С песней по жизни идет Мария Белявская

10:42 / 02.10.2023




Ёсць людзі, якім пры нараджэнні даецца спявучая душа. І ўсё жыццё ў іх праходзіць з песняй. Марыя Іванаўна Бяляўская – з ліку такіх шчасліўчыкаў. Колькі сябе помніць, яна спявала: падчас дзіцячых забаў, дапамагаючы маме ў хатніх справах, па дарозе ў школу. Жыла яна з бацькамі на хутары Дварышча. Уласна, гэта быў не зусім хутар – непадалёк пасяліліся яшчэ некалькі сем'яў, хаты стаялі адна воддаль другой, як бы кругам. Месца прыгожае. А хата Калпакоў (дзявочае прозвішча Марыі Іванаўны) – самая ладная, дыхтоўная, вокны ў белых аканіцах, прасторны двор, дагледжаны гародчык увесь у кветках, сад з двума дзясяткамі вулляў... Краса! А дзе хараство, там і песня. Бацька і маці цудоўна спявалі, вакол іх гуртаваліся суседзі, таксама аматары паспяваць у дружнай кампаніі.

Першыя чатыры гады Марыйка вучылася ў Едакланях, дзе была пачатковая школа. Да яе вяла дарога праз невялікі лясок, цераз рачулку, якая напрадвесні шырока разлівалася – пераходзіць было цяжка... Тады малым на дапамогу прыходзілі дарослыя. Дзяўчынка старалася не прапускаць заняткі – на ўроках так цікава!

– У пяты клас я пайшла ў Філіпанскую сямігодку, – узгадвае Марыя Іванаўна. – Тут было вельмі добра. Клас дружны, ладзілі розныя цікавыя мерапрыемствы. Падлеткамі ўжо былі, на танцы хадзілі. І цяпер прыемна аб тым успамінаць. Тут і пачала на сцэне выступаць ездзілі ў суседнія вёскі з канцэртамі...

У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў краіне распачалася кампанія па ссяленні хутароў. Сям'я Калпакоў перабралася ў Малі: тут цэнтр гаспадаркі, ёсць і праца, і магазіны, і культурныя аб'екты, праз вёску часта ходзяць аўтобусы, дачцы будзе зручна дабірацца ў школу ў Астравец.

– Хату тата пабудаваў сам. Быў ён майстар на ўсе рукі: і цясляр, і сталяр, і з рознай калгаснай тэхнікай на «ты». Перадавы камбайнер і шафёр у калгасе «Чырвоны Кастрычнік». А мама – руплівая гаспадыня. І хутка двор вакол дома запаланілі кветкі. А потым і сад вырас.

 Сярэднюю школу, адзінаццаць класаў, Марыя скончыла ў Астраўцы, у 1965 годзе. Выязджаць у горад надоўга не думала, вырашыла: вывучыцца на настаўніцу і вернецца дадому. Сабраліся з сяброўкай паступаць у педагагічны інстытут. Сяброўка паехала здаваць экзамены, а яна перадумала. Выпускніцы споўнілася ўжо васямнаццаць гадоў, пара было вырабляць пашпарт. Але вясковыя жыхары на той час не мелі пашпартоў. Каб атрымаць дакумент, патрабавалася ўзяць даведку з калгаса, што хлопца ці дзяўчыну адпускаюць на вучобу. Пайшла Марыя ў калгасную кантору, старшыня калгаса Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч прапанаваў папрацаваць адзін сезон кладаўшчыком на цагельні. Абяцаў потым даць жаданую даведку.

– Асвоілася я хутка; спадабаліся і праца, і людзі. Быў у мяне невялікі пакойчык на прахадной. Вычысціла, вымыла, пафарбавала – навяла парадак і ўтульнасць. Кожны дзень свежы букецік кветак з дому прыносіла, – расказвае жанчына.

Маладзенькую кладаўшчыцу палюбілі ў калектыве за адказнасць і працавітасць. У тую пару ў горадзе і вёсках актыўна вялося будаўніцтва, попыт на цэглу быў вялікі. Даводзілася адпускаць будматэрыял нават у выхадныя. Вадзіцелі часта забіралі Марыю з дому і адвозілі назад, а кіраўніцтва заахвочвала невялічкімі падарункамі.

