Чаму ў “Індрубцы” ўсё малако гатунку экстра

09:39 / 10.12.2022

IMG_8852.jpg

Малочна-таварная ферма «Індрубка» КСУП «Гудагай» у пэўным сэнсе ўнікальная: адсюль малако адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. Такой якасцю могуць пахваліцца далёка не ўсе раённыя комплексы, не кажучы пра фермы. Больш таго, калісьці менавіта МТФ «Індрубка» была малочным флагманам Астравеччыны. Першая ў раёне 20 гадоў назад надаіла ад каровы 4 тысячы кілаграмаў малака індрубская даярка Наталля Шатроўская (тады яшчэ Жаброўская) – жанчына і цяпер працуе на гэтай ферме аператарам машыннага даення. Працаўнікоў МТФ «Індрубка» неаднойчы падчас акцыі «Наш жывёлавод» адзначаў прафсаюз работнікаў АПК, а партрэт нязменна­га на працягу трох дзесяцігоддзяў загадчыка Святланы Паршутовіч заносілі на раённую Дошку гонару… Словам, нагод для знаёмства з калектывам фермы хоць адбаўляй. 

Пра малочныя сакрэты
Не трэба быць дасведчаным у агра­пра­мыс­­ловасці, каб разумець, што будучыня вытворчасці сельгас­прадукцыі, асабліва жывёлагадоўлі, – за сучаснымі комплексамі і аграхолдынгамі. Усе ўмовы для атрымання якаснага малака там створаны – ад абсталявання да камп’ютарных праграм кіравання працэсам дойкі і адсочвання асноўных этапаў і маніпуляцый з каровай. У гэту парадыгму ніяк не ўпісваецца МТФ «Індрубка» – адзіная на Астравеччыне ферма, дзе амаль 100% атрыманага малака мае гатунак экстра. 
З ходу пацікавілася ў Святланы Паршутовіч, у чым сакрэт.
– Давайце па парадку, –  прапанавала су­раз­моўца. – Сакрэтаў няма. Якасць малака залежыць ад многіх складнікаў: селекцыйных характарыстык малочных рагуль, кармавой базы, умоў утрымання жывёлы, яе своечасовага лячэння, стану малочнага абсталявання, тэхналогіі даення, у тым ліку і апрацоўкі вымені… Можна доўга пералічваць.  Але асноўнае – так званы чалавечы фактар. Неістотна ферма гэта ці комплекс, калі людзі разумеюць, што працуюць на агульны вынік, што ад сумленнага выканання абавязкаў кожнага залежыць праца ўсіх – тады будзе толк. У гэтым сэнсе мне пашанцавала: мы калектыў, каманда, нават больш – сям’я. Здараецца, што зрэдзьчасу некаторыя з мужчын «сваволяць» – але гэта ўсё рабочыя моманты.
Па словах загадчыка, шлях да якаснага малака распачаўся некалькі гадоў назад пасля аднаго з семінараў-вучобы, якія праводзіліся ў нашым раёне па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Тады спецыялісты ЗАТ «Консул» на базе МТК «Дайлідкі» КСУП «Гервяты» расказвалі пра тэхналогію атрымання малака гатунку экстра.
– Вырашылі тэорыю замацаваць на практыцы, у тым ліку і на нашай ферме. Галоўныя заатэхнік і ветэрынарны ўрач гаспадаркі Віктар Алёкса і Галіна Бабіч запрасілі ў «Індрубку» спецыялістаў, – працягвае Святлана Раманаўна. – Першае, што нам параілі, – палепшыць асвятленне ў кароўніках. Другое – замяніць вакуумны рэгулятар у малочным абсталяванні, таму што «скакаў» ціск. Падабралі сродкі для першаснай апрацоўкі вымені і пасля дойкі – і справа пайшла! У гэтым вялікая заслуга маіх дзяўчат. Калі малако «пераскочыла» з вышэйшага гатунку на экстра, зарплаты ў аператараў машыннага даення выраслі ўдвая. Таму даяркі стараюцца выконваць тэхналогію і своечасова выяўляць кароў з мастытам. Малайцы і іншыя работнікі. 
Маё першае ўражанне пра лагоднасць і спагад­­лівасць загадчык аспрэчыла, тлумачачы: «хоць людзям трэба давяраць, але кантроль павінен быць».
– Сесці на шыю і ножкі звесіць – гэта не пра мяне. Пастаўленую задачу сама выканаю і з падначаленых не злезу, – Святлана Раманаўна ўсміхаецца. 
Яшчэ, мяркуючы з вопыту гаспадыні індрубскай фермы, адна з галоўных умоў атрымання якаснага малака – допуск да агульнай дойкі выключна здаровых кароў. Гэта залатое правіла – закон для даярак мясцовай фермы. 
– На працягу 10 дзён пасля ацёлу кароў у «агульны кацёл» не доім. Больш таго, кожную такую рагулю правяраем на мастыт: у планшэтку здойваем па струменьчыку малака з кожнага саска. Хворых адразу аддзяляем, – патлумачыла загадчык фермы. – На першы погляд усё проста, як кажуць, спрытнасць рук – і ніякага ашуканст­ва. Але кожны кілаграм малака гатунку экстра – гэта старанная работа ўсяго калектыву. 

