Пайшла з жыцця Валянціна Ярохіна – апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Астравеччыны

12:01 / 28.04.2023

IMG_5801.jpg

19 красавіка на 97-м годзе жыцця пайшла з жыцця Валянціна Цітаўна Ярохіна – апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Астравецкага раёна.
Валянціна Цітаўна нарадзілася 25 сакавіка 1927 года ў горадзе Клімавічы Магі­лёў­скай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захоп­нікаў 17-гадовая дзяўчына запісалася ў франтавы шпіталь санітаркай, каб дапамагаць набліжаць Перамогу па меры сваіх дзявочых сіл і магчымасцей.
– Санітаркай я была, – расказвала некалі журналістам Валянціна Цітаўна. – Пасля бою прывязуць параненых і пакалечаных: хто без рукі, хто без нагі… «Валечка, напішы пісьмо родным… Скажы, я папраўлюся?» «Канешне, міленькі, паправішся, і вельмі хутка». Пагладжу яго па галаве, як мамка некалі маленькага гладзіла, пацалую – ён і супакоіцца, са шчаслівай усмешкай у іншы свет адыходзіць. Нельга забіраць у чалавека апошняе, што яго на гэтым свеце трымае, – надзею…» 
Валянціна Цітаўна не лічыла, што зрабіла ў сваім жыцці нешта асаблівае, геройскае, таму доўга не атрымлівала пасведчанне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, не карысталася льготамі – лічыла, што не заслугоўвае гэтага. І толькі ў 80-х гадах па настаянні землякоў і пры іх дапамозе аднавіла заслужаны статус удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. 
Дзяцей Валянціна Цітаўна не мела. Пасля смерці мужа доўга жыла адна. Калі ж аслабела, пляменнік Леанід Шкуратаў забраў цётку да сябе. Апошнія гады жыцця яна пражыла на Астравеччыне.
Валянціна Цітаўна была сціплай жанчынай – і адначасова вясёлай, кампанейскай, любіла, калі прыязджалі госці, асабліва моладзь, шчодра дзялілася ўспамінамі, давала мудрыя парады і не скупілася на пажаданні, галоўным з якіх заўсёды было адно: жывіце ў міры!
Да чарговай гадавіны Вялікай Перамогі – галоўнага свята свайго жыцця – яна не дажыла літаральна некалькі дзён. У апошні шлях апошняга ветэрана праводзілі, як і належыць, з воінскімі ўшанаваннямі: духавым аркестрам і ваенным салютам. 
Памяць пра Валянціну Цітаўну Ярохіну назаўжды застанецца ў сэрцах тых, хто яе ведаў і любіў.

Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, прэзідыум раённага Савета дэпутатаў.


Текст: Главный администратор