Максім Андралойць перамог на лёгкаатлетычным турніры ў Маскве

08:30 / 26.07.2023

2.jpg

Беларускія лёгкаатлеты ўдала выступілі на двух спаборніцтвах у Маскве. Наш зямляк Максім Андралойць святкаваў перамогу ў турніры “Шлях да Алімпу” – адным з этапаў серыі “Каралева расійскага спорту”.

Па звестках Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь астраўчанін паказаў лепшы вынік у нестандартным фармаце шматбор’я Speedy Pentathlon – хуткім пяцібор’і, калі ўдзельнікі павінны выканаць усе дысцыпліны не больш чым за 3 гадзіны.

Дыстанцыю 60 метраў з бар’ерамі атлет адолеў за 8,20 секунды, скокнуў у даўжыню і ў вышыню на 7,25 і 2,04 метра адпаведна, штурхнуў ядро на 15,85 метра і заключныя 600 метраў прабег за 1,28 хвіліны. У выніку Максім Андралойць набраў 4 166 ачкоў – гэта на 12 менш за рэкорд гэтых спаборніцтваў.

– Ставіў перад сабой задачу перамагчы, а заадно і патрэніравацца – склалася ўсё добра. Турнір быў арганізаваны на самым высокім узроўні, – падзяліўся ў мэсаджары ўражаннямі астраўчанін. – Неўзабаве пачнецца галоўны старт гэтага сезона, дзе трэба паказваць сур’ёзны вынік.

Віншуем земляка з чарговай перамогай і жадаем паспяховага выступлення на Чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, які з 28 па 30 ліпеня пройдзе на мінскім стадыёне “Дынама”.

Текст:
Фото: з архіва “АП”