Астраўчанкі Алена Малышава і Валянціна Віннічак атрымалі статус народных майстроў Рэспублікі Беларусь

10:50 / 22.12.2023


Прыемныя падарункі прынёс Дзед Мароз астраўчанкам Алене Малышавай і Валянціне Віннічак: напярэдадні Новага года яны атрымалі ганаровы статус народных майстроў Рэспублікі Беларусь.

Напэўна, мала хто не бачыў, якія цудоўныя і неверагодныя вырабы ствараюць жанчыны з саломкі. У іх руках з гэтага матэрыялу нараджаюцца кветкі, цацкі, лялькі, скрыначкі, пано, упрыгажэнні, макеты, звяры і шмат-шмат іншага. За плячыма майстра народных промыслаў аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алены Малышавай і педагога Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціны Віннічак незлічоная колькасць конкурсаў, фэстаў, кірмашоў і выстаў рознага ўзроўню.

– Гадоў 13, а можа, і болей ужо займаюся саломапляценнем. Да яго прыйшла не па асабістым жаданні, а па накірунку тагачаснага дырэктара Дома рамёстваў Тамары Гаваноўскай. Так супала, што я змяніла Валянціну Віннічак, якая перайшла ў іншую ўстанову, таму мне і прапанавалі саломку, – узгадвае Алена Малышава. – Вядома, пачынаць давялося з нуля. Азы паказала Тамара Іванаўна, шмат падказвала Вераніка Занько (зараз Кумішча). Дарэчы, асвойваць новае для мяне было не ўпершыню – да культуры вяла гурток па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў дзіцяча-юнацкім цэнтры. Пакрысе вывучыла і саломапляценне – і, як паказаў час, гэтая справа прыйшлася мне даспадобы. Зараз у ёй спалучаюцца і праца, і хобі. І прыемна, што вынікі маёй творчасці заўважаюць і адзначаюць.


– Вядома, узрадавалася, што атрымала званне народнага майстра, тым больш што даўно яго чакала. Праўда, гадоў 10 таму мне маглі прызначыць гэты статус, але тады я адмовілася абараняцца, – усміхаючыся расказвае Валянціна Віннічак. – Саломапляценнем займаюся больш за 30 гадоў, таму, лічу, заслужыла стаць народным майстрам. Чаму калісьці выбрала менавіта саломку? Гэта лёгкі і падатлівы матэрыял – ён дае вялікую прастору для фантазіі. Да слова, калі я пачынала, не існавала інтэрнэту, дзе можна было падглядзець ідэю. Але і цяпер, калі такая магчымасць ёсць, усё раблю па-свойму – у мяне нават паўтарыць выраб без змяненняў не атрымліваецца. Да таго ж саломка – матэрыял бясплатны: ідзі ў поле і збірай. Праўда, адразу выкарыстоўваць нельга, патрабуецца апрацоўка. Але ён мне падабаецца. Радуе, што і сярод маіх вучняў ёсць такія ж апантаныя саломкай, як я. Зразумела, шмат прыхільнікаў не будзе, бо саломапляценне – гэта хобі, на якім не заробіш.




Текст:
Фото: Рыты Дрэма і з архіва Алены Малышавай