Мастакоў і не толькі «сабраў» у сваёй сядзібе ў Трокеніках Мар’ян Богуш-Шышка
Трокеніцкая зямля стала крыніцай натхнення не толькі для таленавітага жывапісца Мар’яна Богуша-Шышкі – ужо другі год на пленэры тут сустракаюцца вяскоўцы, мастакі, творчыя дзеячы.
Пленэр «Лета ў правінцыі. Сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі –2023» сабраў аматараў жывапісу, выяўленчага мастацтва і проста неабыякавых людзей. Мерапрыемства разгарнулася на пляцоўцы каля бібліятэкі-клуба.
Шмат цёплых слоў і пажаданняў землякам і гасцям прагучала з вуснаў загадчыка сектара культуры райвыканкама Вольгі Баяровіч. Яна адзначыла, што Трокеніцкая зямля дорыць асаблівае натхненне і пажадала ўдзельнікам пленэра атрымаць асалоду ад працы.
Самабытнасць і каларытнасць сядзібы падкрэсліў старшыня Варнянскага сельсавета Аляксандр Вярбовіч і падзякаваў гасцей за тое, што знайшлі час, каб прыехаць сюды.
Маляўнічая прырода, гістарычная мясціна – усё гэта дорыць натхненне, пераносіць у іншую эпоху. На працягу дня мастакі тварылі свае шэдэўры. На карцінах адных паўставалі краявіды, хтосьці адлюстроўваў прыгажосць парку, кагосьці заварожвала сама сядзіба.
Перадаць незвычайнасць гэтай мясціны імкнуліся Тарэса і Вікторыя Варановічы, Аляксандра і Ніна Сосна, Алег Безляповіч, Віялета Більдзюк (дарэчы, на свяце таксама дзейнічала яе персанальная выстава «Подсознание»), Паліна Пазлевіч, Людміла Кухарэвіч.
Падзячнымі лістамі і падарункамі за ўдзел былі ўзнагароджаны ўсе мастакі.
На сцэне выступалі артысты Астравеччыны і народны хор ветэранаў працы. Яны дарылі гасцям яркія творчыя нумары: песні, частушкі, вершы.
Шмат заняткаў знайшлося і для дзяцей. Працавалі зона адпачынку, майстар-клас, тату-салон, спартыўная пляцоўка, прысвечаная II Гульням краін СНД, фотазоны з карцін вядомых мастакоў. Упрыгожылі свята роставыя лялькі.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.