Сплаў маладосці і вопыту, ці Як праходзіць сяўба ў КСУП “Міхалішкі”
12:12 / 08.04.2023
На старце масавай пасяўной карэспандэнт пабываў у КСУП “Міхалішкі”, каб даведацца, хто заняты на вясенне-палявых работах і з якім настроем механізатары выйшлі ў поле.
Як і ў астатніх гаспадарках, у «Міхалішках» фронт работ на наступны дзень размяркоўваюць вечарам – каб ні хвіліны не прастойвала тэхніка, а хлебаробы ведалі, на якім участку і што будуць рабіць. Дарэчы, напярэдадні масавых работ у гаспадарцы набылі два трактары айчыннай вытворчасці і ёмістасць для вывазу арганікі.
– Першы дзень на ім. Пакуль абкатваю тэхніку – вялікую нагрузку на яе даваць нельга. Раней таксама працаваў на беларускім трактары, 20 гадоў ён мне праслужыў. У апошнія сезоны культываваў глебу, а сёлета буду падвозіць карбамідна-аміячную сумесь на поле, – расказаў механізатар. – У сельскай гаспадарцы ўсё жыццё. Крыху да арміі працаваў. А тады як прыйшоў у 1987 годзе, так і да гэтага часу тут.
У аксакалаў механізатарскай і вадзіцельскай спраў, такіх як Іван Янушэўскі, Іван Юшчык, Іван Зімніцкі, Віктар Валуевіч і іншых, вопыт пераймае маладое пакаленне. Хлопцы мясцовыя, што называецца, сваёй гадоўлі, мэтанакіравана атрымалі сельскагаспадарчыя рабочыя прафесіі і пасля вучобы прыйшлі ў родную гаспадарку.
– Калі лічыць без перапынкаў – паўтара гады, а так – больш за шэсць. Нездарма кажуць: добра там, дзе нас няма. Сыходзіў на фуру, але надоўга мяне не хапіла – лічы, увесь час абмежаваны кабінай. Іншая справа – трактар. Едзеш – поле бачна, як на далоні. Прыгажосць! – падзяліўся Марк.
У хлопца ёсць вопыт уборкі збожжавых: некалькі гадоў запар на жніве ён быў памочнікам камбайнера. Хто ведае, магчыма, сёлета прыгорнутыя ў глебу Маркам зярняты летам аддзячаць яму важкім коласам і добрым ураджаем.
У КСУП «Міхалішкі» стараюцца дбаць не толькі пра збожжа, але і пра кармавыя культуры. Травы па пшаніцы на невялікай сеялцы СПУ-6 падсяваў Аляксей Ярмак.
– Як і большасць хлопцаў, я мясцовы. У Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы атрымаў прафесіі трактарыста-машыніста, слесара па рамонце сельгасмашын, вадзіцеля аўтамабіля. Па размеркаванні вярнуўся ў родныя «Міхалішкі». Работа падабаецца – да тэхнікі я звыклы. Настрой баявы, – расказаў малады чалавек. – Тут, дарэчы, працуе мой брат: на «Расе» Мікіта падкормлівае пасевы.
– Прыемна, што ў 2020-м на кукурузе мяне прызналі лепшым сейбітам. Хоць такой мэты сабе не ставіў, – расказаў Сяргей. – Сёлета, відаць, ізноў сяду на пасяўны агрэгат. Праўда, тэрміны сяўбы ў гэтай культуры познія, нездарма яе цеплалюбівіцай называюць.
На іншым участку яшчэ адзін неаднаразовы пераможца прафсаюзнага працоўнага спаборніцтва Міхаіл Дашын уносіў арганіку. Няма тых работ у гаспадарцы, якія б не выконваў механізатар: сяўба, ворыва, культывацыя... За якім заняткам не заспела б у полі земляроба, Міхаіл Дашын заўсёды з усмешкай, пазітыўны і адкрыты. Думаецца, што ад настрою хлебароба ў многім залежыць, як спорыцца работа.
– У сельскай гаспадарцы звыш 30-ці гадоў. У «Міхалішкі» перацягнуў тагачасны старшыня Аляксандр Чаплінскі. Істотнай розніцы няма, якую работу выконваць. Галоўнае, як і для любога механізатара, – каб тэхніка не ламалася! – зазначыў мужчына.
Непадалёк на гэтым жа полі глебу культываваў Мікіта Кавалеўскі – яшчэ адзін малады механізатар з Супранентаў.
– Вучыўся ў Бярэзінскім аграрна-тэхнічным каледжы, дзе атрымаў некалькі спецыяльнасцей. Свядома ўладкаваўся ў КСУП «Міхалішкі». Сельгасмашыны – мая слабасць, хобі і работа адначасова, – расказвае хлопец. – У сацыяльнай сетцы «Цік-Ток» вяду свой канал, маю звыш 2 300 падпісчыкаў. Тэматыка маіх відэа розная: падрыхтоўка трактара да вясенняга сезона, першы выхад у поле, зімовая дарога… Мне падабаецца такім чынам занатоўваць самыя памятныя, цікавыя, а часам і кур’ёзныя моманты жыцця.
…Пазнаёміўшыся з маладой зменай механізатараў КСУП «Міхалішкі», парадавалася ад душы. Хлопцы мясцовыя, пасля вучобы вярнуліся ў родную гаспадарку, па ўсім бачна, тэхніку любяць… Застаецца толькі пажадаць, каб і яна аддзячвала ім тым жа!
ЛІЧБА
На раніцу 6 красавіка засеяна 8% яравога кліна. План сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых выкананы на 23%.