Пра ферму 
МТФ «Індрубка» – тыповая невялікая ферма, якая няшмат чым адрозніваецца ад астатніх. Цяпер тут утрымліваецца крыху больш за 190 дойных кароў, 9 нецеляў, каля 100 цялушак дарошчвання і 40 цялятак.
Кароў дояць 6 даярак, з якіх 4 – падменныя. Тры падвозчыкі, з якіх 2 летам кругласутачна пасвяць кароў, прыганяючы іх на ферму толькі на дойку, развозяць і ўручную раздаюць кармы. Для рагуль у «Індрубцы», як і на астатніх невялікіх «гудагайскіх» фермах, зімой прадугледжаны двухгадзінны праменад – яго перавагі складана пераацаніць: гэта аздараўленне канечнасцей, паляпшэнне імунітэту жывёлы і многае іншае. Некалькі гадоў назад зрабілі зацэментаваныя агароджаныя пляцоўкі для выгулу.
Падрыхтоўка да зімоўкі тут у параў­нанні з міну­лагоднімі сезона­мі нічым асаблівым не вызна­­ча­лася: жы­вёла­гадоўчыя памяш­канні «пад­­ма­ра­­­фецілі» і прадэ­зын­фі­цыравалі. Дзе патрэб­на было, адрамантавалі вокны і дзверы.
Кармы на ферме хоць і «прывазныя», але свае. У КСУП «Гудагай» ля МТФ «Дравянікі» цэнтра­лі­завана робяць кормасумесь з усімі патрэбнымі складнікамі, а потым развозяць па фермах.
На пачатак снежня надой ад каровы склаў 5 865 кілаграмаў малака, што на 143 больш да аналагічнага перыяду 2021-га. 

Пра загадчыка
Пасля заканчэння Гудагайскай васьмігодкі Святлана Паршутовіч (на галоўным фота ўверсе) паступіла на заатэхнічнае аддзяленне Ільян­скага сельскагаспадарчага тэхнікума – тагачаснай «кузні» калгасных кадраў.
– Вытворчую практыку на апошніх курсах праходзіла ў родным калгасе «Шлях Леніна». Памятаю, тагачасны старшыня Мечыслаў Аляк­сандравіч Ва­луевіч зазначыў: «Дык цябе ўжо можна ставіць загадчыцай. Усё ведаеш і ўме­еш». Нібыта ў ваду глядзеў. Пасля тэхнікума ў 1991 годзе мяне прызначылі начальнікам МТФ «Інд­­руб­ка» – працую тут да гэтага часу.
…Бабуля дзяўчыны жыла ў Індруб­цы, таму Святлана без ваганняў пераехала да яе.
– Пакуль жылі ўдваіх, карову трымалі. Перавязвалі па чарзе: завядзёнкі пасвіць гуртом, як у іншых вёсках, не было, – жанчына задумваецца. – Тады ў Індрубцы каля 30-ці рагуль было, цяпер – ніводнай. Раней трымалі гаспадарку, бо дзяцей трэба было гадаваць, карміць і вучыць – зараблялі капейчыну. Цяпер у нас добрыя зарплаты, усё можна купіць. Праўда, з мужам трымаем кабанчыка: сваё сала ні ў якое параўнанне не ідзе з магазінным. 
Дарэчы, менавіта дзякуючы ферме Святлана і напаткала свой лёс. Алег сюды часта наведваўся дапамагаць бацьку, які працаваў даглядчыкам, і словам-другім перакідваўся з маладой прыгажуняй-загадчыцай. 
…Паршутовічы выгадавалі траіх дзяцей; абуладкавалі дом у Гудагаі, які ім у 2015 годзе выдзеліла праўленне калгаса. І цягам трыццаці гадоў не здраджваюць клятве «жыць у горы і радасці».
– І муж, і сястра Людміла Цяшкевіч, і брат з жонкай Уладзімір і Марына Ярашэвічы – мы ўсе на ферме, – расказвае жанчына. – Дзеці выраслі талковымі, сумленнымі. Калі ў жыцці надараецца чорная паласа ці на рабоце праблемы, часам кажуць мне: «Мама, навошта табе гэтая ферма?». А куды я без яе? Тут маё жыццё, мае людзі… Па вялікім рахунку, «Індрубка» для мяне як чацвёртае дзіця. 

