120-гадовы юбілей касцёла адзначылі на Троіцкім фэсце ў Гервятах

10:35 / 06.06.2023

IMG_7638.jpg

Усе дарогі Астравеччыны ў гэтую нядзелю скрыжаваліся ў Гервятах. Традыцыйны Троіцкі фэст сабраў у аграгарадку сотні людзей. Сёлетняя ўрачыстасць была адметнай па некалькіх прычынах. Па-першае, гэтае вялікае хрысціянскае свята каталікі і праваслаўныя адзначалі ў адзін дзень. Па-другое, мінула роўна 120 гадоў з моманту завяршэння будаўніцтва велічнага прыгожага і ўнікальнага храма.

Захавалася шмат дакументаў, занатаваны ўспаміны мясцовых жыхароў пра гісторыю ўзвядзення касцёла. Будоўля аднаго з самых высокіх храмаў Беларусі распачалася ў 1899 годзе на месцы колішняга драўлянага. Адны крыніцы сведчаць, што фундатар Альшэўскі ахвяраваў па тым часе астранамічную суму (125 тысяч рублём срэбрам) з адзінай умовай: узвесці касцёл – ды яшчэ які, з 61-мятровым шпілем! – усяго за 4 гады. Па іншых звестках, грошы давалі мясцовыя паны Дамейкі, парафіяне, ахвярадаўцаў шукаў і тамтэйшы пробашч.

Больш таго, каб зрабіць будоўлю больш таннай і паскорыць тэмпы, ніжэй па цячэнні Лошы была пабудавана цагельня – і не адна. У будаўнічы раствор для трываласці дадавалі яйкі – іх дзясяткамі тысяч дастаўлялі ў мястэчка з навакольных вёсак. Асвяцілі касцёл 8 верасня 1904 года.

Новае дыханне гервятскі храм набыў з прызначэннем у 1996 годзе сюды ксяндза Леаніда Несцюка… Ён не толькі адбудаваў святыню (па ўспамінах мясцовых, сцены былі ў дажджавых падцёках, дах быў, як рэшата), але і зрабіў яго беларускай Меккай – месцам прыцягнення шматлікіх турыстаў з нашай краіны і суседніх.

Незвычайны дэндрапарк, у зялёных карунках якога шчабечуць птушкі; 12 апосталаў на плошчы, маўклівых вартаўнікоў святыні; на ўваходзе ў храм каваныя вароты з мудрагелістымі выкрунтасамі, кветкамі і пялёсткамі; выявы святых на вітражах, твары якіх, здаецца, свецяцца ад дотыку сонечных промняў… Ксёндз Леанід, адкінуўшы стому, садзіў у будні экзатычныя дрэвы ля касцёльных муроў і ўдзяляў у нядзелю найсвяцейшы сакрамэнт; а галоўнае заставаўся спаведніком, дарадцам, настаўнікам, сябрам...

Падумалася, што дзякуючы нашым папярэднікам – тым, хто будаваў храм, аднаўляў яго, і сучаснікам, чыімі рукамі пасаджаны кветкі, дрэвы, кусты, – у кожнага ў нядзелю была магчымасць любавацца, сузіраць, дыхаць гэтай рукатворнай прыгажосцю. Хочацца верыць, што праз стагоддзі і нашы нашчадкі, гэтак жа, як мы ў гэтую нядзелю, будуць прыязджаць на фэст у Гервяты, каб паглядзець на храм, які шпілем упіваецца ў аблокі, памаліцца ў яго халодных сутарэннях, прайсціся вакол, любуючыся экзатычнымі раслінамі.

IMG_7612.jpg

…Пачатак Троіцкаму фэсту паклала святочная імша. Пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Леўчык падзякаваў усім, хто завітаў на ўрачыстасць. Па традыцыі на свята ў Гервяты прыязджаюць сем’ямі. Засталася ў захапленні ад гадавалых дзетак, якія – хто на руках у таты ці мамы, хто прысеўшы на лаўцы, а хто ходзячы па храме – адбылі ўсю імшу.

…Паўтарагадовая дзяўчынка з двума хвосцікамі раз-пораз тузала бабулю і, уважліва гледзячы на яе блакітнымі, як вясенняе неба, вачыма, пытала: “А дзе зыве Бозячка? Там?” І паказвала ў бок алтара.

…Дзяўчынка гадоў васьмі-дзесяці праціснулася наперад праз натоўп да бакавога алтара, укленчыла і нешта ціхенька шаптала, ледзь варушачы вуснамі, – відаць, прасіла ў Святой Тройцы пра сваё, дзіцячае, ці за штосьці дзякавала…

У казанні біскуп Алег Буткевіч разважаў пра таямніцу Святой Тройцы, яе сакральны сэнс і значэнне для кожнага верніка. У якасці зразумелага прыклада іерарх прывёў сям’ю, калі два чалавекі становяцца адзіным цэлым дзякуючы трэцяму складніку – любові.

IMG_7609.jpg

IMG_7648.jpg

Але Троіцкі фэст – гэта не толькі час малітваў, але і сустрэч; падзея, калі духоўнае спалучаецца з культурным – і гэта аб’ядноўвае людзей.

На прыкасцёльнай плошчы ішоў бойкі гандаль. Рамеснікі здзіўлялі плеценымі з лазы кошыкамі, глінянымі збанкамі, першым у гэтым сезоне мёдам, цукровымі вавёркамі і пеўнікамі, размаляванымі пернікамі, стракатымі букетамі з сухацветаў – на любы густ і кошт...

IMG_7621.jpg

Не сумавалі і дзеці. Яны скакалі на батуце, з’язджалі з надзіманых горак, гушкаліся на арэлях, каталіся на качцы-паравозіку і на сапраўдных поні. А таксама ласаваліся марожаным, папкорнам і салодкай ватай.

Напачатку канцэртнай праграмы прысутных прывіталі пробашч Дзмітрый Леўчык і галоўны спецыяліст сектара культуры Астравецкага райвыканкама Кацярына Чарнушэвіч:

– Віншуем вас з гэтым светлым святам, Тройцай. Няхай Айцец, Сын і Дух Святы засцерагаюць вашы сем’і, напаўняюць душэўным спакоем, моцным здароўем і верай у лепшае.

Бліжэй да вечара па наваколлі Гервят паліліся песні і музыка: на ўсталяванай побач з касцёлам пляцоўцы мясцовыя і заезджыя артысты радавалі вяскоўцаў і гасцей свята моцнымі галасамі.

IMG_7726.jpg

IMG_7667.jpg

IMG_7632.jpg

Текст:
Фото: Алёна Ганулич