цяжкiмi. Я працавала ў Вільнюсе бухгалтарам – тады для гэтага хапала і сярэдняй школы. Але неўзабаве стала мала: запатрабавалi дыплом. I я вырашыла паступаць у фiнансава-крэдытны тэхнiкум. Мне выдалі накіраванне ад арганiзацыi, патрабавалася здаць толькi адзiн уступны экзамен – чамусьці сачыненне па лiтаратуры. Я, вядома ж, як заўсёды, выбрала вольную тэму. Памятаю, зачытваючы адзнакі, экзаменатар сказаў: «А вы, здаецца, не туды паступаеце. Вам трэба на журналiстыку».

Экзамен я здала паспяхова і прайшла без конкурсу. Лафа! 

Але я на той час працавала і пакінуць работу не магла: гадавала пяцігадовую дачушку. Для такіх рабочых-студэнтаў стварылі вячэрнюю групу. А каб забіраць малую з садка і праводзіць з ёй вечары, давялося наняць няньку.

Так галопам iмчала я па жыццi: праца, вучоба, дачка… Было цяжка. 

Але весела! Група падабралася дружная, вясёлая. Чаго толькі ні вытваралі! Памятаю, трэба было зрабіць хатняе заданне. Я, хоць і была моцна занятая, выканала яго, а мая сяброўка і суседка па парце – не. А абараняць хатнюю работу выклікалі менавіта яе. Яна, нядоўга думаючы, схапіла мой сшытак і пайшла адказваць. Абаранілася на «пяцёрку»! На шчасце, мяне не выклікалі… А на маё абурэнне, што б я рабіла, калі б давялося адказваць, сяброўка толькі рукой махнула: «Ты б неяк выкруцілася…»

Хоць самым памятным для мяне стаў момант, калі на адной з лекцый мне стала дрэнна: моцны боль у правым баку, тэмпература… Выклікалі «хуткую» – і мяне з сірэнай павезлі ў бальніцу. Апошняе, што запомніла з таго «падарожжа»: на скрыжаванні прама на нас імчыць грузавая машына. Удар, скрыгат металу…

Апрытомнела ўжо ў бальніцы. Урачы сказалі, што той дзень усё ж быў шчаслівым: нягледзячы на аварыю і тое, што ў мяне разліўся апендыцыт, маё жыццё ўратавалі. З таго часу я доўга не магла чуць гук сірэны...

Затое потым, калі мяне нарэшце выпісалі з бальніцы, настаў залаты час: сяджу дома, днямі баўлю час з дачушкай, бальнічны плацяць… Толькі вучуся, як сёння б сказалі, аддалена. Хоць камп’ютараў тады не было, мне прынеслі кніжкі, канс­пекты – сама займалася.

Некалькі месяцаў строіла дурня. А затым паправi­лася – i ўсё вярнулася на кругі свае: вучоба, праца. Дыплом я атрымала, а разам з iм – павышэнне на працы. 

Час вучобы ў тэхнікуме, нягледзячы на цяжкасці, запомніцца на ўсё жыццё. З сябрамі-аднакурснікамі мы доўга падтрымлівалі стасункі. Але калі я пераехала ў Беларусь, мы страціліся: у кожнага сваё жыццё, свой лёс, свае радасці і праблемы…  

Засталіся толькі ўспаміны…

Рэгiна Дрэма

Текст: Главный администратор
Фото: из интернета