Гостиница в Островце стояла на берегу Лоши

11:00 / 18.08.2023

IMG_3654.JPG

Вуліцы Кастрычніцкая, Ленінская і Карла Маркса знаходзяцца ў старой частцы горада. Карэспандэнт газеты «прагу­ляўся» па іх разам з астраўчанамі, якія расказалі гісторыю асобных мясцін. Прапа­нуем і чытачам пазнаёміцца з імі.

Гасцініца 

IMG_3751.JPG

Як выглядала папярэдніца сучаснай гасцініцы «Радугі» ў 60-я-70-я гады мінулага стагоддзя, расказваюць Людміла Стэх (у дзявоцтве Далінская) і Юрый Тухта. 

Людміла:

Стех Людмила Афанасьевна.JPG

– Яна стаяла на Кастрычніц­кай, на беразе Лошы. Той будынак захаваўся – у ім знаходзіцца аддзел адукацыі. 
Гасцініца належала жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Гэта быў аднапавярховы дом, трохпрыступчаты ганак якога ўпіраўся ў самую дарогу. А вось «бакавінкі», у адной з якіх знаходзіцца аддзел архітэктуры і ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а ў другой – двухпавярховая прыбудова аддзела адукацыі, з’явіліся пазней. 
Дарэчы, гасцініца і ў той час была атынкаванай, фасад меў бэжавы колер. 
Даводзілася туды заходзіць па рабочых справах і, наколькі памятаю, месца карысталася попытам: нумары не пуставалі,  часам іх не хапала. У асноўным жылі там камандзірованыя.
Калі ўзвялі «Радугу» (прыкладна ў 1980 годзе), будынак перадалі ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання.

Юрый:

Тухто Юрий Францевич.JPG

– Я хлапчанём часта пасля школы ў гасцініцу заходзіў – маці там працавала.
На ўваходзе справа быў пакой дзяжурнага, там стаяў сейф і тэлефон, яго нумар і цяпер помню: 21-2-10. З персаналу – толькі дзяжурныя, якія працавалі пазменна – суткамі. Яны ж выконвалі абавязкі адміністратара, касіра, прыбіральшчыка, кастэлянкі, пакаёўкі і вартаўніка. А вось адвезці-прывезці з пральні бялізну, а таксама слясарна-рамонтнымі справамі займаліся іншыя работнікі ЖКГ.
Паўз увесь калідор ляжала барвовая дывановая дарожка і такія ж пасярэдзіне пакояў.
У гасцініцы было 12 нумароў і адзін з іх меў двухстворкавыя дзверы са шклом, завешаным фіранкамі. Пакоі ў асноўным разлічаныя на 3-4 месцы, і, калі не змяняе памяць, некалькі нумароў было двухмесных – тыпу люкс.
Вокны ў пакоях былі дастаткова вялікія, завешаныя цюлем. Сцены ад столі да паловы беленыя, а далей фарбаваныя. Ложкі стаялі драўляныя, пры кожным – тумбачка. Пад акном размяшчаўся стол з графінам і гранёнымі шклянкамі. Стаялі і шафы, але не ў кожным нумары. 
Пасцельная бялізна была белай, пазначанай сінімі прамавугольнымі штампамі гасцініцы. Кожнаму кліенту выдавалі па 2 ручнікі – ільняны і вафельны.
З выгод меўся асобна абуладкаваны пакой з чатырма ўмывальнікамі, а на дварэ – прыбіральня на два аддзяленні.
Текст:
Фото: Рита Дремо И Островецкая ДШИ