О кадетской жизни рассказала островчанка Виолетта Польская

17:25 / 27.08.2023

Мару насіць форму астраўчанка Віялета Польская вырашыла ажыццявіць да заканчэння школы, – і паступіла ў кадэцкае вучылішча.
Як дзяўчынка зрабіла першы крок да ваеннай прафесіі і чым адметная вучоба ў «кадэт­цы» – у матэрыяле ад першай асобы.

 Дзяўчынак бяруць не ўсюды
– Даўно вырашыла, што звяжу прафесійную будучыню са службай. Спачатку думала пра кадэцкае вучылішча МНС, але туды бяруць толькі хлопчыкаў. Пачала маніторыць сайты іншых устаноў – і спынілася на Гродзенскім абласным вучылішчы, якое знаходзіцца ў Парэччы.
Пры паступленні здавала 4 іспы­ты: псі­халагічнае тэсці­ра­ван­­не, фізпадрых­тоўку – за нарматывы выстаўлялі суміра­ваную адзнаку, пісьмовыя экзамены па матэматыцы і мове – прапануюць на выбар беларускую ці рускую. Вынікі па кожным іспыце можна было ўбачыць у вечар дня здачы на сайце вучылішча.
Усё здадзена, шансы маю нядрэн­ныя, сядзім з бабуляй, дай, думаю, пагляджу, ці ёсць вынікі... Адкрываю сайт і бачу: я ў спісах на залічэнне! Мы проста крычалі ад радасці. Сэрца, здавалася, выскачыць з грудзей! Нам складаней паступіць, чым хлопцам: канкурэнцыя большая. У мой набор на 10 месцаў прэтэндавала 32 дзяўчынкі.

Навабранцы
– Пасля залічэння нас сабралі ў лагеры (яго арганізоўваюць на базе вучылішча), дзе мы пра­хо­дзілі так званы курс маладога байца. 
Прызнаюся, было нязвыкла: апроч таго што нікога не ведаеш, усё чужое, яшчэ і строем хадзіць давялося. Але, як і ў звычайным летніку, мы былі падзелены на атрады і былі звычайна апрануты. Пасля лагера раз’ехаліся па дамах, а 31 жніўня павінны былі прыбыць у вучылішча. 
Ёсць у нас і такое паняцце як зваль­ніцель­ныя, праўда, цягам першай чвэрці навабранцам іх не давалі – да цырымоніі ўрачыстага прынясення клятвы. Тады ж уручаюць пагоны. Да таго моманту новае папаўненне кадэтаў лічыцца проста навучэнцамі. 
У адным будынку знаходзіцца ўсё: школа, там жа праводзяцца гурткі і секцыі, сталовая, інтэрнат – у дзяўчат  асобны блок. Жывём у пакоі па 3-4 чалавекі, у кожнага свая тумбачка, шафа, паліцы. Туалеты і душавыя на паверсе – асобна для хлопчыкаў, асобна – для дзяўчат. Ёсць пральныя машыны, сушыльны і бытавы пакоі.
Ля вучылішча ёсць плац, футбольнае поле, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, паласа перашкод.
Асвоілася на новым месцы дастаткова хутка – спачатку сумавала па доме, але дзесьці праз месяц увайшла ў каляіну новага жыцця. 
Усё па парадку
– Жывём мы па статуце. «Так точно», «здравия желаю», «разрешите обратиться» – усё гэта ў лексіконе кадэта прысутнічае. 
Дзень распісаны літаральна па хві­лінах: пад’ём у 7.20, зарадка, пастраенне, развод, падчас якога правяраецца знешні выгляд, сняданак, урокі з 9.00 да 14.40, абед, факультатывы і гурткі, з 17.00 самападрыхтоўка,  да 18.40 – час для выканання дамашняга задання. Да слова, на самападрыхтоўцы мы сядзім ў класнай аўдыторыі, з намі знаходзіцца выхавацель. Калі патрэбен камп’ютар, то папярэджваеш куратара і ідзеш працаваць у бібліятэку. Калі не паспеў штосьці зрабіць – ёсць асабісты час, з 19.10 да 20.10, тады ж атрымліваем і мабільныя. (У выхадныя дні тэлефоны выдаюць на больш працяг­лы час.) Падчас вячэрняй паверкі ходзім страявой з песняй па пляцы. А ў 22.00 – адбой.
Выхад за тэрыторыю вучыліш­ча забаронены. Іншы чалавек таксама сюды не трапіць. Калі, да прыкладу, прыедуць бацькі, на ўваходзе ёсць званок, на які выходзіць вартаўнік.
Каб паехаць на выхадныя дадому, трэба атрымаць звальніцельны – адпускаюць раз у два тыдні. Мне дабірацца далёка і нязручна, таму бываю ў Астраўцы нячаста – у асноўным на вялікія выхадныя. Затое родныя часта прыязджаюць.

