На дыскатэкі і ў паходы ходзяць людзі залатога ўзросту

14:30 / 23.07.2023

599.jpg

Людзі залатога ўзросту называюць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяль­нага абслугоўвання насельніцтва цёплым, гасцінным домам і з вялікай ахвотай яго наведваюць. Бо тут іх чакаюць і заняткі па душы, і прыемныя, сяброўскія стасункі, і цікавы адпачынак. Нядаўна вось праводзілі рэтра-дыскатэку. 

Яе вядучая Яўгенія Шаптун прапанавала гасцям забаўляльную праграму: вікта­рыну, папулярныя мелодыі часоў іх маладосці,  якія ўсе прысутныя   дружна падпявалі, а потым пусціліся ў скокі. Словам, адвялі душу і пажадалі паўтарэння. Таму ў недалёкай будучыні  чакаецца яшчэ адна дыскатэка.
Якое ж лета без паходаў на прыроду? Арганізоўваць іх – даўняя традыцыя.  Любімае месца адпачынку – маляўнічыя берагі Янаўскага вадасховішча. Туды і накіраваліся  аматары актыўнага адпачынку. Вядома ж, варылі  духмяную юшку, смажылі шашлыкі і  каўбаскі на вогнішчы. Ды  рабілі ўсё з песняй, жартамі, тэатральнымі мініяцюрамі, спартыўнымі  спаборніцтвамі. Гледзячы на ўдзельнікаў, ніяк не верылася, што яны – людзі шаноўнага ўзросту.
А кульмінацыяй «вылазкі» на прыроду стала добраахвотная акцыя: удзельнікі навязалі  ў падарунак фізкультурна-аздараўленчаму комплексу венікаў – бярозавых, дубовых,  з ядлоўцу. Вось будзе сюрпрыз аматарам лёгкай пары!

Фота Маргарыты КАЧАН.


Текст: