Упрыгожвалі галінкі вярбы

11:00 / 02.04.2023
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даўно стаў гасцінным домам для лю­дзей шаноўнага ўзросту, якія не могуць сядзець без справы, любяць ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Вось і збіраюцца яны ра­зам тут, каб даць палёт смелай фантазіі і справу ўмелым рукам. А супрацоўнікі цэнтра рады энтузіязму сваіх гасцей і стараюцца навучыць іх нечаму новаму, цікаваму, у меру складанаму.

image6.jpg

Варта думаць, творча настроеных наведвальнікаў хутка прыбавіцца – у цэнтр прыйшла надзвычай таленавітая жанчына, народны майс­тар Беларусі Валянціна Вільеўна Віннічак. Яна ўмее ўсё: плесці непаўторныя цуды з саломкі, шыць арыгінальныя касцюмы для конкурсаў і выстаў... І гатова праводзіць майстар-класы для жадаючых.

image0.jpg

І такія знайшліся хутка – ужо некалькі панядзелкаў запар прыходзяць на майстар-класы па рабоце з саломкай. Уласнымі рукамі ўпрыгожваюць галінкі вярбы, каб у Вербную нядзелю пайсці з імі ў храмы. Зрэшты, выкарыстоўваюцца і засушаныя і пафарбаваныя ў розныя колеры каласкі злакаў, галінкі-вярхушкі  ільну, кукурузны шум, штучныя кветкі, ніткі. Карпатлівая справа, вялікага цярпення патрабуе. Затое якую асалоду атрымліваеш, калі трымаеш у руках яе вынік! І радуешся: а мы, аказваецца, таксама тое-сёе ўмеем! «Яшчэ больш будзеце ўмець,» – запэўнівае Валянціна Вільеўна. Пастараемся!

Таіса СЯМЁНАВА

Фота з архіва ТЦСАН.

Текст: Главный администратор