Вышываная палітра жыцця Наталлі Волк-Леановіч

15:00 / 02.04.2023
У кабінеце ўрача кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення «Шлюб і сям’я» Наталлі Івашкі вісіць карціна. Пакуль не прыгледзішся, то і не зразумееш, што гэта вышыўка. Так беражліва жанчына горне да грудзей немаўлятка, так спакойна і шчасліва туліцца да матулі дзіцятка, столькі шчасця і замілаванасці ў гэтым, пэўна ж, падгледжаным з жыцця малюнку, што ад аднаго позірку на яго сэрца захлынае пяшчота… Карціна так і называецца – «Пяшчота», а падарыла яе доктару шчаслівая бабуля дваіх цудоўных унукаў Наталля Волк-Леановіч.

_MG_9747.jpg



Вышываных карцін, ад якіх то ахоплівае ўсю істоту замілаванне, то кранае вусны лёгкая ўсмешка, то здрыганецца сэрца ад незразумелай трывогі, то ахопіць яго невыказны гонар ці беспрычыннае шчасце, у хатняй калекцыі Наталлі Уладзіміраўны з паўсотні – гэта калі не лічыць тых, што падораны сябрам, родным, знаёмым. 

…Імчаць па беразе ў шалёным галопе прыгожыя белыя коні – а недзе там, у аблоках, сілуэты закаханых, якія глядзяць адно на аднаго – і не могуць наглядзецца…
...Стаіць на заснежаным узлеску дужая гордая ваўчыца, чуйна ўслухоўваецца, ці не пагражае небяспека дваім яе ваўчанятам, якія тут жа, ля маці, прынюхваюцца да звярыных слядоў... 
...Палымнее жывым агнём вогнішча на беразе возера – і адзінокая поўня, што зачапілася круглым бокам за стромкую верхавіну сасны на маленькім востраве, пільна ўзіраецца ў пустую лодку, пакінуты касцёр, цёмную гладзь вады, нібы чакае, калі ж нарэшце выйдуць з лесу тыя, каго сагрэе гарачае полымя… 
Гэта з так званай сюжэтна-лёсавай серыі.

…Заснула, паклаўшы ручку пад шчаку, дзіцятка, пяшчотна ўсміхаецца, і без слоў зразумела: вось яно, шчасце – гэтага дзіцяці, што можа так усмі­хацца, і тых, дзякуючы каму яно не ведае бяды… 
...Стаіць у куце пакараная за нешта дзяўчынка – а побач сябар, руды сабачка, сядзіць – пэўна, у знак падтрымкі і салідарнасці, азіраецца, нібы просіць: ну даруйце ўжо, нарэшце, нас! 
...Малы «галавасцік» з лыжкай – пэўна, прагаладаўся! 
Гэта з дзіцячай серыі.

IMG_9690.JPG


…Гуляюць з марскімі хвалямі дэльфіны; пра­біраецца па таросах белы мядзведзь; месяц высвеціў на гладзі вады абрысы ветразяў прыснулага ў штыль у акіяне карабля…
Гэта марская тэматыка.

…Вабяць да сябе залатыя купалы царквы ў Кіжах; пратыкае свінцовае пецярбуржскае неба шпіль адміралцейства; адлюстроўваецца ў вадзе немагчыма далёкай Тэмзы вежа лонданскага Біг-Бэна…
Гэта архітэктурная серыя.

IMG_9612.JPG

А ёсць яшчэ вытанчана-кветкавая, душэў­на-пейзажная, жартаўліва-гараскопная…
І для кожнай – сваё стылёвае дыхтоўнае афармленне, свой пакой – дзякаваць богу, дом светлай памяці муж, Аляксандр Волк-Леановіч, пабудаваў вялікі.
…Глядзіш на гэтыя творы мастацтва – назваць інакш карціны Наталлі Уладзіміраўны язык не паварочваецца, настолькі бездакорна, па-майстэрску яны выкананы – і не верыш, што вышываць жанчына пачала не ў басаногім дзяцінстве, не ў рамантычным юнацтве і нават не ў пару сталай жаноцкасці, а калі ўзрост пераваліў на шосты дзясятак.
– Тады ў маім жыцці быў вельмі цяжкі перыяд. Пачаліся праблемы са здароўем. Ляжу ў бальніцы: чытаць не магу, смартфонаў тады не было, крыжаванкі разгадваць доктар не дазваляе… Дзень цягнецца, як год, змрочныя думкі адольваюць… Чым заняцца? Падумала: «Вось была б канва ды ніткі – паспрабавала б, як мама некалі, якую карцінку вышыць». Сястра мужа, калі даведалася пра маё жаданне, тут жа прыслала некалькі просценькіх дзіцячых схем: грыбочкі, кветачкі… З таго ўсё і пачалося, – узгадвае Наталля Уладзіміраўна вытокі свайго захаплення.
Вельмі хутка яно стала… Можна было б сказаць, справай жыцця, калі б не было іншых спраў, не менш важных і цікавых. Яна любіць падарожнічаць – і не ўпускае ніводнай магчымасці адправіцца куды-небудзь, няважна, блізка ці далёка, галоўнае, каб кампанія была добрай. Яе дом – цэнтр прыцягнення для шматлікай радні і сяброў. У вясенне-летне-асенні час гаспадарскай рукі патрабуюць немалы агарод ды кветнік. Да слова, кветкі – яшчэ адно вялікае захапленне Наталлі Уладзіміраўны, адных толькі цюльпанаў розных гатункаў у яе расце, мо, сотня, а яшчэ лілеі, лілейнікі, касачы, вяргіні і мноства ўсяго іншага, водарна-рознакаляровага, чаго я нават назваў запомніць не магу. 
А вышыўка даўно стала своеасаблівым наркотыкам. Кветачкі і грыбочкі даўно сышлі ў нябыт, і кожная новая работа больш складаная за папярэднюю. Да прыкладу, манахромныя архітэктурныя карціны Лондана ці Санкт-Пецярбурга, якія складаюцца, мо, са ста ці больш адценняў шэрага. Ці дзіцячая серыя, выкананая ў карычневых танах. Як у гэтым не заблытацца, як не заесць нуда, разбіраючы ўсе нюансы адценняў, якім, здараецца, трэба вышыць два-тры крыжыкі – і зноў мяняць нітку… Словам, зразумець асалоду ад гэтага наркотыку можа толькі той, хто ўжо «падсеў» на вышывальную іголку, – такіх сяброў-аднадумцаў у Наталлі Уладзіміраўны шмат.
Яна ж можа вышываць суткамі навылёт: днём, вечарам, ноччу. Нават у гарачую вясеннюю пару штодня знойдзе некалькі хвілін, каб хоць шывок-другі зрабіць, адзін кавалачак, вось гэтую частачку дашыць. А там, глядзіш, і зара ўзыходзіць...
Многія пенсіянеры скар­дзяцца, што ім сумна жыць: кухня ды тэлевізар – усе іх цікавосткі. У Наталлі Уладзіміраўны іншая бяда: чаму ў сутках толькі 24 гадзіны? Не паспя­вае зра­біць усё, што хочацца і трэба. 
І галоўнае – вышыць, што спадабалася.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик