Республиканский семинар по вопросам животноводства прошёл в Островце (обновлено)
Кадры, каровы, кармы, кантроль – аснова жывёлагадоўлі
Захаванасць буйной рагатай жывёлы на малочна-таварных фермах і комплексах, барацьба з падзяжом – гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі на рэспубліканскім выязным семінары-нарадзе, які па ініцыятыве Гродзенскага Камітэта дзяржкантролю прайшоў у Астраўцы і Смаргоні. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі КДК рэспублікі, старшыні камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчавання аблвыканкамаў.
– Жывёлагадоўля з’яўляецца асновай сельгасвытворчасці і дае звыш 60% выручкі. Забеспячэнне захаванасці маладняку, як і запаўненне жывёлагадоўчых аб’ектаў пад разлічаную магутнасць, – перадумовы для нарошчвання прадукцыі мясамалочнай галіны, – адкрываючы семінар, падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.
У асноўным падзеж адбываецца з-за парушэння тэхналагічнага рэгламенту вырошчвання буйной рагатай жывёлы. Мікраклімат, умовы ўтрымання, збалансаваны рацыён, своечасовае правядзенне вакцынацый і лячэнне – асноўныя ўмовы для вырошчвання здаровай жывёліны.
– Рэалізацыя плана дзеянняў Урада і Камітэта дзяржаўнага кантролю па выпраўленні прычын і ўмоў, які спрыяюць невытворчаму выбыццю буйной рагатай жывёлы, жорсткі кантроль з боку правяраючых органаў у цэлым далі станоўчыя вынікі. Але, на жаль, не ва ўсіх рэгіёнах. Аналіз паказвае, што са 118 раёнаў 47 “плюсуюць” па выбыцці жывёлы – у асноўным гэта тычыцца Магілёўскай і Віцебскай абласцей. У апошняй, на мой погляд, з-за таго, што там найпазней пачалі працаваць над выпраўленнем сітуацыі, – адзначыў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусі Дзмітрый Баско. – Пытанняў, над вырашэннем якіх трэба працаваць, шмат.
У вобласці
Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін расказаў пра прынятыя ў вобласці меры па недапушчэнні невытворчага выбыцця жывёлы, у тым ліку пра выпраўленне выяўленых недахопаў.
– За апошнія 3 гады па вобласці склалася станоўчая дынаміка. За 5 месяцаў бягучага года ў параўнанні з мінулым падзеж зменшыўся на 1 300 галоў, – расказаў Ігар Сарокін. – Варта ўлічыць, што забой жывёлы скараціўся больш чым на 30%, продаж насельніцтву – на 50%, фактычна невытворчае выбыццё ў цэлым зменшылася на 2%.
Асноўныя прычыны незахаванасці жывёлы, па меркаванні спецыяліста, у тым, што на комплексах значна большая шчыльнасць жывёлы – а гэта рызыка захворванняў і больш позняга іх выяўлення.
Для параўнання: раней на аднаго аператара машыннага даення прыходзілася 37 кароў, цяпер – 84. Пагалоўе на жывёлагадоўчых аб’ектах крыху больш чым за 10 гадоў вырасла ў сярэднім з 244 галоў да 481. За апошнія 5 гадоў колькасць занятых у сельскай гаспадарцы працаўнікоў скарацілася на 6 700 чалавек, ці 19%. Пры гэтым рабочых па абслугоўванні жывёлагадоўлі, пры ўліку павелічэння пагалоўя, паменшала на 2,5 тысячы, ці 18%. Забяспечанасць галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі складае 78% і 79% адпаведна, спецыялістамі такога ж профілю сярэдняга звяна – 88 і 79%.
– Кадравую праблему вырашаюць за кошт мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і іх замацавання на месцах, дзякуючы стымулюючым выплатам і іншым мерам, – працягнуў Ігар Сарокін. – З 2017 года ў вобласці прынята праграма па вырошчванні цялят у індывідуальных дамках і боксах. За 5 гадоў забяспечанасць імі вырасла з 22,8 тысячы да 50,9 тысячы адзінак. Усе 450 малочна-таварных комплексаў ўкамплектаваны неабходным абсталяваннем: пастэрызатарамі, маразільнымі камерамі, размарожвальнікамі малозіва, зондамі, дрэнчарамі, каластромерамі. Шмат зроблена па аснашчанасці аб’ектаў відэакамерамі: летась яны былі на 40 комплексах, у гэтым годзе – на 211. Амаль на ўсіх МТК устаноўлены сістэма вентыляцыі і дазатрометры для ўвядзення энергетычных дадаткаў з мэтай прафілактыкі кетозаў у кароў, асабліва ў першацёлак.
Начальнік аддзела ветэрынарыі камітэта сельгасхарчу аблвыканкама Мікалай Кот акрэсліў структуру і задачы дзяржаўнай ветэрынарнай службы вобласці.
У раёне
Практычная частка семінара праходзіла на базе КСУП “Гудагай”. Дэлегацыя паназірала за працэсам корманарыхтоўкі і азнаёмілася з работай спецыяльнага прыбора, які дазваляе зрабіць аналіз зялёнай масы за некалькі хвілін прама ў полі.
