Як праходзіць ўборка ў адзінай у раёне насенняводчай гаспадарцы – КСУП “Гудагай”
08:00 / 05.08.2023
З добрым настроем на жніве працуюць Уладзімір Шаблавінскі і Ігар Бараноўскі
Аграрыі раёна намалацілі амаль 26 тысяч тон збожжа і рапсу, з якіх 9 тысяч – хлебаробы КСУП «Гудагай». Гэта адзіная гаспадарка на Астравеччыне, якая спецыялізуецца на вытворчасці насеннага матэрыялу збожжавых і бульбы, а яе працаўнікі штогод перамагаюць у прафсаюзным жніўным спаборніцтве.Што найлепш урадзіла на «гудагайскіх» палях, а што найгорш? Хто ўбірае саспелы ўраджай і дзе ён захоўваецца? Пра гэта і іншае даведалася, завітаўшы на жніво
ў КСУП «Гудагай».

Зернесушыльная гаспадарка «Гудагая» прадстаўлена трыма магутнымі сучаснымі комплексамі ў Малях, Германішках і Палушах.
Асноўныя работы па дасушцы ажыццяўляюць у спецыяльнай шахце. За адзін раз такі гігант «паглынае» звыш 70 тон зерня, кіраванне ўсімі працэсамі тут камп’ютарызаванае. З шахты зерне адпраўляюць на дапрацоўку ў бункер. А адтуль яго пагружаюць у машыну і вязуць у сховішча.
У Палушах гэтым займаецца Генадзь Масальскі. Мужчына таксама сочыць за работай спецыяльнай лініі ачысткі, дзе дапрацоўваецца зерне на насенны фонд.
Некалькі разоў на дзень зерне правяраюць партатыўным вільгометрам. За гэтым заспела кладаўшчыка Алену Лапшэвіч.
На развітанне пацікавілася ў Алены Лапшэвіч, ці задаволена яна ўраджаем.
– Спёка і адсутнасць ападкаў зрабілі сваю справу: зярняты не наліліся. Але ўбраць трэба ўсё, што саспела, і спарадкаваць, – з веданнем справы зазначыла кладаўшчык.
З галоўным аграномам КСУП «Гудагай» Андрэем Ненартовічам з зернесклада накіраваліся на поле, дзе хлебаробы ўбіралі азімы трыцікале.
Адзначу, што тэхнапарк у гаспадарцы абнаўляюць штогод. Сёлета ў КСУП «Гудагай» з гомсельмашаўскага канвеера прыбылі 2 новыя камбайны КЗС-3219, на іх працуюць лідары раённага жніва – Яўген Грабоўскі з Віктарам Вашкевічам і Сяргей Трусевіч з Аляксандрам Ярашэвічам. Пра новыя агрэгаты механізатары адгукаюцца станоўча.
У камбайне магутнасцю 390 конскіх сіл захавана двухбарабанная сістэма абмалоту папярэдніх хлебаўборачных мадэляў. Гэта дазваляе не толькі хутка, але і беражліва абмалочваць збажыну. Разам з тым у камбайне з’явіліся і новыя фішкі. Напрыклад, унікальная ротарная сістэма саломасепарацыі, што дазваляе павысіць якасць уборкі і зменшыць страты зерня пры абмалоце.
На адносна новых камбайнах працуюць і іншыя механізатары. Не з першай спробы, але ўсё ж хоць на хвілінку атрымалася спыніць вялікія жніўныя машыны і перакінуцца некалькімі словамі з хлебаробамі.
Пазалетась новы КЗС-1218 даверылі Вітольду Ромашу. Хоць у КСУП «Гудагай» працуе трэці сезон, механізатарскую, а тым больш камбайнерскую, справу добра ведае.
Летась тройку камбайнераў-тысячнікаў замкнулі Браніслаў Каляда і Іван Герасім. Тады ім даверылі новы камбайн КЗС-1218 вытворчасці «Гомсельмаш». Сёлета мужчыны ізноў працуюць у пары. Да слова, для іх гэта 9-е сумеснае жніво.
– Не верце, калі вам скажуць, што паміж экіпажамі няма саперніцтва. Летась за 2 месца дужаліся з Бабойцем, але гэта была сумленная барацьба. «Гервятцы» нас абышлі, – успамінае мінулы сезон Іван Герасім. – Сёлета пакуль трымаемся на чацвёртай пазіцыі. Найбольш запомнілася ўборка пры Масейку, рапс тады на круг даваў звыш 70 цэнтнераў. У той год мой асабісты валавы намалот склаў больш за 2 500 тон.
Не горш за аксакалаў шчыруюць на жніве і маладзёжныя экіпажы. Увогуле ў гэтай гаспадарцы з 12 камбайнерскіх экіпажаў 5 – маладзёжныя. Відаць, і пагэтаму КСУП «Гудагай» наперадзе ўсяго раёна.