Дзве пары ўдзельнікаў з Альхоўкі трапілі ў лік лепшых на абласным конкурсе побытавых танцаў
Дыплом І ступені і прыз глядацкіх сімпатый прывезлі альхоўцы з абласнога фестываля-конкурсу побытавых танцаў “Танцуй па-даўнейшаму”, які прайшоў у аграгарадку Дзітва Лідскага раёна.
Майстэрства беларускіх народных танцаў дэманстравала дзве пары: Ганна і Алег Уласікі, Яўгенія Уласік і Аляксандр Бернюкевіч. Яны выканалі “польку мясцовую”, “лявоніху”, “кракавяк”, “дзеўку ў санях”, “падыспань” і іншыя танцы. І зрабілі гэта так цудоўна, што не засталіся незаўважанымі журы. У выніку Ганна і Алег перамаглі ва ўзроставай катэгорыі ад 18 да 50 гадоў, а Яўгенія і Аляксандр заваявалі прыз глядацкіх сімпатый.
– Эмоцыі ад конкурсу самыя прыемныя, – падзялілася ўражаннямі Ганна. – Мы пабывалі на добрым, прыязным свяце. Мне даводзілася ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах і ўсюды, хоць крыху, але адчуваўся дух саперніцтва. Тут жа нават намёку на гэта не было, настолькі ўтульная і цёплая атмасфера панавала. Усе апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, усмешлівыя, добразычлівыя. А як горача ўдзельнікі падтрымлівалі адзін аднаго – не пераказаць. Словам, цудоўны фестываль, вельмі радыя, што на ім пабывалі. Што тычыцца вынікаў, канешне ж, не разлічвалі на перамогу. Шэсцьдзясят пар удзельнікаў, тытулаванае патрабавальнае журы – здавалася, куды нам, дэбютантам? Шчыра кажу: ехалі іншых паглядзець. І на сцэну выходзілі з думкамі проста атрымаць задавальненне ад таго, што робім. Таму, калі пачулі, што Дыплом І ступені заваявалі, аж дух заняло. А пасля таго як Жэня і Саша яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый “узялі”, радасці не было межаў.