У КСУП “Міхалішкі” новы трактар даверылі вопытнаму механізатару
У КСУП “Міхалішкі”, як і ў іншых гаспадарках, поўным ходам вядуцца работы ў палях. План яравой сяўбы ў прадпрыемстве складае без малога 2,5 тысячы гектараў, з якіх амаль тысячу адвядуць пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры. Але, як кажуць, не сяўбой адзінай. Паралельна з прыгортваннем у глебу зярнятак “міхалішкаўцы” аруць, культывуюць, уносяць арганіку і мінеральныя ўгнаенні.
Аднаго з самых вопытных і адказных механізатараў Івана Янушэўскага, які працуе ў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў, заспела на механічных майстэрнях на новым трактары МТЗ 1221.3.
– Першы дзень на ім. Пакуль, як кажуць трактарысты, ідзе абкатка: па першым часе вялікую нагрузку на тэхніку нельга даваць. Сёлета буду падвозіць карбамідна-аміячную сумесь на поле, – расказаў механізатар. – Раней працаваў таксама на трактары айчыннай вытворчасці – 20 гадоў ён мне праслужыў.
Пацікавілася ў Івана Іванавіча, з якім настроем ён распачаў сёлетні сезон у полі.
– З добрым! Нездарма продкі казалі: хоць памірай – а жыта сей, – па-жыццёваму мудра зазначыў мужчына.