Пра сябе і шлях у лясную гаспадарку расказваюць працаўнікі Астравецкага лясгаса
16:34 / 17.09.2023
Некаторыя толькі робяць першыя крокі ў прафесію, у іншых за плячыма не адзін дзясятак гадоў стажу… Але яднае герояў сённяшняга выпуску любоў да абранай справы, яны ўпэўнены, што лес – іх лёс.
…ПАМОЧНІКА ЛЯСНІЧАГА СПОНДАЎСКАГА ЛЯСНІЦТВА
Аляксей Бумбуль:
– Іншай дарогі, акрамя як у лясную гаспадарку, у мяне не было. (Усміхаецца). Бацька працуе аператарам трылёвачнай машыны. Ды і вырас я ў вёсцы. Непадалёк ад нашых Нідзян да стромкіх берагоў Віліі туліцца сасоннік, таму з дзяцінства штолета прападаў у грыбах.
Пасля Варонскай базавай школы пайшоў у Варнянскую сярэднюю. Толькі нядаўна даведаўся, што там дастаткова моцнае школьнае лясніцтва, але ў старэйшых класах я ў ім не ўдзельнічаў.
Па мэтавым накіраванні паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Летась пасля яго заканчэння вярнуўся на радзіму ў Гервяцкае лясніцтва. Прыемна, што мне, маладому і яшчэ нявопытнаму, даверылі адказную пасаду памочніка ляснічага. Удзячны ляснічаму Віталю Грамбоўскаму і майстру Аксане Субач за прафесійныя падказкі і слушныя парады. Хоць у лясной гаспадарцы працую толькі другі год, з упэўненасцю магу сказаць, што наша галіна – самая класная і перспектыўная!
Для маладых спецыялістаў у Астравецкім лясгасе і яго структурных падраздзяленнях створаны ўсе ўмовы для работы, больш таго – нас падтрымліваюць матэрыяльна: па калектыўным дагаворы ёсць штомесячныя даплаты, гэта без уліку першых пад’ёмных. Ёсць усе перадспасылкі для самарэалізацыі і прафесійнага росту.
З паўгода працую памочнікам Спондаўскага лясніцтва. Добры калектыў, жыллё ў некалькіх метрах ад работы, якое выдзеліў наймальнік.
Мая дзейнасць у асноўным звязана з дакументацыяй, але і выязджаю ў лес на адводы дзялянак ці ўлікі драўніны. Гэтым летам, напрыклад, курыраваў работу студатрада Спондаўскай школы «Патрыёт» імя Фёдара Маркава. У пэўнай ступені адчуў сябе настаўнікам – для мяне гэта быў неверагодны вопыт, спадзяюся, што і для дзяцей таксама. Буду ўсцешаны, калі хтосьці са старшакласнікаў пасля гэтага вырашыць атрымаць лясную спецыяльнасць.
Заўважыў, што ў глыбінцы людзі больш беражліва адносяцца да прыроды. У нашым лясніцтве, у адрозненне ад таго ж Астравецкага, такая праблема, як смецце ў лесе, востра не стаіць.
Ведаю, што многія мае аднагодкі не хочуць працаваць на вёсцы, маўляў, няма куды схадзіць і з карысцю правесці час. З такой пазіцыяй не згодзен: пры тэмпе сучаснага жыцця і мабільнасці можна бываць, дзе захочаш, і пазнаваць новае з дапамогай таго ж інтэрнэту. Усё залежыць ад чалавека, яго памкненняў, а галоўнае – дзеянняў. Я, напрыклад, паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце на спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка». Ды і з боку кіраўніцтва лясгаса і нашага лясніцтва адчуваю рэальную падтрымку.
Напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва лепшыя маладыя спецыялісты вобласці сустрэліся з губернатарам Гродзеншчыны Уладзімірам Каранікам. Такая магчымасць выпала і мне. Ад форуму засталіся самыя станоўчыя ўражанні.
Лічу, што ў нашай краіне, раёне і Астравецкім лясгасе створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі і развіцця моладзі, было б толькі жаданне!
Мар’ян Рыпінскі:
– Хоць і на заслужаным адпачынку, але працую, пакуль дазваляюць сілы і здароўе. За столькі гадоў, напэўна, ужо «зросся» з нашым цэхам. Людзей, заказчыкаў і кліентаў, якія трапляюць сюды ўпершыню, праз паўгадзіны пачынае напружваць гук станкоў, а для мяне гэта – звыклая мелодыя. (Усміхаецца.)
