Якое запаветнае жаданне Рэгіны Дрэмы выканаў Дзед Мароз

12:44 / 01.01.2024


Я была адзінай дачушкай у баць­коў, да таго ж самай малодшай. Да таго часу, як я сябе памятаю, старэйшы брат працаваў, сярэдні вучыўся ў школе. Ад яго я і даведалася пра Дзеда Мароза, які выконвае жаданні дзяцей. Калі мы ставілі перад навагоднімі свя­тамі елку, я з радасцю ўпрыгожвала яе: выстрыгала з паперы цацкі, як умела і што прыдумала. Мне здавалася, што яны вельмі прыгожыя і Дзеду Марозу абавязкова павінны спадабацца! Але ён ні разочку так і не прыйшоў…

Я марыла хутчэй падрасці і пайсці ў школу – туды, расказваў брат, Дзед Мароз прыходзіць кожны год.«Вучылася» я каля брата, калі ён рабіў хатнія заданні: вывучыла літары, спрабавала чытаць. Памяць мела добрую і вершы запамінала хутчэй, чым ён, нават падказвала часам – з-за гэтага брат злаваўся. 

І вось нарэшце я пайшла ў школу! Настаў доўга­чаканы Новы год і ранішнік. Колькі было радасці! Вось ён – сапраўдны Дзед Мароз, ён гаворыць са мной, слухае мой вершык, частуе цукеркамі, да яго можна дакрануцца… Ён пытаецца: «Чаго ты хочаш, дзяўчынка, аб чым марыш?» 

– Я хачу навучыцца чытаць хутка і прачытаць шмат кні­жак! А яшчэ я хачу пісаць вершы, каб іх чыталі іншыя. 

Сама не ведаю, адкуль у мяне ўзялося такое жаданне і як я асмелілася яго агучыць. Але Дзед Мароз стукнуў сваім кійком і важка прамовіў: 

– Хай будзе так!

Iшлi гады. Я навучылася чытаць, брала кнiжкi ў школьнай бiблiятэцы. Толькi тата не дазваляў вечарамі доўга сядзець з кніжкамі, гасiў газавую лямпу. Але калі ярка свяцiў месяц, я чытала пры яго святле. 

Потым сама стала патроху складваць вершы. У школе мяне выбралі членам рэдкалегiі – аднекуль прарэзаліся здольнасці да малявання. І калі стала працаваць, мяне заўсёды выбіралі рэдактарам заводскай насценнай газеты. Я пісала для яе нейкія вершыкі, гумарыстычныя замалёўкі.

Але «дзе нарадзілася, там і прыгадзілася»: вярнуў­шыся на радзіму, стала пісаць у раённую газету – і, дзякуючы «Астравецкай праўдзе», мяне заўважылi і ацанілі. Прыемна, калі знаёмыя і нават незнаёмыя людзі пры сустрэчы кажуць, што чытаюць маю пісаніну ў «раёнцы» і дзякуюць. Ды і ўзнагарод у мяне за гэты час сабралася – цэлая «сцяна славы». Ёсць Ганаровыя граматы нават ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Але  найбольш, вядома, ад «Астравецкай праўды» – за перамогі ў розных конкурсах і за супрацоўніцтва з газетай. 

Так што Дзед Мароз выканаў маё запаветнае жаданне! Дзякуй яму за гэта. А найперш, вядома ж, «Астравецкай праўдзе».

Рэгіна Дрэма


Текст: Главный администратор