Астраўчанкі пабывалі на Форуме сельскіх жанчын

11:00 / 21.11.2022

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў сталіцы ўпершыню прайшоў Форум сельскіх жанчын. У гэтым мерапрыемстве паўдзельнічала больш за тысячу працаўніц розных прафесій АПК з усіх куточкаў краіны, у тым ліку і нашы зямлячкі.

Сустрэча працаўніц вёскі стала магчымай дзякуючы Беларускаму саюзу жанчын, міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання і прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Астравецкі раён у складзе афіцыйнай дэлегацыі Гродзенскай вобласці на форуме прадстаўлялі работніцы малочна-таварнага комплексу “Германішкі” КСУП “Гудагай”: памочнік начальніка Яніна Рзун і аператары машыннага даення Ірына Свіла і Анастасія Кандратовіч.


У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета жанчын прывіталі старшыня Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Двухдзённы форум быў насычаны на падзеі: працаўніцы вёскі наведалі храм-помнік Усіх святых, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Вялікі тэатр Беларусі.


З першых вуснаў

Анастасія Кандратовіч, удзельніца форума:

– Прыемна, што на такое знакавае мерапрыемства выбралі менавіта нас. З-за работы і хатніх клопатаў не часта атрымліваецца кудысьці вырвацца. Ад форума засталіся самыя прыемныя ўражанні – цудоўны падарунак да прафесійнага свята!

Фота з архіва гераінь.

Текст: