Якія спецыяльнасці патрэбны ў раённым АПК, даведаліся школьнікі на кірмашы мэтавай падрыхтоўкі

12:00 / 18.03.2023

Выбар будучай прафесіі – справа адказная, у пэўнай ступені лёсавая для дзіцяці. Даведацца пра спецыяльнасці сельскагаспадарчага накірунку астравецкім старшакласнікам дапамаглі педагогі Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа – кірмаш мэтавай падрыхтоўкі прайшоў на базе сярэдняй школы №3 г. Астраўца.

121533.jpg

Нездарма кажуць, што кадры вырашаюць усё: ад кваліфікацыі і прафесіяналізму кіраўнікоў, спецыялістаў і рабочых залежыць дабрабрыт нашай краіны. У апошні час папулярнасць набірае мэтавая падрыхтоўка кадраў. Такая прапанова мае шэраг пераваг для абітурыентаў: ім аддаецца прыярытэт пры паступленні, а пасля заканчэння навучальнай установы яны абавязкова будуць працаўладкаваны.

Старшакласнікаў прывітала намеснік дырэктара ашмянскага каледжа Алена Кодзь:

– Вызначыцца з будучай прафесіяй – гэта дастаткова складаны і адказны момант у жыцці юнакоў і дзяўчат. Спадзяюся, дзякуючы сённяшняй сустрэчы ў вас з’явіцца выразнае ўяўленне пра спецыяльнасці сельскагаспадарчага і эканамічнага накірункаў. Будзем рады бачыць вас навучэнцамі нашага каледжа.

Відэапрэзентацыя перанесла падлеткаў у гэтую навучальную ўстанову. Школьнікі даведаліся, што ў Ашмянах можна атрымаць адразу тры спецыяльнасці: “трактарыст-машыніст”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын”, “вадзіцель аўтамабіля”, вывучыцца на бухгалтара, повара, зваршчыка, прадаўца ці праграміста. Акрамя гэтага, усім выдзяляюць месца ў інтэрнаце. Навучэнцы атрымліваюць не толькі прафесійныя навыкі і ўменні, але і развіваюць свае таленты. На базе каледжа ёсць шмат аб’яднанняў па інтарэсах. Яскравым пацверджаннем гэтага сталі вакальныя нумары ў выкананні выхаванцаў каледжа.

121332.jpg

На кірмаш мэтавай падрыхтоўкі запрасілі і прадстаўнікоў ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і сельгаспрадпрыемстваў раёна. Па словах галоўнага спецыяліста прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК Анастасіі Мацкелы, пры заключэнні мэтавых дагавораў з КСУПамі студэнты атрымліваюць стыпендыі ад гаспадарак, пасля заканчэння навучальнай установы – працоўнае месца, жыллё ці кампенсацыю па яго найме.

На Астравеччыне патрэбны аграномы, механікі, трактарысты-машыністы, ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі. Напрыклад, у адной з самых паспяховых гаспадарак раёна, КСУП “Гудагай”, пакуль вакансій няма, але ў перспектыве тут патрэбны будуць вадзіцелі, таму што трэць працуючых па гэтай спецыяльнасці – пенсіянеры. У “Астравецкім саўгасе “Падольскі” будуць рады бачыць ветурачоў і заатэхнікаў.

На месцы бацькоў падлеткаў і саміх старшакласнікаў, я б пільна прыгледзелася да Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа. Па-першае – блізка, па-другое – не трэба здымаць жыллё, па-трэцяе – там створаны добрыя ўмовы для вучобы, жыцця і развіцця дзяцей.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич