История родной Островетчины

09:05 / 03.03.2013

У Альхоўскай сярэдняй школе прайшоў тыдзень гісторыі. Школьнікаў чакаў шэраг цікавых мерапрыемстваў, падчас якіх нам неабходна было паказаць, наколькі добра мы ведаем гісторыю сваёй Радзімы.


На пачатку тыдня прадэманстраваць свае веды школьнікам прапаноўвалася ў віктарыне “Мы вывучаем гісторыю роднага краю”, падрыхтаванай для кожнага класа асобна. Заўважым, што віктарына ўключала пытанні не толькі па гісторыі Беларусі, але і па гісторыі Астравецкага раёна ў цэлым. Папоўніць прабелы ў сваіх ведах, знайсці новыя і цікавыя факты навучэнцы змаглі дзякуючы спецыяльна арганізаванай выставе кніг па гістарычнай тэматыцы. Вельмі цікавым і прадуктыўным стаў конкурс малюнкаў на тэму “Святы і традыцыі беларускага народа”. Каляды, Масленіца, Саракі, Купалле… – дзецям удалося адлюстраваць шырыню і багацце беларускай народнай культуры. Вядома, не засталіся ў баку і традыцыйныя Дажынкі – ім школьнікі таксама прысвяцілі шмат цікавых работ. Своеасаблівай перадышкай у насычаным тыдні стаў прагляд відэафільма “Астравок сакральнасці”, прысвечаны дзеячам культуры і рэлігійным помнікам Астравеччыны. З вялікага шэрагу мерапрыемстваў асабліва запомнілася нам выступленне настаўніцы гісторыі Людмілы Уладзіміраўны Саўко на тэму “З гісторыі маёнтка ў Двары і яго жыхароў”. У падрыхтоўцы да гэтага цікавага паведамлення пра былую вёску Двор і панскі маёнтак, дзе раней жыў пан Іван Яцкоўскі, прынялі ўдзел вучні старэйшых класаў – яны паспрабавалі сябе ў ролі даследчыкаў. А падзяліліся сваімі ўспамінамі старажылы Альхоўкі – В.І. Талуць, Э.Б. Янушэўскі, С.С. Бранцэвіч, Я.У. Янушэўская. Завяршальным этапам тыдня гісторыі стала абарона пошукавых работ на тэму “Лёсы людскія”, якая прайшла ў суботні дзень. Нягледзячы на мароз, у зале сабаралася шмат аматараў гісторыі. Тут навучэнцы прадэманстравалі прэзентацыі і выступленні аб вядомых і паважаных жыхарах Альхоўкі. Героямі вучнёўскіх даследаванняў сталі Я.У. Чабатароў, былы дырэктар Альхоўскай школы, І.А. Скаруцкая, заслужаны настаўнік Беларусі, якая калісьці працавала ў нашай школе, В.Э. Шыманэль, працавітая шматдзетная маці, Я.Б.Лазарэвіч, былая работніца кардоннай фабрыкі “Альхоўка”, чалавек, захоплены фальклорам, цудоўная спявачка і бабуля, майстрыха А.Ф. Старук, В.Д. Ожэг, былы дырэктар Альхоўскай кардоннай фабрыкі, паважаны чалавек у пасёлку і дзядуля, В.І. Дзянісава, былы эканаміст фабрыкі. Вынікі тыдня гісторыі падводзіліся на агульнашкольнай лінейцы. Усе класы былі адзначаны граматамі за актыўны ўдзел. Асобнай граматай узнагародзілі вучаніцу 10 класа Вольгу Ожэг за цікавую і змястоўную прэзентацыю на тэму “Лёсы людскія”. А самыя актыўныя ўдзельнікі тыдня гісторыі атрымалі салодкія падарункі. Тыдзень закончыўся, і галоўнае, што мы зразумелі: вывучаць гісторыю сваёй Радзімы, сваёй вёскі, ведаць пра жыццё аднавяскоўцаў – гэта цікава, карысна і займальна.


--------------------------- Вольга ЛАЗАРЭВІЧ , вучаніца 8 класа.


Фота з сайта ziza.qip.ru.