Генрых Узарэвіч апякуецца могілкамі ў Чэрнішках
Кажуць, пра стан грамадства можна меркаваць па тым, як ставяцца да дзяцей і старых. Дадала б: і да месцаў спачыну продкаў… У гэтыя слатлівыя лістападаўскія дні светлячкі-лампадкі асвятляюць цэлыя «гарады», дзе знайшлі апошні прытулак нашы родныя і блізкія…
Здараецца, што ў гонцы, хто паставіў лепшы і даражэйшы помнік, у каго большыя і прыгажэйшыя букеты, мы забываем галоўную ісціну: рэчамі не вымяраецца ступень любові. Па вялікім рахунку, ім патрэбны не свечкі і кветкі, а малітвы і наша памяць.
Ведаю не адзін прыклад, калі хтосьці з вяскоўцаў ахвяраваўся даглядаць могілкі – не толькі пахаванні сваякоў, але і суседскія. І робіць гэта не толькі напярэдадні Задушак, але круглы год, у любую пару і пры розных жыццёвых абставінах.
У Чэрнішках пахаваны сваякі па бабулінай лініі. Калі б туды ні прыехала, пахаванні прадзедаў заўсёды прыбраныя, дагледжаныя, дарэчы, як і сам могільнік… Пазней дазналася, што не першы год пра іх клапоціцца бацька маёй аднакласніцы Генрых Узарэвіч. Калі дамаўлялася з ім аб інтэрв’ю ў тэлефоннай размове, мужчына шчыра здзівіўся, маўляў, нічога звышнатуральнага не раблю – так заведзена спакон вякоў. У гэты момант злавіла сябе на думцы, што каб кожны з нас узяў пад апеку хоць па адной закінутай магілцы, забытых людзьмі месцаў пахаванняў паменшала б...
З Генрыхам Антонавічам сустрэліся за тыдзень да Задушак. Вокны яго дагледжанай хаты (па ўсім бачна, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары!) якраз выходзяць на могілкі, якія знаходзіцца ў сотні метраў ад Чэрнішак.
– Шмат гадоў апякуюся мясцовымі могілкамі, але не адзін. Дапамагаюць жонка, суседка Ларыса Юркойць, пры нагодзе – і іншыя вяскоўцы. З вясны да восені некалькі разоў абкошваю тэрыторыю, дзяўчаты зграбаюць траву, потым разам яе выносім. У гэтай хаце некалі Ігнатовічы жылі, ужо ніхто не прыязджае. Пяць магіл засталося, – расказвае мужчына.
З дзясятак гадоў таму месца на мясцовых могілках пакрысе стаў адваёўваць бэз. Генрых Узарэвіч не даў яму запаланіць месца пахавання вяскоўцаў: выпілаваў, выразаў, на вясну ізноў выдаляў непаслухмяныя парасткі.
– Хочацца, каб усё акуратна было і па толку – і не толькі да Задушак. На працягу года стараемся падтрымліваць тут парадак. Вецер кветкі зваліць ці вазончыкі – падыму, мне ж не цяжка. Хочацца спарадкаваць яшчэ вунь той кавалак, дзе ляжаць блізкія аднаго чалавека. З ім пакуль дамовіцца не можам, а без дазволу не палезу, – працягвае мужчына. – Добра, што некалькі гадоў назад за могілкамі сельсавет устанавіў кантэйнеры, а то раней смецце, кветкі, шкляныя лампадкі людзі выносілі за агароджу. Спраўна цяпер смецце вывозяць – пытанняў няма. Сёлета удвух з Віктарам Бразевічам тэрыторыю за могілкамі абкасілі, – Генрых Антонавіч паказвае на вялікі пляц.
У Чэрнішках, як і ў іншых многіх вёсках, ёсць тыповыя прозвішчы. На помніках можна адшукаць Ігнатовічаў, Юркойцяў, Чайкоўскіх, Узарэвічаў, Радутаў, Даўляшоў, Стэхаў.
– У пару майго дзяцінства жыццё ў нашай вёсцы віравала. Жылых хат было пад 60, можа, і больш. Цяпер толькі 20. Жыхароў, думаю, пад 40 чалавек набярэцца. Затое летам Чэрнішкі ажываюць, калі на канікулы да бабуль і дзядуль прыязджае дзятва. Больш малых чым у Варнянах! – працягвае мужчына. – Некаторыя кажуць, што нашы бацькі былі больш дружнымі за нас. Але і цяпер людзі не дрэнныя!
Летась на павароце на могілкі паставілі новы крыж. Кожны ахвяраваў, колькі мог, – вызначанай сумы не было. Зрабіў яго з металу і ўстанавіў Віталік Баброўскі – залатыя рукі ў чалавека. У Чэрнішках ён адбудоўвае дзядоўскую хату. Як таго і патрабуе традыцыя, запрасілі ксяндза, каб асвяціў крыж.
Генрых Узарэвіч кіруецца па жыцці прынцыпамі, якія засталіся яму ў спадчыну ад продкаў: шануй маці сваю і бацьку; адносся да чалавека так, як хацеў бы, каб ён ставіўся да цябе, – і гэта далёка не ўвесь пералік…
– Дачушак сваіх з Ленай таксама гадавалі на хрысціянскіх запаветах і традыцыях нашых бацькоў. Іх навучылі, што трэба памятаць продкаў, клапаціцца пра іх пахаванні. Хто гэта будзе рабіць, калі не мы? – рытарычна зазначыў Генрых Антонавіч.