Рэпарцёр высвятляў: чаму б хацелі навучыцца жыхаркі Астравеччыны

13:00 / 26.11.2022
672
Доўгімі зімовымі вечарамі нашы бабулі і прабабулі збіраліся на вячоркі і займаліся рукадзеллем: пралі, вязалі, шылі. У жыхарак Астравецкага раёна наш карэспандэнт пацікавіўся, а якому жаночаму занятку яны б хацелі навучыцца?

Аліна Ластоўская, кантралёр-касір:
– Усе жанчыны з нашай сям’і ўмеюць вязаць, акрамя мяне. (Усміхаецца.) Памятаю, у маленстве бабуля вучыла трымаць пруткі, але з гэтага нічога не вый­шла. Калі гаварыць пра сучасныя заняткі, то хацела б на прафесійным узроўні авалодаць маляваннем, у прыватнасці – мультыплікацыяй. Многія знаёмыя кажуць, што ў мяне атрымліваецца змалёўваць казачных герояў, напрыклад Мікі Маўса. 


Вікторыя Раманавец, галоўны бухгалтар:
– Заўсёды захаплялася людзьмі, якія робяць нешта сваімі рукамі. Хацела б навучыцца вязаць пруткамі і кручком. Гэта ажыццявіма, але, відаць, пакуль час не настаў ды і жадання малавата. (Усміхаецца.) Мару асвоіць швейную машынку – і рабіць прыгожыя лёгкія сукенкі на лета з натуральных тканін. Дарэчы, у бабуліным куфары неяк знайшла вялікі скрутак льнянога палатна, з якога мне пашылі пасцельную бялізну. 


Ірына Кандратовіч, пенсіянерка:
– Даўней жанчыны займаліся рукадзеллем, бо нічога нельга было набыць. Збіраліся разам, каб не толькі прасці, ткаць, але і бавіць час, перадаваць традыцыі. Цяпер былі б грошы – у магазіне можна купіць усё, што заўгодна. Зімовымі вечарамі звычайна гляджу тэлевізар і вяжу шкарпэткі, праўда, зрок апошнім часам падводзіць.


Вікторыя Кашкевіч, студэнтка:
– Каб абстрагавацца ад вучобы (узмоцнена займаюся італьянскай філалогіяй), пераключаюся на іншыя заняткі. У школе захапілася вязаннем кручком – гэтаму мяне навучыла мама. Праўда, акрамя ажурных сурвэтак больш нічога не рабіла. З задавальненнем і надалей асвойвала б розныя тэхнікі вязання, у тым ліку і пруткамі. Таксама хацела б навучыцца «чытаць» схемы ўзораў. 


Ганна Ігарава, страхавы агент (без фота):
– Нездарма кажуць: вочы баяцца, а рукі робяць. Усё можна асвоіць, галоўнае – жаданне, улічваючы колькі пакрокавых падказак і ўрокаў цяпер ёсць у інтэрнэце. Некалькі гадоў назад навучылася плесці з лазы. Цяпер пачала рабіць цыноўкі з рагозу, які ў нашых ваколіцах называюць «камышамі». Злавіла сябе на думцы, што нашы продкі былі вельмі мудрымі людзьмі, якія мелі тонкую сувязь з прыродай і навакольным асяроддзем. Навокал столькі прыроднага матэрыялу, прычым бясплатнага, – і каменне, і лаза, і розныя зёлкі-травы… Толькі не лянуйся.
Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений