Апавяданне Таісы Сямёнавай "Жыццё працягваецца"

15:09 / 29.01.2023

365132.jpg

Мікалай Пятровіч зайшоў у вагон апошнім, дабраўся да свайго месца і па­чаў уладкоўвацца. Цягнік плаўна кра­нуўся. Вакзальныя пабудовы, гарадскія шматпавярхоўкі замільгалі, нібы ў калейдаскопе, і неўзабаве знік­лі з вачэй. Хуткі поезд набіраў ход. Зазірнула правадніца, забрала білет, паклала на ніж­нюю паліцу пасцельныя пры­належ­насці, пацікавілася наконт чаю. Ён кіўнуў: «Нясіце».
«Падобна, пашанцавала – падумаў пасажыр, – буду ў купэ адзін, без сусе­дзяў. Зрэшты, дарога доўгая, можа, спадарожнікі яшчэ і падсядуць.» 
Ён знарок выбраў цягнік, хаця мог ляцець самалётам – хутчэй і зручней. Але хацелася пабыць сам-насам са сваімі думкамі.
У гэты далёкі ўральскі горад Мікалай Пятровіч прыязджаў на пахаванне брата і яго жонкі. Жылі яны ў прыгарадзе, у невялікім доме з пячным ацяпленнем. Хто з гаспадароў дачасна зачыніў заслан­ку коміна, цяпер не даведацца. Абое ў сне задыхнуліся ад чаду. Толькі апоўдні іх знайшла нежывымі суседка, устрывожаная тым, што з хаты ніхто дагэтуль не выходзіў. А гаспадары звычайна ўставалі рана... Суседка ж і тэлеграму Мікалаю паслала.
Браты з дзяцінства былі дружныя, стаялі адзін за аднаго гарой. Першымі ў бойкі не ўвязваліся, але і сябе ў крыўду не давалі. А вось характары мелі розныя. Мікола – рамантык, заўважаў прыгожае ў звычайным, выдатна маляваў. Хацеў паступіць на архітэктурны факультэт, ды не дабраў балаў, перакінуў дакументы на будаўнічы і скончыў яго з адзнакай. У кар’еры вырас да кіраўніка саліднай фірмы, якая славілася высокай якасцю работ і пунктуальнасцю ў стасунках з заказчыкамі. Таму і трымалася на плыву нават у цяжкія часы.
Міхаіл быў малодшы, у навуцы зорак з неба не хапаў, але вызначаўся жыццё­вай муд­расцю, практычнасцю, разваж­лівасцю і цвёрдасцю: калі пры­маў рашэнне, то канчаткова, без ваганняў. Мікола хацеў узяць брата да сябе на фірму, ды той выбраў чыгунку. Ва ўральскім горадзе, на радзіме жонкі, Міхаіл працаваў начальнікам станцыі і быў паважаным чалавекам.
Пазней адносіны паміж бра­тамі трохі разладзіліся. З-за жанчыны. Пасля таго, як у сталым узросце, за сорак пе­ра­валіла, Мікола вырашыў ажаніц­ца са сваёй 25-гадовай сакратаркай Ларысай...
Некалі ў яго была каханая дзяўчына, аднакурсніца. Справа ішла да вяселля. У дзень, калі яны дамовіліся пайсці ў загс і падаць заяву, Таццяну збіў на пешаходным пераходзе п’яны бугай на джыпе. Дзяўчына загінула адразу, а забойца знік з месца здарэння. Міліцыя яго так і не знайшла...
Перажыць гора дапамагла праца. Міко­ла паглыбіўся ў яе літаральна з галавой, не думаючы пра вольны час і адпачынак. Памалу душэўная рана загойвалася. Справы на фірме ішлі ўгару, кар’ера – таксама. Вось ён ужо начальнік. У яго прасторны светлы кабінет, талковая сакратарка Вера Паўлаўна, якая разбіралася ў справах не горш за іншага інжынера. Ды падышоў час ісці ёй на пенсію. Мікалай Пятровіч прасіў папрацаваць яшчэ, але сакратарка, выбачыўшыся, адмовілася: дачка толькі што нарадзіла дзіця, ёй трэба дапамагчы. Ну што тут папішаш... Адпусціў. Звярнуўся ў агенцтва па найму персаналу, адтуль прыслалі маладую дзяўчыну пасля курсаў сакратароў-машыністак з валоданнем камп’ютарам.
Ларыса была прыгажуняй: гнут­кі стан, пышныя русявыя валасы амаль да паясніцы, стройныя ногі, прыемная ўсмешка. Умераны, з густам зроблены макіяж. Штораніцы яна падавала ў кабінет начальніка духмяную каву з пячэннем або мініяцюрнымі, уласнаручна прыгатаванымі канапкамі. Міка­лай Пятровіч, закаранелы халасцяк, не прывык да падобных знакаў увагі, але не адмаўляўся ад іх. І нават тое, што сакратарка па кожнай дробязі забягала ў кабінет, яго не раздражняла. Наадварот, было прыемна бачыць яе пяшчотны тварык з вялікімі блакітнымі вочкамі, лавіць пах тонкай парфумы, чуць звонкі галасок, часам з капрызлівымі ноткамі, калі бос не заўважаў яе новай сукенкі ці блузкі. Яна ўмела напрошвацца на камплімент.
Аднойчы, заседзеўшыся над справамі, ён са здзіўленнем убачыў у прыёмнай сакратарку.
– Ларыса, а вы чаму дадому не ідзяце? Рабочы дзень даўно скончыўся.
– Ды я... Падумала: можа вам мая дапамога спатрэбіцца? Даныя ў камп’ютар увесці ці пошту тэрміновую адправіць...
– Дзякуй, я сам усё зрабіў. 
Убачыўшы, што па твары дзяўчыны прабегла хмурынка, ён нечакана пра­панаваў: 
– А паедзем у рэстаран, павячэраем...
Пасля вячэры з келіхам цудоўнага віна Мікалай падвёз Ларысу да кватэры, што яна здымала, і атрымаў запрашэнне на кубачак кавы... 
…Раніцай ён прапанаваў ехаць на фірму разам, аднак Ларыса адмовілася: навошта, маўляў, даваць пажыву для плётак? І на рабоце трымала сябе з босам строга і афіцыйна.
Потым яшчэ некалькі разоў яны вячэ­ралі ўдваіх – у рэстаране і ў яе дома. Высветлілася, што Ларыса выдатна гатуе і прыгожа сервіруе стол.
Наспеў час рабіць прапанову рукі і сэрца... Калі б хто тады спытаў у Мікалая, ці добра ён падумаў, перш чым пабрацца з маладой каханкай, ён наўрад ці здолеў бы адказаць. Яму было надзвычай добра, цёпла, утульна побач з мілай дзяўчынай, прыемна атрымліваць асалоду ад яе пацалункаў, гарачых слоў. Яго зачарсцвелая было душа трапіла ў палон запозненага кахання.
Першым, каму ён захацеў прадставіць нарачоную, быў брат. У сумесны водпуск яны з Ларысай паляцелі на Урал. Праўда, яна крыху пакапрызіла: маўляў, хачу на мора, але ён паабяцаў, што ў гасцях не затрымаюцца і абавязкова паедуць на поўдзень.