…Родам з Малых Якентан. Пасля 8 класа ў 1973 годзе паступіў у Вільнюскі палітэхнічны тэхнікум. Па спецыяльнасці крыху папрацаваў у Алітусе на камбінаце штучнага валакна, пакуль не забралі ў армію. Служыў у Варонежы ў Маскоўскай ваеннай акрузе ордэна Леніна. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся слесарам-рамонтнікам на завод «Радыёдэталь».
Пры распадзе Савецкага Саюза для нашага прадпрыемства насталі не самыя лепшыя часы. У 1992 годзе перайшоў у «Лесполь». Тут выпускалі ацыліндрованыя вырабы, калы для падпоркі вінаграднай лазы, шчыты для агароджы – і адпраўлялі ў суседнюю краіну. Аб’ёмы вытворчасці, як і калектыў, былі невялікімі.
У маі 1997 года беларуска-польскае прадпрыемства спынілася, а вытворчыя цэхі адышлі пад лясгас. Тагачасны галоўны інжынер Пратаковіч прапанаваў застацца. Так на адным месцы і працую.
За 25 гадоў дрэваапрацоўка моцна змянілася, як і яе аб’ёмы. З’явілася новае сучаснае абсталяванне. З апошняга – лінія сарціроўкі драўніны, якой кіруе толькі адзін аператар. У залежнасці ад дыяметра бярвенні аўтаматычна размяркоўваюцца ў розныя аддзяленні, далей яны накіроўваюцца на розныя лесапільныя ўчасткі ў залежнасці ад патрэб і заказаў.
Лінейка піламатэрыялаў нашага дрэваапрацоўчага цэха адна з самых шырокіх у краіне. Хоць з-за санкцый і ў нас былі праблемы са збытам прадукцыі, але, дзякаваць богу, ліхія часы мінулі. Хоць працаваць давялося ўдвая больш. Цяпер шмат апрацоўваем сухастойнай драўніны, якая запатрабавана ў краінах Усходу. Асвоілі вытворчасць зрубаў жылых дамоў, альтанак, лазняў – гэтая прадукцыя дрэаапрацоўчага цэху карыстаецца попытам на ўнутраным рынку.
Неаднойчы задаваўся пытаннем, чаму працую на пенсіі. Хоць і жонка ўшчувае, маўляў, хопіць ужо, і грошай, здаецца, хапае… Напэўна, гэта такая ж значная частка майго жыцця, як і лес. Нездарма кажуць, што ён наша багацце. Драўніна для будаўніцтва і ацяплення, грыбы і ягады, чыстае паветра…
Хоць за апошнія дзесяцігоддзі прагрэс зрабіў значныя крокі, але чалавеку па-ранейшаму не абысціся без лесу… І так будзе заўсёды.
Таццяна Андрушойць:
– Выказванне «лес – мой лёс» дакладна пра мяне. (Усміхаецца.) Бацька працаваў лесніком, мама – бухгалтар у лясгасе. Гэта адыграла вырашаючую ролю ў маім прафесійным выбары. З дзяцінства я круцілася ля лясніцтва: то маці брала з сабой на работу, то тату чакалі пасля змены. Таму цалкам прадказальным і чаканым для блізкіх і самой была вучоба ў Полацкім лясным тэхнікуме.
Пасля вярнулася на радзіму – так і засталася. (Усміхаецца.) Першая прафесія – майстар лесагадавальніка. Вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і паступіла ў тэхналагічны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне. Пасля яго заканчэння мяне прызначылі начальнікам лесагадавальніка. Прызнаюся, спачатку не асабліва праніклася справай. Чаго не скажаш цяпер!
Я вельмі люблю сваю работу, наш невялікі калектыў і гадавальнік. Хоць праца ў лясной гаспадарцы для жанчыны, магчыма, і няпростая, але калі яна па душы – усе цяжкасці не перашкода.
Наш лесагадавальнік чатыры разы атрымліваў статус узорнага. Гэта званне прысвойваецца 15-ці лепшым структурным лесагаспадарчым падраздзяленням рэспублікі штогод з улікам многіх паказчыкаў. Канешне, прыемна, што мы трапляем у лік лепшых. Але галоўнае – не ўзнагароды. Упэўнілася, што сумленная і самаадданая работа знаходзіць заслужаныя водгукі і прызнанне, таму, напэўна, ледзь не штогод трапляем у спіс лепшых лесагадавальнікаў Беларусі.
Як большасці жанчын, работа з раслінамі мне блізкая. Дзесьці сарву галінку, укараню, а ўжо праз некалькі месяцаў бачу плён сваёй працы – маладое жывое дрэўца ці куст. Гэта дарагога каштуе.
У апошні час захапілася тапіярнымі стрыжкамі дрэў. Гэты накірунак плануем развіваць і ў нашым лясгасе. Пакуль дома на ўласных дрэвах і кустах трэніруюся. (Усміхаецца.) У наступным годзе плануем набыць у гадавальнік спецыяльны кустарэз.
Увогуле нашу гаспадарку лічу ўнікальнай. У яе структуры ёсць пасяўное, школьнае аддзяленні, таксама вырошчваем расліны ў цяпліцах з закрытым грунтам, у тым ліку ў касетах і гаршчках. Апрацоўка глебы, падкормкі і праполкі з большага робім механізаваным спосабам, для гэтага ёсць неабходнае абсталяванне. Уручную даглядаем толькі пасевы першага году.
Я люблю сваю работу. Асабліва радуюся вясной, калі бачу, што ўсё атрымліваецца. Цыкл у нас невялікі, у адрозненні ад лесагадавання, дзе павінна прайсці не адно дзесяцігоддзе, пакуль кволы сеянец-саджанец стане магутным і вялікім дрэвам.
Восенню, калі гляджу на роўныя пасевы сасёнак, елак, калі заходжу ў цяпліцы і бачу сакавітую зеляніну саджанцаў – адзін у адзін! – лаўлю сябе на думцы, што я шчаслівая!
Раман Рынкевіч:
– Я, напэўна, адзін з самых вопытных вальшчыкаў лесу нашага лесапункта. Стаж работы – 24 гады. У нашай прафесіі свая спецыфіка: даводзіцца цяжка фізічна працаваць – а гэта ў сваю чаргу адбіваецца на здароўі. Слабое месца вальшчыка – спіна, таму, ведаю, некаторыя хлопцы перакваліфікоўваюцца ў леснікоў.
За гэты час у лясной гаспадарцы шмат чаго змянілася. На змену ручной працы прыйшлі высокамагутныя лесанарыхтоўчыя машыны – харвэстары і фарвадары, пра якія папярэднікі маглі толькі марыць. Тэхніка – тэхнікай, але без чалавека ў нашай галіне не абысціся, у тым ліку без вальшчыкаў.
У лясную гаспадарку трапіў выпадкова. Сам астравецкі. Пасля школы адвучыўся ў Іўеўскім каледжы на шафёра і электраманцёра. Крыху папрацаваў па спецыяльнасці на Ашмянскай мытні. Пры сустрэчы знаёмыя параілі ісці ў лясгас, маўляў, заробкі ў лесаруба значна большыя за электрыка.
З 1999-га ў лясной гаспадарцы раёна. Спярша з-за адсутнасці звычкі было складана, а потым уцягнуўся. Пры мне стварылі асобнае падраздзяленне – лесапункт, якое, у адрозненне ад лясніцтваў, адказвае толькі за нарыхтоўку драўніны. Працуем у розных кропках Астравеччыны. Цяпер, напрыклад, дапамагаем Смаргонскаму лясгасу ўбіраць засыхаючыя елкі ў Ашмянскім раёне.
Нашы дні падобныя адзін да аднаго. Зранку выдаюць масла, бензін, правяраем бензапілы (чацвёрты год у мяне «Шціль-361». Да гэтага 10 гадоў спраўна служыла піла такой жа маркі). Потым едзем у лес. Калі моцна дажджыць ці марозна, то непагадзь можна перачакаць у вагончыках – там створаны ўсе ўмовы для адпачыку.
Кожны з вальшчыкаў працуе паасобку, таму сустракаемся толькі раніцай, падчас абеду і ў канцы дня. Хлопцы кампанейскія, дружныя, часу на сваркі няма. (Усміхаецца.)
Люблю кастрычнік. У гэтую пару найлепш працуецца: няма камароў і сляпнёў, лістоты ці снегу пад нагамі. Часта сустракаюцца звяры, асабліва казулі, ласі. А зайчыкаў у апошні час не бачу. Нават зімой іх слядоў не відаць.
Лес – мая работа. Брат захапляецца рыбалкай і паляваннем, а ў мяне душа да гэтага не ляжыць. У грыбы схадзіць – іншая справа!
