Зачем подростков ставят на воинский учёт

12:34 / 24.10.2023



«Ён яшчэ дзіця, а ўжо выклікаюць у ваенкамат!», «У мяне не ўсё добра са здароўем – якая можа быць прыпіска?!»  – неаднойчы даводзілася чуць такія фразы з вуснаў бацькоў і падлеткаў. Мяне, маці хлопчыка, гэта тэма не турбавала – значыць, так трэба. Але не скажу, каб не  цікавіла: калі сыну прыйшоў час ісці ў ваенкамат на прыпіску, разу­мець, што да чаго, хацелася – думаю, як і многім татам-мамам. 

На вышэйзгаданыя і іншыя пытанні, якія тычацца  пастаноўкі хлопцаў-школьнікаў на воінскі ўлік, адказаў карэспандэнту «АП» начальнік групы прызыву Астравецкага райваенкамата Рыгор Дземідовіч.

УЛІЧАЦЬ УСІХ

– Для пачатку растлумачце: хто такі прызыўнік?

– Гэта грамадзянін мужчынскага полу, пры­пісаны да прызыўнога ўчастка. Удакладню: упершыню хлопцаў ставяць на воінскі ўлік ў год (а не ў дзень нараджэння!) дасягнення імі 16 гадоў. Тады маладыя людзі атрымліваюць пасведчанні прызыўніка. 

– Для чаго выдаюць такое пасведчанне?

– Гэта асабісты дакумент воінскага ўліку – папярэднік ваеннага білета. Яго спытаюць у хлопца пры працаўладкаванні, паступленні ў навучальную ўстанову, рэгістрацыі па новым месцы жыхарства. 

Пры атрыманні ваеннага білета, пасведчанне юнакі здаюць.



– Ці  існуе ўзроставы  цэнз для прызыў­нікоў?

– Так. Да 27 гадоў маладыя людзі лічацца прызыўнікамі, суадносна яны маюць акрэсленыя правы і абавязкі – гэта прапісана ў законе  «Аб воінскім абавязку і воінскай службе»

– Як ваенкамат даведваецца пра падлеткаў, якія падлягаюць прыпісцы?

– За год да прыпіскі юнакоў, якія дасягнуць 16-гадовага ўзрос­ту, ваенкамат запрошвае па іх інфармацыю – у раённых арга­нізацыях, якія эксплуатуюць жыллёвы фонд, прадстаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, сельвыканкамах, установах адукацыі. І на падставе атрыманых звестак фарміруецца спіс. 

– Ці ўсіх юнакоў, якія жывуць у нашай краіне альбо за яе межамі, але маюць беларускае грамадзянства, прымаюць на воінскі ўлік?

– Не ўсіх. Гэта тычыцца тых, хто адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі; грамадзяне замежных краін і асобы без грамадзянства, а таксама якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне за межамі Беларусі. 

Такіх грамадзян вызваляюць ад прыпіскі на падставе пацвярджаючых дакументаў. 

– Для чаго, можна сказаць, яшчэ са школьнай парты хлопчыкаў ставяць на воінскі ўлік?

– Такім чынам мы робім папярэднія прагнозы па колькасці будучых вайскоўцаў, вызначаем іх узровень годнасці да службы ў акрэсленых родах войскаў.

– Навошта вызначаць, у якія войскі могуць трапіць школьнікі, калі да арміі ім яшчэ далёка?

– Падлеткі будуць разумець, дзе, у якіх войсках, могуць праходзіць службу і ці змогуць паступаць у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы. 

– Ці фарміруюць у ваенкамаце асабовую справу на прызыўніка?

– Так. На кожнага грамадзяніна, які падлягае воінскай прыпісцы, у ваенкамаце афармляюць асабовую справу. З кожным годам матэрыялы гэтыя дапаўняюцца.

– Ці існуе пакаранне ў выпадку нез’яўлення для прыпіскі?

– Існуе. Калі чалавек не з’явіўся без уважлівых на тое прычын, яго прыцягнуць да адказнасці.

– Як вядзецца воінскі ўлік юна­коў, якія скончылі школу і паступілі ў вучэбныя ўстановы іншых населеных пунктаў? 