 Потым дзяўчыне прапанавалі перайсці бухгалтарам у райкам прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Занепакойлася: адукацыі ж спецыяльнай не мае. Аднак яе запэўнілі: нічога, справішся. Адсюль і пачалася яе бухгалтарская кар'ера. Паступіла ў Ашмянскі сельгастэхнікум і неўзабаве стала дыпламаваным спецыялістам.

 А жыць так і засталася ў Малях. Выйшла замуж за хлопца з Газы, звілі ўласнае сямейнае гняздо, нарадзіла трох сыноў – Юру, Паўліка і Андрэйку. Дэкрэтны адпачынак тады быў усяго пару месяцаў, таму гадаваць першынца дапамагала маці. А калі нарадзіўся другі хлопчык, маці сказала, што з двума не справіцца. І Марыя Іванаўна мусіла звольніцца. Падгадаваўшы малых, пачала шукаць работу. Муж працаваў шафёрам у БМУ меліярацыі. Даведаўся, што тут вызвалілася месца бухгалтара, і ўгаварыў жонку пайсці туды. У 1975 годзе яна ўладкавалася ў гэтую арганізацыю. Ёй адразу спадабаліся і праца, і калектыў. Аклад, праўда, быў невялікі, але калі здаваліся аб'екты, людзі атрымлівалі прэміі і прагрэсіўкі.

 А потым яе «зманілі» ў раённы вузел сувязі. З 1980-га года і да пенсіі, а потым яшчэ восем гадоў адпрацавала тут Марыя Бяляўская. Пасля падзелу прадпрыемства на паштовае аддзяленне і электронную сувязь засталася на пошце галоўным бухгалтарам на цэлых пятнаццаць гадоў. З цеплынёй і ўдзячнасцю жанчына згадвае тыя гады, калег і кіраўнікоў Уладзіміра Іванавіча Кацінеля, Міхаіла Уладзіслававіча Хіневіча, Ірыну Эдуардаўну Тальчук.

 Ці было сярод працоўных будняў месца песні? А як жа! У 70-80-я гады амаль на кожным прадпрыемстве і ў арганізацыі была арганізавана мастацкая самадзейнасць. На раённых і іншых аглядах харавыя калектывы дэманстравалі сваё майстэрства і спаборнічалі за першынство. Марыя Іванаўна актыўна ўдзельнічала ў канцэртах – спявала, чытала вершы і байкі, іграла ў інтэрмедыях.

Запомнілася вакальная група паштавікоў. Спярша яна выступала на ўрачыстасцях у сваім калектыве, потым – на конкурсах раённага і абласнога ўзроўню. І набыла вялікую папулярнасць! Нават на святкаванні 60-гадовага юбілею «Астравецкай праўды» «запальвала».

Мінулі гады. Марыя Іванаўна выйшла на заслужаны адпачынак. Пагрузілася ў пенсіянерскія клопаты-турботы: завіхалася па гаспадарцы, у агародзе і кветніку. Перажыла дзве страты – мужа і маці. Але час лечыць. Сыны выраслі, пажаніліся, падарылі ўнукаў. І нават праўнукі ёсць! Сярэдні, Павел, застаўся ў Малях, пабудаваў дом насупраць бацькоўскага, стараецца быць для маці падтрымкай і апорай. Дарэчы, таксама добра спявае.

 Марыя Іванаўна любіць перабіраць старыя фотаздымкі, успамінаць былое. Як збіраліся сем'ямі з суседзямі на святочныя бяседы, маёўкі. Спявалі ўсе: бацькі, яна сама, а потым і мужа Іосіфа «ўцягнулі» ў імправізаваныя канцэрты. Пазней, перайшоўшы вадзіцелем у райбыткамбінат, стаў удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Цудоўна выконваў «Смуглянку»... Здзіўлялася часам: як знаходзіцца час і настрой для спеваў? Ва ўсіх жа праца, гаспадарка, безліч клопатаў, а варта сабрацца кампаніяй – спяваюць!

Аднойчы Марыя Іванаўна задумалася: а чаму гэта яна задавальняецца ўспамінамі? Чаму перастала спяваць? І – неўзабаве яе глыбокі прыгожы альт гарманічна ўліўся ў народны хор ветэранаў працы. Жыццё заззяла новымі яркімі фарбамі.

Текст: Главный администратор
Фото: з сямейнага архіва М. І. Бяляўскай.