У Гродне ўшанавалі лепшых жывёлаводаў вобласці, у тым ліку Астравеччыны

16:49 / 21.04.2023

02.jpg

Рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”праходзіць на працягу зімне-стойлавага перыяду. На заключным абласным этапе ў межах гэтай кампаніі была адзначана работа сямі працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Астравеччыны.

У Гродзенскай абласной філармоніі сабраліся людзі, якія сваёй штодзённай і карпатлівай працай забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны.

Віншаванні і падзякі лепшых работнікам аграпрамысловага комплексу краіны адрасавалі член Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лісковіч, першыя намеснікі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Федчанка і старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты.

За самааданасць і вернасць абранай прафесіі, высокія вынікі працы і асабісты ўклад у развіццё жывёлагадоўлі Гродзенскай вобласці Дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі начальнік малочна-таварнага комплексу “Маркуны” КСУП “Міхалішкі” Святлана Кісель, аператар машыннага даення КСУП “Варняны” Наталля Яновіч, жывёлавод па дарошчванні цялят КСУП “Варняны” Вольга Ігнатовіч, жывёлавод РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Леанід Кімстач і ветэран працы КСУП “Гудагай” Таццяна Шафран . Падзяку Мінсельгасхарчу ўручылі начальніку раённай ветэрынарнай станцыі Наталлі Назаравай. На жаль, з за хваробы на ўрачыстасці не змагла прыстунічаць аператар машыннага даення КСУП “Міхалішкі” Нiна Шапель, але заслужаную ўзнагароду жанчыне абавязкова перададуць.

Прыемным дапаўненнем святочнага дня сталі банкет і музычны падарунак ад калектыву “Беларусы”.

Дзеляцца ўражаннямі

Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– Ладзіць заключны этап прафсаюзнай акцыі ў такім фармаце абкам пачаў адносна нядаўна. Лічу, што гэта цудоўная ідэя, таму што жывёлаводы працуюць і ў выхадныя дні, і ў святы. Па водгуках землякоў, мерапрыемства прайшло на высокім узроўні і ім ўсё спадабалася.

Вольга Ігнатовіч, цялятніца МТФ “Карвэлі”:

– Удзячна прафсаюзам за такую ўрачыстасць. У Гродне нас сустракалі і прымалі як самых дарагіх гасцей.

Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Текст: