Пачатак снежня: калі – з маразамі, а калі – з грымотамі

14:30 / 30.11.2022


Зіма да нас прый­шла, ці, як некалі казалі, лягла ў сярэдзіне лістапада. Дзеці ўжо апробавалі горкі і санкі, модніцы «выгулялі» новыя паліто і футры, каровы, у каго яны яшчэ засталіся, жуюць жуйку ў цёплых хлявах… Але, па прыкметах Станіслава Памецкькі, гэта яшчэ не сапраўдная зіма: краты рыюць зямлю. Час пакажа, ці так гэта.
Якім быў пачатак снежня ў іншыя гады, можна даведацца, пагартаўшы дзённікі Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
У 1989 годзе каляндарная зіма пачыналася з нулявых тэмператур і не­вялікага снегу. Але ўжо 5 снежня слупок тэрмомет­ра апусціўся да -7°С. Такім жа няпэўным і пераменлівым было надвор’е ў гэты перыяд у 1991, 1992 гадах.
У 1990 годзе, наадварот, напачатку снежня было -5°С, а затым тэмпература паднялася да плюсавых адзнак. Гэтаксама – у 1993 годзе.
А ў 1995-м зіма прыйшла амаль што па раскладзе: з +3°С 1 снежня тэмпература да канца тыдня апусцілася да -20°С. 
Сапраўдная зіма, са снегам да -10°С, а ў асобныя дні нават да -16°С стаяла напачатку снежня ў 1995, 2001, 2002, 2005, 2012 гадах. Яшчэ халадней, да -22°С, было ў 1998-м. Марозна было ў гэты час і ў 1997 годзе.
У 1996-м пачатак зімы быў, як кажуць людзі, «гнілым»: тэмпература каля нуля, за акном – то дождж, то снег… Гэтак жа пачыналася зіма ў 2003, 2004, 2011, 2012, 2013, 2016, 2017, 2020, 2021 гадах.
А вечарам 4 снежня 2011 года Ста­ніслаў Памецька чуў грымоты і бачыў бліскавіцу! 
У 2006 годзе напачатку снежня было да +10°С. «Карову яшчэ паціху пасу», – пісаў Стэфан Рамэйка. Цёплым быў пачатак снежня і ў 2015 годзе.
Народныя прыкметы
Па снежні, лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета: будзе снежань сухі – і яны будуць без ападкаў, а выдасца цёплы, дык і лета чакай такое ж. «У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха», – казалі ў народзе. 
Па першых днях снежня варажылі і аб урадлівасці наступнага лета: «У снежні мароз і снег вышэй хаты – год будзе багаты». 
Прыкмячалі: калі 1 снежня пагодна – вясна будзе ранняй; які дзень 2 снежня – такое надвор’е чакаецца ў сенакос; якое 3 снежня – такім будзе і жніво. 

Паводле запісаў 
Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі 
падрыхтавала Ніна РЫБІК.


Фото: Нина Рыбик