Хроніка веснавых работ па стане на 10 красавіка

15:37 / 10.04.2023
Прымаразкі і ападкі стрымлівалі тэмпы вясенне-палявых работ. З-за празмернай пераўвільготненасці глебы вялікія агрэгаты не маглі выйсці ў поле. Тым не менш, аграрыі працягваюць весці вясенняе ўзорванне, падрыхтоўку ўчасткаў, а ў месцах, дзе глеба саспела – сеяць. 
Па дадзеных сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на раніцу 10 красавіка пад сяўбу збожжавых і зернебабовых падрыхтавана больш за 3 400 гектараў, што складае 22% ад неабходнага. У лідарах – КСУП «Гудагай» (29%) і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» (31%).  
З даведзеным планам яравой сяўбы аграрыі раёна справіліся на 12%. Раннімі збожжавымі і зернебабовымі культурамі засеяна 1 826 гектараў (34% ад плана).  У сярэднім за дзень хлебаробы прыгортваюць насенне на 100 гектарах. 
Раённы табель рангаў узначальвае КСУП «Гудагай», дзе засеяны 561 гектар (48% ад плана). У КСУП «Гервяты» сейбіты прыгарнулі насенне на  535 гектарах (45%), у КСУП «Міхалішкі» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»  – на 255 (26%) і 315 (39%) гектарах адпаведна, у КСУП «Варняны» – на 160 (13%).
Сярод культур лідзіруе ячмень, пад які сёлета адвядуць 3 240 гектараў. Насенне гэтай культуры прыкрыта на 1 380 гектарах – 43% ад плана. Пшаніца будзе пасеяна на 782 гектарах раённых ніў, з якіх на 80-ці  насенне ўжо прыгорнута ў глебу (10%). Авёс заняў 101 гектар з 676 запланаваных (15%).
На парадку дня аграрыяў і другая па важнасці задача – падкормка азімых. Збожжавыя атрымалі мінеральныя ўгнаенні на плошчы  9 168 гектараў (92%). Рапс  «кормяць» у другі раз: крыжакветкавы атрымаў «мінералку» на плошчы 2 535 гектара (84%), шматгадовыя травы – на  3 658 (72%), сенакосы і паша – на 1902  (16%). 
Текст: Главный администратор
Фото: Алёна Ганулич