Залатая восень, залатыя людзі

15:55 / 10.10.2023


Свята людзей мудрага ўзросту ўжо каторы год расцягваецца на цэлую дэкаду. А значыць, урачыстасці працягваюцца. І днямі Астравецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сабраў шматлікіх наведвальнікаў аддзялення штодзённага знаходжання пажылых людзей, удзельнікаў спартыўных і культурных мерапрыемстваў, усіх, хто застаецца маладым душой і вядзе актыўны лад жыцця. Падрыхтаваная для іх культурная праграма так і называлася: "Залатая восень -- залатыя людзі". І была вельмі цікавай!

З першых хвілін гледачоў "узя ла ў палон" вядучая Яўгенія Шаптун. І да канца трымала інтрыгу: ніяк было не ўгадаць, які нумар, гульня будзе наступным. Першым дала слова кіраўніку цэнтра Святлане Куцько і першаму сакратару райкама БРСМ Вользе Максімавай. Ад іх сардэчных, цёплых слоў і пажаданняў многія госці расчуліліся, на вачах заблішчэлі слязінкі...

Ды песні хутка высушылі іх. Чароўная Вікторыя Касцюк падзадорыла ўсіх разам спяваць твор Райманда Паулса "Листья желтые". Натхнёна і кранаюча прагучала ў выкананні Васіля Карпяца песня з рэпертуару Мусліма Магамаева "Синяя вечность". Музычны нумар, які прынёс астраўчанам прызавое месца ў абласным конкурсе патрыятычнай песні, "Мы -- беларусы" прадставіў звонкагалосы дуэт у складзе Святланы Куцько і Дзіяны Юцкевіч. Пасля доўгага перапынку выйшаў на сцэну спявак і кампазітар Аляксандр Альховік, выступіў сола і ў дуэтах з Яўгеніяй Шаптун і Васілём Карпяцом. Глыбока крануў самыя тонкія струны душы аўтарскі твор Людмілы Кухарэвіч "Свеча памяти". А Святлана Мешкіс прыслала сваё музычнае віншаванне па відэа.

Вядома ж, былі і танец-гульня, і імправізаваны хор гледачоў з песняй "Надежда". Толькі тэкст крыху скарэктавалі -- у тэму свята. І нечаканыя падарункі -- асабістыя фатаграфіі пастаянных наведвальнікаў цэнтра (брава фотамайстрам -- гэта ж трэба было падлавіць нечаканыя моманты!), а навічкам -- духмянае мыла ручной работы ад маладых майстроў-умельцаў. І арыгінальныя магніцікі ўсім -- ад іх жа. І, вядома, кветкі. Запамінальнае атрымалася свята!


Текст:
Фото: Маргарыта Качан