На жніве-2023 першым сярод вадзіцеляў тысячу тон зерня перавёз Іосіф Бабіч з КСУП “Гудагай”

15:30 / 25.07.2023

IMG_0818.JPG

Масавае жніво, якое больш за тыдзень віруе на раённых нівах, не прымусіла чакаць сваіх герояў. Першым сярод вадзіцеляў Астравеччыны тысячу тон зерня перавёз Іосіф Бабіч з КСУП “Гудагай”.

На працягу апошніх гадоў менавіта вадзіцелі гэтай гаспадаркі займаюць увесь жніўны п’едэстал прафсаюзнага спаборніцтва. Іосіф Станіслававіч, які працуе ў сельскай гаспадарцы шафёрам звыш 35-ці гадоў, неаднойчы ўваходзіў у тройку прызёраў. Пазалетась на адвозе зялёнай масы калег не прапусціў наперад.

Раніцай у аўторак, 25 ліпеня, мужчына першым у раёне “запісаў” на свой рахунак жаданыя тоны. Для параўнання: летась вадзіцель-тысячнік з’явіўся ў раёне толькі 3 жніўня.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула павіншавалі Іосіфа Бабіча і ўручылі яму грашовую прэмію і дыплом.

IMG_0812.JPG

– Пераможны вынік стаў магчымым дзякуючы некалькім фактарам. Па-першае, вы прафесіянал, па-другое, старанна падрыхтавалі да ўборкі тэхніку і клапоціцеся пра спраўнасць аўтамабіля. Дзякуй за працу! – віншуючы, сказаў Іван Карніла.

Юрый Адула пажадаў вадзіцелю не збаўляць тэмпаў і спрыту і перавезці 2 тысячы тон зерня.

У першага тысячніка жніва-2023 пацікавілася, як атрымалася абысці калег, бо ўсе “гудагайскія” вадзіцелі возяць зерне на МАЗах з прычэпамі.

– Аўтамабіль не падвёў мяне, – уміхніўся мужчына. – Сакрэтаў няма. Галоўнае – не ленавацца і працаваць. Што мы, вяскоўцы, і робім.

Віншуем Іосіфа Станіслававіча з перамогай!

Текст:
Фото: Алёна Ганулич