Намеснік дырэктара КСУП “Гудагай” па вытворчасці Андрэй Вінча расказаў пра карэктывы планаў па корманарыхтоўцы ў сувязі з засушлівым надвор’ем:
– Якасныя кармы – залог здароўя цяляці, а значыць і будучай малочнай каровы. З 3 600 гектараў травы пакладзена ў пракосы на плошчы 2 700, закладзена звыш 10 тысяч тон зялёнай масы ў ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў. Скошаныя ўчасткі падкормліваюцца азотам. Па аб’ектыўных прычынах першым укосам не дабяром каля 30-40% сенажу ад запланаванага. Каб кампенсаваць недахоп плануем пасеяць прамежкавыя культуры на плошчы звыш 30 гектараў. Спадзяёмся на другі-трэці ўкосы. У нашай гаспадарцы хапае тэхнікі і кадраў, каб абмалочваць рапс, збожжа і адначасова класці ў пракосы траву.
Стан пад’язных шляхоў, відавы склад масы, яе аб’ём, тэмпература, вільготнасць, унясенне кансервантаў, закрыццё траншэі кантралюе ветслужба раёна. Пра тое, як гэта робіцца, паведаміла начальнік Астравецкай райветстанцыі Наталля Назарава.
Рэспубліканская дэлегацыя наведала самы сучасны ў раёне малочна-таварны комплекс “Смілгі КСУП “Гудагай”. Гэты аб’ект абралі невыпадкова. Выбыццё жывёлы ў цэлым па гаспадарцы за мінулы год дасягае ўсяго 0,2% пры норме 1,1%.
Нагадаю, што МТК “Смілгі” пабудаваны па індывідуальным праекце з улікам многіх жывёлагадоўчых нюансаў. На яго рэалізацыю КСУП “Гудагай” атрымаў дзяржпадтрымку ад Банка развіцця і ўклаў 2 мільёны ўласных сродкаў. Разлікі эканамістаў паказалі, што тэрмін акупнасці інвестпраекта складзе ўсяго 3,5 гады.
Дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё прадпрыемства, эпапы будаўніцтва комплекса, сістэму аплаты працы работнікаў.
– Адметнасць нашай гаспадаркі ў тым, што мы шмат будуем і стараемся гэта рабіць уласнымі сіламі. Некаторыя памяшканні на МТК “Смілгі” ўзвялі гаспадарчым спосабам, жыллё для работнікаў, да слова, – таксама. Сярэднеспісачная колькасць працаўнікоў КСУП “Гудагай” складае 450 чалавек, з якіх 30 занятыя на будаўніцтве. За мінулы год сярэдняя зарплата была 1 500 рублёў, за 4 месясы бягучага – 1 600, а па гэтым МТК – 2 000, – адзначыў дырэктар. – Заработная плата, асабліва ў жывёлагадоўлі, на 60-80% складаецца з прэміяльных, што ў сваю чаргу стымулюе людзей працаваць больш якасна і адказна.
Галоўныя заатэхнік і ветурач Віктар Алёкса і Галіна Бабіч спыніліся на аспектах фарміравання рацыёну, прыняцці ацёлаў і вырошчванні цялят малочнага перыяду.
Камп’ютарная сістэма кіравання прыгатавання кармоў “КОРМ”, рабрыстае бетоннае пакрыццё стойлаў, унікальная даільная ўстаноўка “Апола” – усе ноўхаў зпры ўмове стараннасці і адказнасці кадраў прывялі да такіх станоўчых вынікаў.
– Няўхільнае выкананне тэхналагічнай дысцыпліны, у тым ліку на корманарыхтоўцы, з улікам спецыфікі надвор’я – патрабаванне нумар адзін. Станоўчы вопыт сельгаспрадпрыемства па захаванасці жывёлы і ўвогуле развіцці гэтай галіны варты пераймання, –падсумаваў Дзмітрый Баско.
Кампетэнтна
Анатоль Дарожка:
– Прэзідэнт краіны заўсёды надае вялікую ўвагу развіццю аграпрамысловага комплексу, у тым ліку жывёлагадоўлі. Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя паручэнні Камітэту дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры і іншым органам і службам навесці парадак у гэтай галіне, мінімізаваць невытворчае выбыццё жывёлы.
Цягам апошніх гадоў у вобласці праводзіцца мэтанакіраваная работа. Дынаміка станоўчая – да аналагічнага перыяду мінулага года падзеж зменшыўся на 20%.
МТК “Смілгі” ў пэўным сэнсе паказальны. За 5 месяцаў бягучага года тут няма невытворчага выбыцця ніводнай галавы маладняку буйной рагатай жывёлы. На комплексе створаны ўмовы для атрымання здаровага маладняка, яго гадоўлі і фарміравання высокапрадуктыўнай малочнай каровы. На прыкладзе гэтага аб’екта ўдзельнікі семінара ўпэўніліся, што пры ўмове строгага прытрымлівання тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, адказных адносін кожнага работніка можна атрымаць добры вынік.
Станоўча адзначу кадравую палітыку прадпрыемства. У гаспадарцы распрацавана аптымальная сістэма маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў.
Ад кармавой базы залежыць якасць жывёлагадоўчай прадукцыі. У КСУП “Гудагай” нарыхтоўваюць сянаж згодна з тэхналагічным рэгламентам.
Даведка
Пад невытворчым выбыццём жывёлы маецца на ўвазе падзеж, продаж насельніцтву, камерцыйным структурам ці вымушаны забой.