Вольны час. І разумнікі, і разумніцы
Наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва апошнім часам пабольшала. Яно і зразумела: людзі залатога ўзросту ў гэтым цёплым і гасцінным доме маюць магчымасць стасавацца, успамінаць пражытае, дзяліцца думкамі, інтарэсамі, дэманстраваць свой інтэлект і, вядома ж, даведвацца нешта новае. А яшчэ – весяліцца.
Вось і нядаўна спецыялісты аддзялення правялі для сваіх пастаянных гасцей інтэлектуальную гульню «Хачу ўсё ведаць». Ігракі падзяліліся на тры каманды: «Разумніцы і разумнік», «Сняжок» і «Смелыя». Каманды дэманстравалі веды ў розных абласцях навукі, гісторыі, музыкі, літаратуры, мастацтва. Праходзіла спаборніцтва знаўцаў у тры туры: гульня «Што? Дзе? Калі?», віктарына «Праўда-няпраўда», адгадванне музычных фрагментаў з савецкіх кінафільмаў.
У зале панавалі атмасфера творчай канкурэнцыі і добры настрой. А прызавыя месцы размеркаваліся ў парадку, у якім названы каманды вышэй.
Такія інтэлектуальныя забавы не толькі падабаюцца людзям залатога ўзросту, але і прыносяць пэўную карысць іх здароўю і псіхалагічнаму самаадчуванню. Цікавіцца новым, невядомым можна ў любым узросце.