Вызначаны апошнія пераможцы пасяўной кампаніі
У любую пару года райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу дбае пра вяскоўцаў і стараецца адзначыць работу лепшых у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Сталі вядомыя прозвішчы апошніх пераможцаў працоўнага спаборніцтва сярод механізатараў, занятых на вясенне-палявых работах.
Юрый Адула віншую Юрыя Рэваку
Нагадаю, што ў большасці намінацый лідары вызначыліся яшчэ напачатку мая. Лепшыя аратыя, сейбіты збожжавых і траў, механізатары, якія культывуюць глебу, уносяць і загружаюць мінеральныя ўгнаенні і арганіку атрымалі заслужаныя Падзякі і падарункавыя сертыфікаты. Да гэтага часу заставалася інтрыгай, хто стане лепшым на сяўбе цукровых буракоў і кукурузы – прыгортванне насення гэтых культур заканчваецца значна пазней за сяўбу збожжавых.
Пад каралеву палёў у раёне сёлета адвялі 6 620 гектараў. Найбольш (1 725 га) – у КСУП “Гервяты”. Механізатара гэтай гаспадаркі Юрыя Рэваку прызналі лепшым на сяўбе кукурузы. Да слова, мужчына неаднойчы ўваходзіў у лік лепшых корманарыхтоўшчыкаў раёна.
З прафсаюзнымі лідарамі раёна і гаспадаркі Юрыем Адулам, Марыяй Станкевіч, Марынай Івашкай і Аленай Кандратовіч перадавіка заспелі на сенажаці каля вёскі Тракелі. На новым прэс-падборшчыку аграрый закручваў падвяленую траву ў стрэйч-плёнку.
– Можна сказаць, што сёння першы дзень сур’ёзна працуем. Крыху, канешне, круцілі траву на пашы, але гэта дробязі, можна не ўлічваць, – гаворыць пераможца прафсаюзнага спаборніцтва. – У нашай гаспадарцы кукурузу сеяў не толькі я – працавала каля 4-х агрэгатаў. На сеялцы дакладнага высеву “Кенза-3200” у полі 4-ты сезон. Неаспрэчны плюс гэтай сельгасмашыны ў тым, што яна кропкава, па адным зярнятку , прыгортвае ў глебу. За дзень адольваў 30-35 гектараў, здаралася і 40. Кукурузу сеяў каля 20 дзён.
Віншуючы Юрыя Рэваку з перамогай, Юрый Адула нагадаў умовы прафсаюзнага спаборніцтва. Яны, дарэчы, амаль аднолькавыя, як на сяўбе, так і на корманарыхтоўцы. Цягам апошніх гадоў лідары вызначаюцца не па канчатковым аб’ёме, а па выкананай за дзень норме.
На сяўбе цукровых буракоў роўных не было Валерыю Сташко з КСУП “Міхалішкі”. Перадавіка мы адшукалі на рамонтна-механічных майстэрнях – пасля масавай сяўбы выдаўся невялікі перапынак, каб “падлячыць” тэхніку. Павіншаваць свайго работніка з перамогай прыехаў і дырэктар прадпрыемства Вадзім Саковіч.
– У “Міхалішках” пад буракі адвялі 250 гектараў. Іх сяўбой займаўся адзін, магчыма, таму і абышоў механізатараў з іншых гаспадарак, – усміхаючыся, сказаў Валерый Сташко. – На трактары МТЗ-1221 працую 3-ці сезон. Цяпер разабраў яго, каб давесці да толку.
У КСУП “Міхалішкі” сейбіт быў не адзіны, чый плён адзначыў прафсаюз. За адказнасць і аператыўнасць па зборы інфармацыі падчас вясенне-палявых работ спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Іна Грахоўская атрымала пуцёўку ў нарачанскі санаторый.
У тэму
На Астравеччыне пачалася корманарыхтоўка. Па яе выніках таксама будуць адзначаны лепшыя механізатары.