Тэрытарыяльны цэнтр зладзіў для сваіх наведвальнікаў пасядзелкі з прысмакамі

15:00 / 15.11.2023


Так-так, не проста пасядзелкі ці вячоркі з рукадзеллем, песнямі, жартамі ды гульнямі зладзілі для сваіх наведвальнікаў крэатыўныя супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. А менавіта з беларускімі прысмакамі, каб аддаць даніну павагі айчыннай кухні. Госці, вядома, прыйшлі не з пустымі рукамі: нанеслі самых розных страў: каўбасы, бабку, клёцкі, кішку з бульбянай начынкай, бліны-аладкі-дранікі, да іх -- хатнія кампоты і разнастайную слодыч. Ледзь умясцілася ўся гэтая смаката на шырокім стале.

Гаспадыня імправізаванай гасціннай "хаты" Яўгенія Шаптун падрыхтавала цікавы аповед з гісторыі беларускай нацыянальнай кухні -- з пералікам даўнейшых кулінарных традыцый і любімых страў. Гасцям жа прапанавала падзяліцца рэцэптамі.

А якія пасядзелкі без забаў, жартаў, песень ды скокаў? Усё гэта было! І няважна, што ўдзельнікі імпрэзы -- людзі паважанага ўзросту. Душы ў іх маладыя і сэрцы ахвотна адгукаюцца на добрыя і цікавыя справы.


Текст:
Фото: из архива ТЦСОН