Чым займаюцца меліяратары на аб’екце ў Смілгах
14:28 / 04.06.2023
– Тут была суцэльна зарослая кустоўем і дрэвамі вялікая пляцоўка, – уводзіць у курс спраў майстар Аляксандр Рацэвіч. – Моцна папацець давялося. Каб не было забалочвання, выкапалі канал, паклалі калектар у закрытым выглядзе працягласцю 250 метраў з вывадам у раку. Дрэнажная сістэма тут дасягае 1,8 кіламетра. Бульдозерам сабралі кустоўе, акультурылі і праклалі дрэнаж. Застаецца справа за малым – засыпка.
Майстар Аляксандр Рацэвіч
На ўчастку заспела два экскаватары і бульдозер. Генадзь Каспяровіч і Валерый Якель засыпалі дрэнаж. Дарэчы, уся сістэма ўкладвалася па нівеліры, строга пад нахілам – інакш сістэма працаваць не будзе.
Хоць па адукацыі Генадзь Каспяровіч аграном, але душа ў яго ляжыць да тэхнікі
Валерый Якель у ПМС з 2004 года
– Хоць і на пенсіі, але працую, у тым ліку на гэтым бульдозеры з 1985 года. Спраўна служыць, хоць і такі, як я: пенсіянер. Сакрэтаў няма: тэхніку, як і абраную справу, любіць трэба, – мудра адзначыў адзін з самых вопытных меліяратараў раёна.
Аксакал раённай меліярацыі Лявон Ражко
Пацікавілася, ці здараліся выпадкі, калі работы на аб’екце былі нездавальняючымі.
– Усё, што залежыць ад нас, робім па тэхналогіі. Тыя ж валкі з кустоўем павінны ляжаць не менш за 3 гады. А так усё залежыць ад гаспадаркі, на землях якой працавалі, – патлумачыў Вадзім Вянгроўскі. – Калі КСУП моцны, хутка ўводзіць меліярыраваныя землі ў севазварот – пытанняў звычайна не ўзнікае. Усе леташнія аб’екты выкарыстоўваюцца.
– Бачыце белую стужку, – паказваючы ў бок лесу, гаворыць Аляксандр Рацэвіч. – Так пазначана мяжа, а гэта значыць, што ўсю гэтую тэрыторыю мы павінны былі расчысціць. З участка нарыхтавалі каля 60 кубаметраў драўніны. Яна выкарыстоўваецца для ацяплення адміністрацыйнага будынка і майстэрняў ці рэалізуецца нашым работнікам.
На ўчастку №4 у Смілгах меліяратарам заставалася мала працы: засыпаць да канца дрэнажную сістэму, заараць і прадыскаваць участак.
– У нашай рабоце, дарэчы, як і ў любой, важны вынік. Паглядзіце праз дарогу, – паказаў у бок засеянага збажыной поля Аляксандр Рацэвіч. – Не паспеем азірнуцца, як і тут закаласіцца ніва.