Астраўчане на балі ў Агінскага

15:15 / 13.01.2024


Калядныя балі ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі даўно сталі традыцыяй. Але сёлета яны набылі асаблівае гучанне – ва ўсякім выпадку, той з іх, што праводзіўся 11 студзеня і стаў завяршаючым акордам агульнарэспубліканскай акцыі “Ад усёй душы”.

На баль былі запрошаны людзі элегантнага ўзросту з Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў. І адразу распраміліся спінкі, перасталі балець калені, невядома дзе знайшліся доўгія бальныя сукенкі, элегантныя вееры, пальчаткі і капялюшыкі…

Павіншаваць усіх з Новым годам і з Калядамі і раздзяліць радасць святаў завіталі шаноўныя госці: намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Сядзельнік, старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзенчук. А яшчэ – курсанты інстытута пагранічнай службы, якім належала стаць партнёрамі элегантных дам у танцах – з мужчынамі шаноўнага ўзросту на падобных мерапрыемствах, як заўсёды, напруга…


–Сёння падобныя балі праходзяць па ўсёй Беларусі, – сказала, віншуючы ўсіх са святамі, Марына Арцёменка. –Але ў Залессі, у доме-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага, бадай што, – самы прыгожы. Я захапляюся вамі, шаноўныя спадары і спадарыні, – тым, якія вы прыгожыя, шыкоўныя, элегантныя! І цудоўна, што тут прысутнічаюць курсанты-пагранічнікі і вы можаце шчодра дзяліцца сваёй энергіяй і пазітывам з маладымі людзьмі. Рабіце гэта і надалей! Любіце жыццё, не забывайце, што рух і танцы – гэта жыццё, перадавайце свой настрой іншым, натхняйце іх сваім прыкладам. І жывіце да ста гадоў!

Прамовы гасцей былі нядоўгімі, цёплымі і шчырымі.

А потым грымнуў баль! Юныя і не зусім юныя кавалеры запрашалі цудоўных дам на паланэз, вальсы, польку-тройку, кацільён – і ў тых загараліся вочкі, заіскрыліся ўсмешкі…

Вы лічыце, што не ўмееце танцаваць гэтыя старадаўнія танцы? Глупства: пад кіраўніцтвам абаяльнага распараджальніка балю і яго юнай памочніцы, якая прадставілася дачкой Агінскага Амеліяй, але ўсе вырашылі, што гэта пушкінская Таццяна Ларына, усе імгненна вывучылі нескладаныя па – і кружылі, кружылі па зале…

А ў перапынках паміж танцамі “тая самая Таццяна” навучыла разумець мову веера і падказала, як з дапамогай гэтага жаночага аксесуара сказаць “так” ці “не”, прызнацца ў каханні, прызначыць спатканне ці даць надакучліваму кавалеру ад варот паварот. Падчас гульні ў фанты самыя смелыя прадэманстравалі таленты спевакоў, танцораў, чытальнікаў вершаў, расказчыкаў анекдотаў і майстроў размоўнага жанру.


Прагучалі на балі музычныя кампазіцыі і рамансы ў выкананні выкладчыкаў і вучняў Смаргонскай школы мастацтваў. А знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай” гаспадара музея-сядзібы ў Залессі, які праспяваў-праплакаў скрыпічны ансамбль, многіх прымусіў змахнуць шчымлівую слязу…

І нават калядоўшчыкі са Смаргонскага цэнтра народнай творчасці на велікасвецкім балі аказаліся вельмі дарэчы. Цыганка ім паваражыла, мядзведзь паказаў, як баба калядныя пірагі замешвае ды дзяўчаты на вячоркі збіраюцца, а вострарогая козачка павесяліла і “развяла” на падарункі…

 …Тры з паловай гадзіны праляцелі, як тры хвіліны. Пакідалі музей-сядзібу госці з летуценнымі вачыма і надзеяй на новыя сустрэчы.

І як не пагадзіцца са словамі Ларысы Мартынавай:

–Жанчыны проста абавязаны наведваць балі! Хоць бы раз у год… Апрануць прыгожую сукенку, зрабіць прычоску і макіяж – і адчуць сябе каралевай. Гэта вельмі карысна для жаночага здароўя, для яе самаацэнкі, знешняга выгляду і ўвогуле для жыцця!

Уражанні

Марыя Гушча:

–Я неаднойчы была ў Залессі на экскурсіях. А вось на баль трапіла ўпершыню. Вельмі спадабалася! Нас навучылі танцам, якіх раней не ведалі. І маладыя людзі, нашы партнёры, – такія ўважлівыя, прыгожыя, выхаваныя. Вальсіраваць з імі – адно задавальненне!

Марыя Васілёнак:

–Я ўдзячна лёсу, што патрапіла на гэты баль! Паслухаць жывую музыку ў выкананні скрыпічнага ансамбля даводзілася за ўсё жыццё толькі некалькі разоў, а тут такі падарунак! Увогуле ўсё арганізавана на вышэйшым узроўні, мы акунуліся ў атмасферу старадаўняга свята. Гэта баль узроўню Агінскага! Я вельмі ўражана.

Юлія Скрыпнік:

–Сёння здзейснілася мая мара даўжынёй у 45 гадоў! Заўсёды хацела патрапіць на такі баль, як былі ў 19 стагоддзі: жанчыны ў доўгіх сукенках, галантныя мужчыны, музыка, танцы… Нават не веру: ява гэта ці мне сніцца, што я танцую на сапраўдным балі? Лунаю ў аблоках…

Людміла Цімафеева:

У Астраўцы я жыву не так даўно, з 2016 года, калі муж прыехаў працаваць на атамную станцыю. Мне тут вельмі падабаецца. Беларусь проста абагаўляю і хацела б тут застацца назаўсёды!

Аднойчы знаёмая, Наталля Локцева, падказала, што Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ладзіць цікавыя мерапрыемствы для людзей сталага ўзросту. Прыйшла – і засталася. Мне падабаецца ўсё, што тут арганізоўваюць, а сённяшні баль – асабліва. Для ўдзелу патрабавалася доўгая сукенка – і за дзень пашыла сабе бальны ўбор. І цяпер адчуваю сябе цудоўнай дамай з мінулага стагоддзя.

Людміла Ярмольчык:

–Я ў захапленні ад гэтага балю, ад яго арганізацыі – усё прадумана да дробязяў. І вельмі ўдзячна кіраўніцтву і спецыялістам ТЦСАН за тое, што ладзяць для нас мноства цікавых мерапрыемстваў. І асабліва – нашаму Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за ўвагу да пажылых людзей і заўсёдны клопат пра іх.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Островецкий ТЦСОН