* * * 
– Ой, рызыкуеш, браток, – сказаў Міхаіл, выманіўшы Міколу пакурыць у двор. Мікола не курыў, але зразумеў, што ёсць размова, і выйшаў. – Помніш, колькі табе гадоў?
– Вядома, помню, – сорак чатыры.
– А ёй?
– Дваццаць пяць. Ды я з Ларыскай па­ма­ладзеў гадоў на дзесяць! І закахаўся без памяці.
– Вось іменна: без памяці. Мазгі з галавы ніжэй паясніцы апусціліся. Не век табе жарэбчыкам скакаць, не заўважыш, як старасць падкоціцца. Начамі спаць захочацца, а не ў любошчы кідацца. І твая Ларыска знойдзе сабе маладзёна, цябе на канапу спаць адправіць. А ты бу­дзеш толькі прыхамаці яе задавальняць – брулікі дарыць, футры новыя купляць, грошыкі даваць на салоны прыгажосці, фітнес ці яшчэ якія патрэбы спешчанай асобы...
– Ды яна нічога такога ад мяне не патрабуе, кветкам ды цукеркам радуецца, як дзіцё.
– А навошта ёй патрабаваць? Ты ж яе і без таго забяспечваеш усім, чаго пажадае. А вы ж яшчэ нават не пажаніліся. Вось распішацеся...
– Ну, хопіць натацыі чытаць. Сам разбяруся ў сваім жыцці, – злосна буркнуў Мікола і пайшоў у дом.
На моры яны з Ларай тады пабывалі. Удосталь накупа­лі­ся, нашпацыраваліся, наеліся паў­днё­­вай садавіны і накаш­таваліся цудоўных вінаў. Ён заўважаў, што каханую цягне да моладзі, да шумных кампаній, дзе ён адчуваў сябе «не ў сваёй талерцы». Але стараўся не засяроджваць на гэтым увагі.
Праз два тыдні пасля вяртання з водпуску яны згулялі вяселле. Міхаіл з жонкай на яго не прыехалі. З боку нявесты былі толькі яе бацькі. Мікола некалькі разоў лавіў на сабе спачувальныя позіркі цесця і здзіўляўся: чаму гэта ён шкадуе зяця?.. 
Разгадка гэтай загадкі прыйшла пазней.

