Жніво-2023: хто і што будзе ўбіраць і падарункі прымаць

09:15 / 18.07.2023

4.jpg

Эпагей вясковага жыцця – жніво. У яго хуткім вірлівым тэмпе жывуць усе працаўнікі аграпрамысловага комплексу. Напачатку масавай уборкі даведаліся ў прафсаюзнай арганізацыі і ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання пра фронт жніўных работ, яго ўдзельнікаў і іх заахвочванне. 

1 .jpg

Міхаіл Шлыковіч, загадчык сектара раслінаводства:
– Аграрыям раёна трэба абмалаціць амаль 15 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых, гэта без уліку кукурузы, грэчкі і проса, 3 020 гектараў рапсу. Найбольшы збожжавы жніўны клін у КСУП «Гервяты» (3 915 гектараў), найменшы – у КСУП «Варняны» (2 463). 
Азімы ячмень, пад які ў раёне адведзена 410 гектараў, зжалі ўсе гаспадаркі. Валавы намалот пры сярэдняй ураджайнасці 31,6 цэнтнера з гектара (летась – 50 ц/га) склаў 1 300 тон. Найлепш гэтая культура сыпалася ў КСУП «Гервяты»: на круг камбайнеры намалочвалі каля 50 цэнтнераў. 
Рабіць прагнозы на ўраджай – справа няўдзячная, але ўжо зараз можна смела казаць, што ён будзе значна горшым, чым летась. У апошнія два месяцы вільгаці не хапала катастрафічна. Задача нумар адзін – у аптымальныя тэрміны, а галоўнае – без страт убраць ураджай. Упэўнены, што нашы хлебаробы справяцца. 

adulo.jpg

Юрый Адула, старшыня Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў АПК:
– Не толькі ў нашым раёне, але і ва ўсёй краіне існуе цудоўная традыцыя ўшанавання так званых тысячнікаў: камбай­нераў і іх памочнікаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных установак. Распрацавана палажэнне аб арганізацыі раённага прафсаюзнага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 2023 годзе і падвядзенні яго вынікаў. З пачаткам масавага жніва райкам улічвае вынік кожнага ўдзельніка ўборачнай кампаніі – звесткі пра перадавікоў можна будзе знайсці на нашым сайце.
Пры падвядзенні вынікаў будзем улічваць і збожжа, і рапс. Узнагаро­джваць лідараў будзем непасрэдна ў дзень дасягнення імі пераможнага выніку. 
Райкам адзначыць тры першых экіпажы камбайнераў, якія намалоцяць тысячу тон – незалежна ад прапускной здольнасці хлебаўборачных машын. Падзяку і грашовую прэмію атрымае адзін маладзёжны экіпаж. 
Некалькі гадоў назад сярод вадзі­целяў мы вырашылі размежаваць намінацыі. Згадзіцеся, невялікаму «газончыку» немагчыма дужацца з габарытным МАЗам, які цягне за сабой 2 прычэпы. Сёлета адзначым трох першых вадзіцеляў-«тысячнікаў», якія працуюць на аўтамабілі з грузападымальнасцю звыш 5-ці тысяч тон, і першага вадзіцеля аўтамабіля з грузападымальнасцю да 5-ці тон. Ушанаваны будзе і адзін малады вадзіцель. 
Пераможцамі будуць прызнаны 3 бры­гады машыністаў зернесушыльных комплексаў, якія першымі ў раёне давядуць да патрэбнай кандыцыі дзве і больш тысяч тон.
Будзе адзначаны галоўны аграном ці адказны за ўборку гаспадаркі, якая першай перасягне тысячны намалот, а таксама намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце – за лепшую інфармацыйную работу пра ход уборачнай кампаніі і яе лідараў.  
Адзначу, што ва ўсіх гаспадарках для занятых на жніве працаўнікоў будзе арганізавана двухразовае гарачае харчаванне і выдадзена спецадзенне. 

ef.jpg

Рэната Яфімава, галоўны інжынер: 
– На 13 лі­пеня гатоўнасць збожжа­ўборачнай тэхнікі 100%. Са станоўчага боку адзначу ўсе сельгаспрад­прыем­ствы раёна. Хоць эканамічнае становішча КСУПаў адрозніваецца, тым не менш ва ўсіх гаспадарках адказна падышлі да падрыхтоўкі хлебаўборачных агрэгатаў да жніва. Запчасткі набывалі і за ўласныя сродкі, і за кошт рэспубліканскіх, абласных і раённых субсідый. Няма вялікіх пытанняў і па гатоўнасці зернесушыльных комплексаў. 
Напачатку масавай уборкі два камбайны атрымаў КСУП «Гервяты». Па адной новай хлебаўборачнай машыне павінна з’явіцца ў КСУП «Варняны» і «Міхалішкі».  
На жніве будзе задзейнічана крыху больш за 50 камбайнаў, прыблізна столькі ж адзінак тэхнікі – на адвозе зерня. 
На палях раёна будуць працаваць работнікі і тэхніка многіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна: 17 механі­затараў; 5 трактараў, 13 грузавых аўтамабіляў. Па традыцыі дапамогуць у гэтую адказную пару сельгастэхніка, лясгас, жыллёва-камунальная гаспадарка, РАУС, РАНС, Бел­АЭС, аўтапарк №4, Смаргонскі філіял Гродзенскага райспажыўтаварыства. 
У тэхнікі ёсць уласцівасць ламацца, але, спадзяюся, прастояў не будзе – усе праблемныя моманты мы пастараліся загадзя закрыць. 
Текст: