Артём и Дарья Артемьевы призёры конкурса “Здравствуй, мир!”

11:09 / 18.04.2023

89.jpg

Выхаванцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі брат з сястрой Арцём і Дар’я Арцем’евы сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Гэта традыцыйнае творчае спаборніцтва патрабуе ад удзельнікаў высокага майстэрства – трапіць у лік лепшых не так лёгка. Як гэта ўдалося астраўчанам, пацікавіліся ў іх саміх.
– Гэтаму конкурсу задаюць высокую планку ўзорныя калектывы – яны дамінуюць сярод удзельнікаў, – тлумачыць педагог, які рыхтаваў Арцёма і Дар’ю, Святлана Лета. – Таму вынік маіх выхаванцаў сапраўды значны.
Брат з сястрой выступалі ў намінацыі «Канферанс»: дзеці, прадстаўляючы нумары ін­шых канкурсантаў, адначасова ўдзельнічалі ў спаборніцтве вядучых.
На раённым, міжрэгіянальным і адборачным этапах Арцем’евы былі першымі – і, як пераможцы, трапілі ў фінал, дзе сталі другімі. 
– У падобным спрабавалі свае сілы ўпер­шыню. Па праўдзе, калі нам прапанавалі стаць вядучымі праграмы, мы не зразумелі, што таксама будзем канкурсантамі. Думалі, што наша задача – проста дастойна прадставіць творчыя нумары. І таму на раённым этапе хваляванняў не было, ды і сцэны не баімся – прывыклі да яе, разам выступаць ужо даводзілася – нядрэнна атрымлівалася, – усміхаюцца брат з сястрой. – А вось падчас фіналу «нерв» крыху падрыгаўся: у нас былі моцныя канкурэнты – бачылі іх выступленне… Хацелася ж прадставіць свой раён дастойна!
– Па сцэнарыі Арцём павінен быў выходзіць першым – у яго быў маналог, – расказвае Дар’я. – А я за кулісамі назірала: паглядзела, што брат пачаў добра, думаю: ну і я не падвяду – так і атрымалася.
– Добра паказаць сябе дапамаглі парады, якія нам далі падчас рэпетыцый у Гродне, – разважае Арцём. – Ну і вопыт выступлення на сцэне таксама сваю справу зрабіў. Да таго ж трэба кантактаваць з гледачамі ў зале: ужо на зрокавым узроўні выклікаць прыхільнасць… 
– А яшчэ добра валодаць матэрыялам, каб у выпадку форс-мажора (напрыклад, слова забыў ці мікрафон адключыўся) не «выпасці з тэмы», трымаць сітуацыю ў сваіх руках. І ніякіх «шпаргалак» – вывучыць усё на памяць – зусім іншае ўспрыняцце бу­дзе ў гледача, – з веданнем справы дадае Дар’я.
І дзеці, і іх педагог лічаць, што без дапамогі такога выніку яны не дасягнулі б.
– Гэта была камандная работа, – тлумачыць Святлана Лета. –  Сцэнарый для выступлення напісала наш намеснік дырэктара Інга Купрэвіч, прыдумала і пашыла сцэнічныя касцюмы кіраўнік аднаго з гурткоў Алена Чарняўская. 
– Былі ў нас і хатнія крытыкі, – падхопліваюць дзеці. – Пасадзім тату з мамай на канапу – і глядзіце-слухайце, калі ласка, кажыце, што вам «не заходзіць». Яны адказна ставіліся да пастаўленай задачы. (Смяюцца.)
Брат і сястра Арцем’евы не аднойчы перамагалі ў розных конкурсах. Арцём і Даша лічаць, што ў гэтым ім дапамагае сур’ёзная падрыхтоўка, пазітыўны настрой, уменне не баяцца спрабаваць і вера ў свае сілы. І ўпэўнены, што гэты вопыт будзе карысным у будучыні, якую б прафесію ні выбралі. А пакуль дзеці проста атрымліваюць задавальненне ад таго, чым займаюцца.

Текст:
Фото: Рита Дремо