Иван Бутько из Подольцев награждён орденом Красной Звезды
08:15 / 02.07.2023
Пра жыццёвы шлях ветэрана расказвае яго дачка – жыхарка Падольцаў Вера Малахвей.
ФРАНТАВЫЯ ДАРОГІ
Нарадзіўся Іван Віктаравіч 8 лістапада 1925 года ў в. Бярозаўцы, што на Шчучыншчыне.
– Дзядуля з бабуляй былі сялянамі, зямлі мелі мала, ды і тая неўрадлівая. А ў хаце пяцёра дзяцей! Хутка пасля нараджэння апошняй татавай сястры памерла іх маці. Дапамагала глядзець дзяцей цётка, – расказвае пра Івана Буцько дачка. – Да вайны бацька скончыў 4 класы, пісаў граматна, праўда, знакаў прыпынку не прызнаваў: косак у сказе для яго не існавала. (Усміхаецца.)
Франтавыя дарогі паклікалі Буцько ў 1944-м, пасля вызвалення роднага раёна.
– Вялікую Айчынную наша маленькая вёсачка, дзякаваць Богу, перажыла адносна спакойна: жыхароў абмінуў лёс Зінякоў, што ў кіламетрах 20-ці ад Бярозаўцаў, – дзеліцца Вера Іванаўна. – Тату прызвалі ў Чырвоную армію ў ліпені. Ён трапіў у 45-ты запасны артылерыйскі полк, дзе атрымаў спецыяльнасць стралка. Пра вучэбку ў бацькі былі сумныя ўспаміны: слаба кармілі – усё прыгадваў суп з лебяды.
9 верасня Буцько прыняў ваенную прысягу і адправіўся на фронт. Яго накіравалі ў 275-ты гвардзейскі знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк гарматным нумарам. Змагаўся на перадавой хлопец да студзеня 1945 года, пакуль не атрымаў асколачнае раненне сцягна. За праяўленыя ў тым баі доблесць і мужнасць Івана Віктаравіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.
– Лячылі бацьку ў палявым шпіталі, і праз месяц ён зноў быў страі. Праўда, пасля выздараўлення яго перавялі ў 216-ты стралковы полк – кулямётчыкам ручнога кулямёта, – працягвае жанчына.
Месяц баёў – і Іван зноў трапляе ў ваенны шпіталь: зноў асколачнае, у тую ж нагу, а яшчэ і моцны апёк прадплечча. Пасля таго ранення з гарматамі-кулямётамі хлопцу давялося развітацца. Прайшоўшы хуткую навуку па пракладцы кабельных ліній, Буцько вяртаецца ў шэрагі абаронцаў: служыць у 80-м гаўбічным артылерыйскім палку тэлефаністам. Пазней яго пераводзяць камандзірам аддзялення правадной сувязі ў 436-ты гаўбічны артполк.
І ў сувязі адзначылі нашага зямляка. Так, у загадзе аб узнагароджанні яго медалём «За адвагу» чытаем, што ў баі 2 мая 1945 года чырвонаармеец 80-га палка Буцько «пад агнём праціўніка забяспечыў бесперабойную лінію сувязі для пункта назірання з агнявымі пазіцыямі».
– Вельмі тата не любіў расказваць пра вайну. А калі даводзілася пра тое завесці размову, то гэта былі гісторыі не пра крывавыя баі, а «смяшынкі», якія з ім здараліся, – прыгадвае дачка ветэрана. – Усё здзіўляўся: нашто вам слухаць пра гэтыя жахі? І давай расказваць, як бліны пяклі.
…Пракладваючы лінію сувязі, Іван з таварышамі сядзелі ў падвале некалькі сутак. Есці не было чаго. Знайшлі там мяшок з белым рэчывам, пакаштавалі яго – і, вызначыўшы, што гэта мука, вырашылі спячы бліны. Разбаўталі з вадой, знайшлі нейкую бляху, распалілі вогнішча і ўзяліся гатаваць.
«Смажым-смажым, а яны ўсё белыя ды белыя, чакаем – не румяняцца…», – усміхаўся, прыгадваючы той момант Іван Віктаравіч. Ажно потым высветлілася, што яны зрабілі рошчыну не з мукі, а з мелу.
Неяк на чарговую просьбу дачкі ўзгадаць Вісла-Одарскую аперацыю ён нервова адазваўся: «Ну што ты хочаш пачуць? Як плылі па Вісле ільдзіны ўперамешку з трупамі і вада чырвонай ад крыві была?!»
– Затое як пры бамбёжцы чыгуначнай станцыі снарад патрапіў у вагон з шакаладам і той, расплавіўшыся, гарэў ярка-сінім полымем, ад бацькі чула неаднаразова, – гаворыць Вера Малахвей. – Альбо як у Германіі везлі на машыне скрыні цукерак, убачылі пры дарозе дзяцей і пачалі ім раскідваць жменямі салодкія пачастункі, а малыя радаваліся падарункам ад рускіх салдат.
– Узгадваў сустрэчу з амерыканцамі на Эльбе – тыя пераплылі раку, каб да нашых трапіць. «Мяне негр метры ў два ростам на радасцях як усхапіў, як падняў! Ён смяецца, зубы толькі блішчаць, а ў мяне адна думка: усю вайну прайшоў – а тут, мабыць, і прыйшоў канец!» – узгадвае бацькавы расповеды жыхарка Падольцаў. – Па-першае, тата невялікага росту быў, а па-другое, ён неграў ніколі не бачыў – таму так перапалохаўся.
Малодшы сяржант Буцько дэмабілізаваўся толькі ў чэрвені 1950 года – служыў камандзірам аддзялення сувязі ў вайсковай часці, якая базіравалася ў Германіі. Самым яскравым успамінам ветэрана было выкрыццё праз некалькі месяцаў пасля Перамогі банды фашыстаў, якія хаваліся на падземным аэрадроме ў Альпах.
Баявыя ўзнагароды Івана Буцько:*ордэн Чырвонай Зоркі,
*медаль «За адвагу»,
*медаль «За вызваленне Варшавы»,
*медаль «За перамогу над Германіяй
у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»,
*ордэн Айчыннай вайны І ступені.
МІРНАЕ ЖЫЦЦЁ
Пасля службы ў арміі Іван Віктаравіч вярнуўся на радзіму, пайшоў працаваць у калгас, а праз нейкі час адправіўся ў Тульскую вобласць на шахты здабываць вугаль. Там ажаніўся на мясцовай жанчыне, але пражылі яны нядоўга – жонка памерла пры родах. Засталося дзіця.
– Хлопчык слабенькі быў, таму бацьку яго не аддавалі, – расказвае Вера Іванаўна.
Пакуль дзіця заставалася ў бальніцы, Іван паехаў наведаць бацькоў. Тады і сустрэў ён сваю Зінаіду. Расказаў ёй, што жонка памерла, а сына не выпісваюць з бальніцы, бо дзіця хварэе. А тая, слухаючы, незнарок прамовіла: «Выгадуем!» У Расію яны адправіліся ўдваіх.
– На жаль, браціка выратаваць не змаглі… Потым нарадзілася я – у бацькоў была адзіным дзіцям, – дзеліцца Вера Малахвей.
У 1961-м сям’я Буцько вярнулася ў Бярозаўцы. Іван з Зінаідай уладкаваліся ў мясцовы калгас.
– Тата працаваў на ферме, потым млынаром на зернескладзе. Меў залатыя рукі – усё што заўгодна мог змайстраваць. Быў самавучкам. У мяне да гэтага часу стаіць зроблены ім пісьмовы стол. Табурэткі, крэслы… Што там – дом пабудавалі з мамай удваіх. А кошыкі якія прыгожыя выплятаў! На выставу можна было аддаваць! Гаспадаром быў адменным. Аднавяскоўцы яго паважалі: калі Іван сказаў, значыць, так і будзе, – усміхаецца дачка ветэрана. – Мне ў дзяцінстве аднаго бацькавага позірку было дастаткова, каб зразумела, што пераходжу межы дазволенага.
Да слова, спецыяльнасць сувязіста, набытая ў вайну, дапамагала Івану Віктаравічу і ў мірным жыцці: ён мог адрамантаваць любую тэхніку.
Буцько ўжо былі на пенсіі, калі іх забрала да сябе ў Падольцы дачка. Прыехаў у наш край ветэран у 1990-м і пражыў тут 10 гадоў. У 2000-м яго не стала.
– 9 Мая было для яго святам святаў, – дрыжачым голасам прыгадвае бацьку Вера Іванаўна. – Ніколі не адмаўляўся выступіць перад дзецьмі, расказаць пра вайну. Дырэктар Падольскай школы Рычард Мікалаевіч Саўко, вечная яму памяць, арганізоўваў пасядзелкі для ветэранаў вайны і заўсёды іграў ім на акардэоне – бацька шчаслівы вяртаўся з такіх сустрэч, яны былі цёплымі і сяброўскімі!
Баявыя ўзнагароды Іван Віктаравіч трымаў у асобнай шкатулцы, а для ордэнаў і медалёў меў асобны пінжак, які апранаў, калі ішоў на сустрэчы са школьнікамі, урачыстасці Дня Перамогі і іншыя святы. З чуллівасцю ставіўся да паштовак, якія яму дасылалі на 9 Мая, – усе абавязкова захоўваў і час ад часу пераглядваў.
– Асабліва даражыў віншаваннямі-трохкутнічкамі ад кіраўніка краіны – ставіў іх па значнасці ўпоравень з баявымі ўзнагародамі. Гэта ж не жартачкі: на пісьме зваротны адрас – рэзідэнцыя Прэзідэнта! – расказвае дачка ветэрана. – І вельмі любіў кнігі пра вайну. Часам, прачытаўшы нейкі эпізод, нават абураўся, што аўтар занадта перабольшвае ці ідэалізуе героя.
Частку фотаздымкаў, а таксама ўсе бацькавы ўзнагароды жанчына аддала свайму ўнуку Івану, якога назвалі ў гонар прадзеда. Хлопчык вельмі трапятліва ставіцца да гэтага.
– Маленькі зусім быў, а, пераглядаючы татавы медалі, ужо з гонарам казаў: «Мой прадзед – герой!» – усміхаецца Вера Малахвей.
Помняць пра ветэрана не толькі яго родныя: іменем Івана Віктаравіча Буцько названы піянерская дружына і студатрад Падольскай школы.