Лепшых хлебаробаў саўгаса “Падольскі” адзначыў прафсаюз аховы здароўя
Стратэгічную значнасць уборкі добра разумеюць не толькі вяскоўцы, але і гараджане – ад гэтага залежыць харчовая бяспека краіны, а значыць – кожнага з нас.
Па добрай традыцыі апошніх гадоў падчас уборачнай кампаніі галіновыя прафсаюзы шэфствюць над рознымі раёнамі і ў гарачую для хлебаробаў пару прыязджаюць у рэгіён, каб адзначыць работу аграрыяў. З Падзякамі і падарункамі на гэтым тыдні на Астравеччыну завіталі лідары рэспубліканскага і абласнога прафсаюза аховы здароўя.
Штогод медыкі стараюцца адзначыць працаўнікоў розных гаспадарак, незалежна ад намалоту і колькасці перавезенага зерня. Летась, напрыклад, падарункі і грашовыя прэміі атрымала 9 работнікаў КСУП “Гудагай” і “Гервяты”. Сёлета прымалі віншаванні хлебаробы РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.
На ўскрайку поля літаральна на некалькі хвілін – падчас жніва час для аграрыяў на вагу золата! – спыніліся камбайны і аўтамабілі.
– У сённяшніх умовах асаблівую важнасць набывае ваша праца. Менавіта вы забяспечваеце харчовую бяспеку Беларусі. Сёння мы прыехалі падзякаваць вам ад усёй медыцынскай грамадскасці за хлеб на нашых сталах, – віншуючы хлебаробаў, падкрэсліў старшыня Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла.
– За нашай арганізацыяй замацаваны шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, – заўважыў прафсаюзны лідар медыкаў вобласці Уладзіслаў Галяк. – У першую чаргу жадаю вам моцнага здароўя, а таксама, каб не падводзілі ні тэхніка, ні надвор’е.
Бадай што самы вопытны не толькі ў саўгасе, але і ў раёне, камбайнер Іосіф Жэгарыс. Для механізатара сёлетняе жніво юбілейнае – 40-е. Камбайн “Ліда-1300” – у іншых гаспадарках такіх “пенсіянерак” даўно спісалі – абмалочвае “саўгасныя” нівы больш за 20 сезонаў. А ўсё таму, што гаспадар глядзіць за сваёй хлебаўборачнай машынай, “як за лялькай” – так кажуць у гэтай гаспадарцы. На жніве Жэгарысу сёлета дапамагае Іван Родзь.
З першых дзён уборкі ў лідарах “саўгаснага” табеля рангаў прапісаўся камбайнерскі экіпаж у складзе Дзмітрыя Шэшы і Міхаіла Козела, якія працуюць у пары больш 15-ці сезонаў.
Першым тысячнікам-вадзіцелем у гэтай гаспадарцы стаў Аляксандр Шылько. Больш таго, на яго рахунку ў дзень прыезду прафсаюзных лідараў было паўтары тысячы тон зерня.
Падчас уборкі важна не толькі прыбраць, перавезці і дасушыць сабраны ўраджай, але і размеркаваць яго: выканаць дзяржзаказ і засыпаць на захоўванне ў “саўгасныя” засекі. З гэтым на выдатна спраўляецца загадчык зернесклада Тэрэса Ступенька.
Як дырыжору падпарадкоўваецца аркестр, так галоўнаму аграному – усе ўдзельнікі жніва. Менавіта тэхнолаг палёў вырашае, якую культуру трэба абмалочваць у першую чаргу, і размяркоўвае фронт жніўных работ. За гэта і іншыя справы ў саўгасе адказвае Дзмітрый Малючак.
Да віншаванняў медыкаў далучыліся першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла і загадчык сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Шлыковіч.
У тэму
У саўгасе распрацавана сістэма заахвочвання занятых на жніве працаўнікоў. У залежнасці ад выкананай нормы для камбайнера, іх памочнікаў і вадзіцеляў прадугледжаны грашовыя прэміі. Іх і віншаванні ад дырэктара РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніса Кірпы і старшыні прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Людмілы Казлоўскай у гэты дзень прымалі вадзіцелі Анатоль Якубцэвіч і Аляксандр Шылько; камбайнерскія экіпажы: Мікалай і Альберт Капусты, Іван Аўгуль і Антон Аўлас, Дзмітрый Шэша і Міхаіл Козел.