– Воінскі ўлік вядзецца па месцы жыхарства. Майце на ўвазе: месца жыхарства – гэта месца прапіскі, а не месцазнаходжанне.  Так што калі гаварыць пра зарэгістраваных у Астравецкім раёне, яны застаюцца на ўліку ў нашым ваенкамаце, а пасля атрымання адукацыі  абавязаны прадставіць у камісарыят адпаведныя дакументы – яны будуць уключаны ў асабовую справу прызыўніка.


ДА СЛУЖБЫ ГОДНЫ

 – Стан здароўя – важны крытэрый, які вызначае годнасць прызыўніка да службы ў арміі. Аднак на медкамісію хлопцаў накіроўваюць ужо са школьнай парты. Для чаго?

 – Медыцынскае забеспячэнне падрыхтоўкі грамадзян да ваеннай службы праводзіцца пачынаючы з 14-гадовага ўзросту да іх прыпіскі да прызыўнога ўчастка і прызыўнікоў да спаўнення ім 27 гадоў. 

 Медагляд патрэбен, каб вызначыць па стане здароўя катэгорыю годнасці да тэрміновай ваеннай службы альбо службы ў рэзерве. 

– Дзе падлеткі праходзяць медагляд: у паліклініцы ці ў ваенкамаце?

 – З 14 да 16 гадоў дыспансерызацыю хлопцы праходзяць ва ўстанове аховы здароўя (паліклініцы). А вось падчас прыпіскі  – у прызыўным пункце, гэта значыць у ваенкамаце. Згодна з рашэннем райвыканкама для гэтага ствараюць медыцынскія камісіі з ліку ўрачоў-спецыялістаў устаноў аховы здароўя, складаецца графік  – і ў вызначаны час праводзіцца медагляд.

– Усіх без выключэння юнакоў накіроўваюць на медагляд?

 – Ад медагляду вызваляюцца толькі інваліды з дзяцінства і тыя, хто мае цяжкае захворванне і пазбаўлены магчымасці перамяшчацца. Аднак заўважу: гэтыя грамадзяне таксама падлягаюць воінскаму ўліку, толькі прадстаўленнем неабходных для прыпіскі дакументаў займаюцца не яны, а іх бацькі альбо апекуны.

– З якімі групамі здароўя хлопцы годныя да ваеннай службы?

 – Медагляд праводзіцца згодна з Інструкцыяй аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з воінскім абавязкам. Дакумент утрымлівае табліцу для розных катэгорый ваеннабавязаных, у тым ліку і тых, хто праходзіць прыпіску. У табліцы змешчаны паказчыкі фізічнага развіцця, пералік і артыкул раскладу  захворванняў – па ёй і вызначаецца ступень годнасці.  



– Ці ставяць на ўлік прызыў­нікоў, якія не годныя да службы?

 – Мэтай воінскага ўліку з’яўляецца забеспячэнне гра­мадзянамі воінскага абавязку. Не могуць яго выканаць інваліды з дзяцінства альбо маладыя людзі, пазбаўленыя магчымасці перасоўвацца, – іх не ставяць на воінскі ўлік.  Аднак такія людзі атрымліваюць ваенны білет, дзе робяцца суадносныя пазнакі.

– Непаразуменні ці часта ўзнікаючыя пытанні з боку пры­зыўнікоў альбо іх бацькоў, звязаныя з прыпіскай?

 – Найбольш часта ўзнікаюць сітуацыі, калі бацькі, у пры­ватнасці маці, перакананы, што пакуль сыну не споўнілася 18 гадоў, ён не абавязаны ісці ў ваенкамат на медагляд альбо прадстаўляць нам даведку аб навучанні. 

Прызываюць юнакоў у армію, пачынаючы з 18 гадоў, а прыпіс­ваюць да прызыўнога пункта – з 16-ці. Таму ігнараваць позву ваеннага камісарыята або неабходнасць прадстаўлення звестак, указаных у абавязках прызыўніка, падлетак вышэй­згаданага ўзросту не мае права. 


Текст:
Фото: Рита Дремо