Даяркі 
Наталля Шатроўская

IMG_8861.jpg

Першая ў раёне даяр­ка-чатырох­тысяч­ніца, прывабная жанчына і добрая працаўніца – гэта ўсё пра маю сураз­моўцу. 
– Жылі па-суседстве са Святланай (загадчы­кам фермы. – Заўв. аўт.). Яна мяне адразу пасля школы і «сасватала» на ферму. Ка­зала: «Падзаробіш грошай, заадно канчаткова вызначышся з прафесіяй», – з усмешкай узгадвае пачатак сваёй пра­цоўнай дарогі жанчына. – Месца жыхарст­ва змяніла – жывём у калгасным дамку ў Лошы – а прафесіі і роднай ферме не здрадзіла.

Людміла Цяшкевіч

IMG_8870.jpg

– З 17-ці гадоў, як прыйшла даіць кароў, так і працую. Нічога асаблівага пра сябе не раскажу. Рана выскачыла замуж, але па вялікім каханні: «прыгожы марак звёў на станцыі». Каля 10 гадоў жылі з мужам на яго радзіме, на Ашмяншчыне, а потым пераехалі на Астравеччыну – цяжка было з работай. Марыла пра траіх дзетак, а стала мамай пяцярых. Малодшаму ўжо 20 споўнілася…
Раней прасцей было працаваць, але цяпер ведаем, за што. Зарплаты ў нас такія, што далёка не кожны ў Астраўцы мае!

Марына Янцэвіч

IMG_8856.jpg

Хоць на МТФ «Інд­рубка» жанчына толькі чацвёры год, але яна з кагорты вопытных: даіла кароў на МТК «Германішкі», МТФ «Палушы». 
– Сюды выйшла замуж. Дзеткі пайшлі. Хоць па аду­кацыі я бухгалтар, без роз­думаў пайшла на ферму – зарплата была значна большая. Нездарма кажуць, што чалавек там, дзе яму лепш, – трапна зазначыла гераіня.
Даярка ўпэўнена, што ў яе рабоце асноўнае – акуратнасць. Гэта тычыцца і дойкі, і догляду за цялятамі. Цяпер жанчына клапоціцца пра 11 малышоў. 

Марына Ярашэвіч

IMG_8840.jpg

Маладую жанчыну, ура­джэн­ку Барысаўскага раёна, на Аст­равеччыну прывяло кахан­не. З Ула­дзімірам яны доўга пера­піс­валіся ў інтэрнэце, тры разы ўба­чыліся – і зразумелі, што не могуць адзін без аднаго.
– Па адукацыі я швачка. Да закрыцця фабрыкі ў нашым абласным цэнтры працавала па прафесіі, – расказвае жанчына. – А потым лёс звёў з Уладзімірам. Без роздумаў паехала за мужам на яго радзіму. Разам 8 гадоў, гадуем дваіх дзетак. Работы не баюся. Вяс­ковая, карову даводзілася даіць, таму пасля двух дэкрэтных адпачынкаў без боязі выйшла на ферму. Дарэчы, тут у мяне ёсць любіміца. Памятаю, прывезлі да нас цялушку пухнатую. Назвала яе Мішуткай. 
Текст:
Фото: Алена Ганулич