Школа патрыётаў
– Вучымся мы, як і ў звычайнай школе, да 9-га альбо 11-га класа. Тое, што ты выпускнік «кадэткі», не азначае, што абавязкова павінен звязаць жыццё з ваеннай прафесіяй. Аднак пры паступленні ў ваеннае вну ці на ваенны факультэт мы маем пэўныя перавагі.
Грашовае забеспячэнне мы не атрым­ліваем, але знаходзімся на поў­ным дзярж­утрыманні: пяціразовае харчаванне, пражыванне, форма.
Урокі ў вучылішчы доўжацца 45 хвілін. І канікулы, як у школе: восенню, зімой, вясной і летам. Абавязковы прадмет нашай вучэбнай праграмы – дапрызыўная падрыхтоўка. А па фізічнай культуры кожную чвэрць здаём нарматывы.
Для 9-га і 11-х класаў навучальны год заканчваецца экзаменамі, а для 8-га і 10-га – заняткамі на палігоне. Сёлета мы займаліся на базе ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, жылі ў палявых умовах – у палатках. Здавалі нарматывы па фіз­падрыхтоўцы, стральбе, вучыліся зборцы-разборцы аўтаматаў, бегалі ў процівагазах, трэніраваліся на стрэльбішчы – было здорава!

Своеасаблівая ў нас і сістэма заахвочвання. Гэта можа быць пазачарговы звальніцельны за пэўныя заслугі, да прыкладу, паспяховае выступленне ў конкурсе. Стымулююць і за добрую вучобу: пры адзнаках вышэй за «7» дамоў адпускаюць не ў суботу, а ў пятніцу. Альбо фота са сцягам вучылішча, занясенне на дошку гонару ці ў кнігу заахвочванняў, Падзяка бацькам, пагоны віцэ-сяржанта і старшага віцэ-сяржанта, якія даюць за актыўнасць, узорнае выкананне сваіх абавязкаў і дасягненні, праўда, не раней чым праз паўгода пасля атрымання кадэцкіх... Ёсць і спагнанні: пазбаўленне звальніцельнага, зняцце пагонаў. А за нездавальняючыя адзнакі ці паводзіны кадэта могуць адлічыць. 
Для нас ладзяць розныя мерапрыемствы, шмат дзе ўдзельнічаем на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Акрамя спаборніцтваў, я  часта выступаю з творчымі нумарамі – іграю на акардэоне.


Пра нарад і макіяж
– Кожны клас – гэта ўзвод, які мае 2 аддзяленні. Ва ўзводзе і аддзяленнях свае камандзіры. 
Я камандзір аддзялення ў сваім 8 «Б». Складаю графікі нарадаў, штодзённа правяраю знешні выгляд таварышаў: прычоска, чысціня адзення, наяўнасць насовак-расчосак, бірак на форме, правільнасць яе кляймення, начышчанасць абутку. Сачу за парадкам у класе. Гэты абавязак патрабуе пэўных лідарскіх якасцей: трэба ўмець наладзіць кантакт з таварышамі, за якіх ты нясеш адказнасць, быць для іх прыкладам.
Да слова, пра дзяўчат. У вучылішчы нельга наносіць макіяж і мець доўгія альбо яркія пазногці – дазваляю сабе гэта толькі дома на канікулах. (Смяецца.) І валасы павінны быць сабранымі. У параднай форме, акрамя штаноў, маем спадніцы.
Кадэты дзяжураць па інтэрнаце. У нарадзе 4 чала­векі: памочнік дзяжурнага выха­валь­ніка і 3 днявальных, якія сочаць за наяўнасцю на кожным паверсе вады ў кулеры, парадкам у пакоях, у тым ліку і агульнага карыстання. Яны знаходзяцца ў інтэрнаце ўвесь вольны ад заняткаў час, на перапынках таксама. Ноччу не дзяжурым, а на нядзелю фарміруем 2 нарады – яны нясуць варту па паўдня.

«Кадэцкае вучылішча – гэта адна вялікая сям’я», – дзеліцца Віялета. – Вельмі рада, што стала яе часткай!»
Дзяўчынка плануе пасля заканчэння 11-ці класаў атрымаць ваенную спецыяльнасць. Няхай спраўдзяцца ўсе мары і спадзяванні гэтай форменнай прыгажуні!

Парады будучым абітурыентам:
  • загадзя сабраць неабходныя дакументы (пералік ёсць на сайце) – 
  • іх прымаюць у першай палове чэрвеня; 
  • не цягнуць да апошняга з мед­камісіяй, каб на месцы не «завяр­нулі» з-за адсутнасці ці няпоў­най інфармацыі аб стане здароўя ў даведцы; 
  • калі будзе некалькі прэтэндэнтаў з аднолькавай колькасцю балаў, то перавагу аддадуць таму, хто мае вышэйшы гадавы сярэдні бал.

Фота аўтара і з архіва В. Польскай


Текст: Рита Дремо