* * * 
– Каханы, як ты глядзіш на тое, каб мне пакінуць работу? А то быць сакратаркай ва ўласнага мужа... неяк няёмка... – Ларыса намалявала на тварыку сціпласць. – Лепш я буду сядзець дома: чысціню наводзіць і любаму мужу гатаваць розную смакату, мыць і прасаваць яго кашулі... Словам, падтрымліваць сямейны ачаг. Я змагу, не сумнявайся.
– А не засумуеш?
– Ніколі! Мне галоўнае – табе дага­дзіць...
– Тады добра. Майго заробку нам хопіць, а ты зможаш вярнуцца на работу, калі захочаш.
…Спачатку ўсё было выдатна. Кватэра ззяла чысцінёй, па ёй разносіліся галавакружныя пахі страў і выпечкі. Маладая жонка не скупілася на цеплыню і пяшчоту, муркатала бы тая котка.
Праз пэўны час Мікола намякнуў: маў­ляў, пара нам і пра нашчадкаў падумаць. Якая ж сям’я без дзетак? 
Ларыса нахмурылася:
– Паспеем з дзецьмі. Давай для сябе пажывём... 
А потым ён выпадкова ўбачыў у сумачцы жонкі таблеткі супраць зачацця... Разбірацца не стаў, бо спяшаўся ў каман­дзіроўку.

* * * 
Мікалай Пятровіч паставіў свой «Лексус» на звыклае месца ў двары і рушыў да пад’езда. З дзвярэй выскачыў франтаваты малады чалавек, абдаў пахам дарагой парфумы і ледзь не збіў з ног. Заскочыў у серабрыстае аўто і рвануў з месца. Мікола падняўся на свой паверх. У ліфце і на лесвічнай пляцоўцы адчуваўся той самы моцны водар. Дастаўшы з кішэні ключы, мужчына адамкнуў дзверы. Патыхнула скразняком з прыадчыненага – узімку! – акна і... так, той самай парфумай. Відаць, Ларыса выпусціла каханка і вырашыла праветрыць кватэру. Не паспела.
...Гэта была самая моцная сварка паміж мужам і жонкай за час іх сумеснага жыцця. Прэтэнзіі з абодвух бакоў ляталі нібы стрэлы на полі бітвы. Нарэшце прагучала сакра­ментальнае: «развод». Вы­ма­віў гэта Мікалай Пятро­віч, пры­вёўшы ўсе факты вядомых яму здрад Ларкі. А яна ў адказ абаз­вала яго старым сівым казлом... І дадала: «Ты яшчэ пашкадуеш! Я адсуджу ў цябе палову маёмасці і грошай».
Тады Мікола і пазваніў брату. Папрасіў прабачэння, сказаў, што той меў рацыю і папрасіў парады. Міхась параіў прадаць шыкоўную двухпакаёўку сучаснай планіроўкі і купіць дзве «аднушкі». Прычым, перш набыць кватэру для Ларысы, а потым ужо для сябе.
– А можа, аддаць ёй палову грошай ад продажу кватэры і няхай сама жыллё шукае?
– Не, абавязкова купі ты. Інакш яна, шахрайка, распусціць грошы і будзе «даіць» цябе да бясконцасці: маўляў, не ха­пае, дай яшчэ...
Знаёмы рыэлтар выгадна пра­даў яго жыллё, знайшоў аднапакаёвую кватэру з добрым рамонтам для Ларысы, а калі тая пераехала, падабраў Міколе цудоўную, прасторную студыю. Давялося, праўда, крыху дадаць грошай, але яна таго каштавала.

* * * 
Прайшло пяць гадоў пасля разводу. Мікалай Пятровіч халасцякаваў, але не адчуваў адзіноты. Па-ранейшаму шмат працаваў. Заключаў кантракты з заказ­чыкамі, унікаў у новыя будаўнічыя тэхналогіі. Любіў адпачыць са старымі сябрамі, стасункаў з якімі не страціў. 
Аднойчы вясной, гасцюючы на дачы ў прыяцеля, заўважыў у двары вялікага ката. Той быў худы, з ускудлачанай бруднай поўсцю. Але ў катафеі адчувалася парода! Сябар сказаў, што шэры з’явіўся ў дачным пасёлку позняй восенню. Як выжыў і дзе перазімаваў – невядома. А парода сапраўды знатная – мейн-кун. Якая свалата кінула жывёліну на волю лёсу – хто ведае. Морду гаду набіць мала.
Мікалай Пятровіч падазваў ката да сябе. Той нясмела наблізіўся, але пагладзіць сябе не даў. Мужчына паклаў перад бедаком кавалачак каўбасы, потым – мяса. Ад’язджаючы пад вечар дадому, паклікаў шэрага, адчыніў дзверцы машыны: «Заскоквай!» Кот коратка мяўкнуў і залез на пасажырскае месца.
Так у кватэры-студыі з’явіўся яшчэ адзін жыхар. Гаспадар даў яму мянушку Серж (серы ж!).

* * * 
Пагрузіўшыся ва ўспаміны, Мікалай Пятровіч перастаў заўважаць час. І калі адчуў, што адольвае сон, глянуў на гадзіннік: ого, дзве гадзіны ночы! Яшчэ праз тры ён будзе дома. Спярша зойдзе да суседкі Таццяны Сяргееўны, у якой на час паездкі пасяліўся Серж. Пап’юць разам кавы, можа, нават паснедаюць... Жыццё працягваецца.

Малюнак Святланы Фёдаравай.


Текст: